ГРОДНА
Субота,
02 лістапада
2024 года
 

Касцёл Перамянення Пана ў Селіванаўцах

Парафіі і святыні

Філіяльны касцёл у Селіванаўцах існаваў ужо ў 1775 г. Цэнтр парафіі знаходзіўся ў Гожы. У 1795 г. была вылучана Селіванаўская парафія. Праз некалькі год драўляны касцёл у Селіванаўцах згарэў. Новая мураваная святыня была ўзведзена ў 1840 г., калі пробашчам парафіі быў кс. Адальбэрт Сабалеўскі. У правым алтары знаходзіцца эпітафія Ядвігі Тукала з Сабалеўскіх (1871 – 1908), фундатаркі касцёла, а таксама бюст памерлай з белага мармуру. Будаўніцтва святыні было закончана ў 1867 г.
    Касцёл Перамянення Пана мае класічную архітэктуру, мураваны, з бутавага каменя, дэкараваны атынкованай цэглай, прамавугольны, з арачнымі аконнымі праёмамі ў бакавых сценах. Два вертыкальныя акенцы ў мансардзе, пад імі нішы без скульптур, якія аздабляюць парадны фасад, аналагічна як два львы - пры ўваходзе. Двухсхільны дах над вальмавым прэзбітэрыем. Васьмігранная вежа-званіца, драўляная, з шатровым дахам. На дзядзінцы, па левым баку параднай сцяны знаходзіцца драўляная малюткая каплічка са статуяй святога. У глыбіні па правым баку на рагу мура – грот Беззаганнай. За апсідай - дэкаратыўная жалезная агароджа - праца каваля. У 1991 г. дзядзінец быў адноўлены, а месцамі забетанаваны.
Пасярэдзіне касцёла плоская столь абапіраецца на 4 слупы, якія дзеляць малітоўную залу на тры нефы. У касцёле ў Селіванаўцах ёсць тры алтары: галоўны і два бакавыя. Драўляныя алтары ўпрыгожаны разьбою. У галоўным алтары размешчаны намаляваны ў 2010 г. абраз Перамянення Пана. Выканаў яго сп. Валерый Этэль з Гродна. У другім ярусе знаходзіцца абраз Чанстахоўскай Божай Маці. У правым бакавым алтары ёсць абраз св. Войцеха. Вышэй знаходзіцца абраз Святой Тройцы. У левым алтары ёсць абраз Божай Маці Апекі, вышэй – абраз св. Марыі Магдалены пад крыжам. У бакавых алтарах размешчаны фігуры з гіпсу: у правым алтары - св. Антонія Падуанскага, у левым – св. Францішка Асізскага. Тут жа ля бакавых алтароў стаяць статуі ў натуральную велічыню - гэта справа фігура Найсвяцейшага Сэрца Езуса, злева - фігура Беззаганнага Сэрца Божай Маці.
У касцёле ёсць арганы, зробленыя ксяндзом Сымонам Варкала паміж 1909 і 1915 гг. Ёсць таксама прыгожыя стацыі Крыжовага шляху, барэльефы, гіпсавыя маляваныя адліўкі. Яны былі куплены ксяндзом Рохам Мадзялеўскім у пачатку XX ст. Устанавіў Крыжовы шлях сп. Ян Курчэўскі з вёскі Монькаўцы.
У касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах ёсць хрысцільня і знак з медзі, які ўвекавечыў юбілей 1900 г. На прыкасцёльнай тэрыторыі ў 1936 г. членамі касцёльнага хору пад кіраўніцтвам сп. Ханько быў пабудаваны грот з каменняў. Ксёндз Срэдніцкі прывёз да яго фігуру Божай Маці з Лурду.
У 1901 г. у касцёле ў Селіванаўцах цэлебраваў прыміцыйную св. Імшу кс. Рамуальд Ялбжыкоўскі, які пазней стаў віленскім арцыбіскупам.
У савецкія часы святыня не была закрыта, але на працягу доўгага часу не было тут ксяндза. Вернікі абаранялі яе перад закрыццём, ажыццяўлялі набажэнствы, кладучы арнат на алтары. У парафію даязджалі ксяндзы з Адамавічаў. У 90-ыя гады ў парафіі працаваў кс. Юзаф Маеўскі з Ломжы, які ўзвёў каменную вежу над касцёлам і памясціў у ёй тры званы. Могілкі знаходзяцца недалёка ад касцёла, на невялікім узгорку, прыкрытыя дрэвамі і крыжамі, у меру ўпарадкаваныя і агароджаныя акуратным каменным мурам. Ёсць жалезная брама, простай кавальскай работы, хіба, перанесеная, так як і мур падчас пашырэння могілак. Адзіная алея дзеліць могілкі на дзве часткі. Магіла нямецкіх салдат з Першай сусветнай вайны, зробленая з каменняў, знаходзіцца ў правым боку ад уваходу. Недалёка ёсць агульная магіла салдат 101 палка ўланаў Польскага войска, загінуўшых 22.IX. 1939 г. у баі пад Кадзеўцамі.
Уздоўж алеі размешчаны магілы ксяндзоў. Тут, пад высокімі помнікамі з граніту, знайшлі вечны спачын пробашчы парафіі, ксяндзы: Сымон Грынкевіч (1868 – 1898), Казімір Срэдніцкі (1890 – 1933) і Уладзіслаў Крэсоўскі (1907 – 1962).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  60

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.