ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Для чаго мы асвячаем віно падчас свята св. Яна?

Задай пытанне

Ксёндз Юрый МарціновічАдказ на гэтае пытанне трэба пачаць з таго, што віно з’яўляецца вельмі важным у гісторыі хрысціянства. Пра гэтую важнасць сведчыць хоць бы гісторыя вяселля ў Кане Галілейскай. Менавіта там Езус здзяйсняе першы цуд – перамяняе ваду ў віно. Дзякуючы гэтаму вясельныя госці маглі яшчэ даўжэй і гучней павесяліцца.
    Ужо ў Старым Запавеце мы чытаем, што Бог даверыў клопат аб вінаградніку чалавеку, бо плён вінаградных кустоў радуе сэрца, дазваляе таксама забыць пра працу і стомленасць. Біблія ўспамінае пра віно аж 450 раз. Кожны год у літургічны ўспамін св. Яна-Апостала, які прыпадае на 27 снежня, у нашых касцёлах практыкуецца звычай благаславення віна. У гэты дзень кожны вернік, які прынясе ў касцёл віно, можа яго асвяціць. Паблагаслаўлены напітак павінен захаваць людзей ад смагі, зберагчы здароўе і засцерагаць ад атручэнняў. Асвячанае віно з’яўляецца таксама сімвалам любові, а яго ўжыванне пазбаўляе нас ад атруты зла і нянавісці, а таксама дапамагае ў пашырэнні ўзаемазразумення і зычлівасці.
Традыцыя асвячэння віна ўзяла свой пачатак ад св. Яна-Апостала і евангеліста. Існуе некалькі легенд, якія расказваюць пра гэты звычай. Адна з іх паходзіць з VI ст. і даносіць да нас, што св. Ян, пілігрымуючы па азіяцкім кантыненце, сустрэў на сваім шляху святара Арыстадэма са святыні Дыяны ў Эфэзе. Гэты святар павінен быў падвергнуць Яна выпрабаванню атручаным віном – калі той выжыве пасля ўжывання яду, то Арыстадэм прыме хрысціянства. Таму ж самаму выпрабаванню былі падвергнуты таксама двое асуджаных, якія – як няцяжка дадумацца – пасля таго, як яны выпілі атручанае віно, то памерлі.
    Святы Ян, перш чым паднёс келіх з віном да вуснаў, паблагаславіў яго і такім спосабам пазбавіў віно ад атруты. Аднак гэтага было недастаткова святару Дыяны, таму ён дамагаўся іншага цуду. У сувязі з гэтым св. Ян вярнуў жыццё двум атручаным асуджаным. Пасля такой сілы аргументаў, Арыстадэму не засталося нічога, як толькі навярнуцца.
    Звычай асвячэння віна з’явіўся ў Касцёле ўжо ў XIII ст. У некаторых парафіях пасля закончанай літургіі святары даюць вернікам пакаштаваць віно ў сімвалічнай колькасці. Напрыклад, такая традыцыя распаўсюджваецца айцамі-паўлінамі на Яснай Гары ў Чанстахове, дзе 27 снежня збіраюцца шматлікія жыхары ваколіцы, як і прыбылыя пілігрымы.
    Аднак мы павінны памятаць, што гэтае віно асвячаецца не для таго, каб ім напівацца, а затым нарабіць шуму, прытым растлумачваючы, што Касцёл дазваляе на гэта, а яшчэ больш – падтрымлівае. Ва ўсім гэтым абрадзе ідзе размова пра тое, каб гэтае віно, якое мы асвяцім, а пазней будзем піць, было знакам Божага благаславення, якое мы прымаем усім сэрцам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.