ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Пілігрымка радасці

З жыцця Касцёла

ФотарэпартажНяхай Святы Дух, пасля вашага вяртання дамоў, напаўняе вас спачувальнай бязмежнай любоўю, няхай вас адорыць уяўленнем і адвагай адкрыцця, як ператварыць вашыя супольнасці ў месцы, поўныя дабрыні сэрца і даверу. Супакой, які я вам удзяліў, будзе ўздзейнічаць на іншых людзей і на свет.
28 снежня – 1 студзеня ў Ратэрдаме адбылася сустрэча моладзі, арганізаваная супольнасцю братоў з Taize. У сёлетнім спатканні хапала маладых людзей таксама і з Беларусі. Аўтобусы з моладдзю з Гродна, Мінска, Брэста, Баранавічаў і Віцебска вырушылі ў Ратэрдам, каб там сустрэцца з моладдзю ўсяго свету. На гэтую сустрэчу прыехалі таксама маладыя людзі праваслаўнага веравызнання з Мінска. Нягледзячы на тое, што сустрэча была арганізавана для маладых еўрапейцаў, прысутнічалі тут таксама маладыя асобы з іншых частак свету. Вельмі часта гаварылася пра лічбу каля 35 000 чалавек, сярод якіх 92 - з Гродна. Ніхто не сумняваўся, што гэтая сустрэча неабходная і вельмі важная. Яна была патрэбна для хрысціян, якія жылі ў Галандыі, але і таксама для кожнага з нас. Такія сустрэчы ствараюць і фарміруюць людскія сэрцы. Галандыя, уся тэрыторыя якой ляжыць ніжэй узроўню мора, займае першае месца па ўжыванні кавы, край, дзе людзі наракаюць толькі на надвор’е, дзе тыя, якія кураць, самі сабе скручваюць папяросы – у гэтыя дні адчула моц малітвы.
Што хаваецца за словамі – супольнасць Taize? Трэба вярнуцца ў 1940 год, калі 25-гадовы тады брат Рожэ вырашае пасяліцца ў Францыі – роднай краіне сваёй маці. У маладосці ён хварэў на туберкулёз, які на доўгі час выключыў яго з актыўнага жыцця. Тады выспела ў ім унутранае рашэнне стварыць супольнасць, якая ў цэнтры свайго жыцця змясціла б дзве асноўныя евангелічныя рэчаіснасці: прастату і дабрыню сэрца. Ён пасяліўся ў невялічкай вёсцы Taize, дзе падчас Другой сусветнай вайны прымаў бежанцаў, якія ўцякалі з-за вайны, сярод якіх было шмат яўрэяў. На працягу некаторага часу ён астаўляе гэтае месца і жыве ў Жэневе, дзе з першымі братамі пачынае жыццё ў супольнасці. У 1944 г. яны вяртаюцца ў малую французскую вёсачку. На працягу наступных год да супольнасці далучыліся чарговыя маладыя мужчыны. На Вялікдзень 1949 г. сем з іх разам узялі на сябе абавязак назаўжды захоўваць цэлібат, жыць у супольнасці і ва ўсё большай прастаце. Да сённяшняга дня браты гэтай супольнасці разам з моладдзю з розных куткоў свету моляцца ў інтэнцыях усяго свету і кожнага з нас. Сустрэча ў Ратэрдаме была ўжо 33-ім еўрапейскім з’ездам маладых. Пасля прыезду ў Ратэрдам усе атрымалі “Ліст з Чылі”, напісаны братам Алаізіем, прыёрам Taize. У ім брат Алаізій заахвочваў маладых людзей задумацца аб радасці і салідарнасці з тымі, якія пакутуюць і аб “радасці, якая абараняе перад расчараваннем”. Я чуў выказванне адной з удзельніц, якая сказала: “Дух малітвы гэтых сустрэч нельга апісаць словамі. Пануе клімат неба – спакой і радасць”. Я не буду спрабаваць апісваць дух малітвы гэтай супольнасці, але коратка апішу наш паломніцкі шлях радасці ў Ратэрдам. Каб адчуць духоўны дар агульнай малітвы ў духу гэтай супольнасці, то я запрашаю кожнага з вас наведаць невялічкую французскую вёсачку Taize ці прыняць удзел у еўрапейскіх сустрэчах моладзі. Сваё паломніцтва мы пачалі агульнай св. Імшой, якую цэлебраваў кс. Антоній Грэмза, арганізатар паломніцтва. Дарога ў Ратэрдам прабягала праз Польшчу і Германію. На наступны дзень з раніцы мы даехалі ў Ратэрдам, да месца, дзе чакалі нас арганізатары. Трэба прызнацца, што арганізацыя гэтай сустрэчы была на высокім узроўні.
28 снежня ўсю нашу групу падзялілі на меншыя групкі і вызначылі для нас парафіі горада, якія апекаваліся намі. Найбольш было пратэстанцкіх парафій. Пратэстантызм – адна з галоўных галін хрысціянства, побач з каталіцызмам і праваслаўем. У Галандыі жыве найбольшая колькасць менавіта пратэстантаў і мусульманаў. Калі б мяне хто-небудзь папрасіў ахарактарызаваць пратэстантаў, якія жывуць у Галандыі, то я сказаў бы, што яны – адкрытыя і радасныя. Менавіта гэта мы адчувалі ў месцы нашага побыту. У гэты ж самы дзень мы наведалі галоўнае месца сустрэч – зала цэнтра Ahoy. Кожны дзень мы сустракаліся там падчас агульнай малітвы і медытацыі. Спевы, кароткія біблійныя чытанні на розных мовах і хвіліна на асабістую малітву – усё гэта было ў сучасным вялікім горадзе, якім ёсць Ратэрдам. Кожны дзень заканчваўся адарацыяй крыжа. Падчас хвілін цішыні і малітвы кожны ўдзельнік мог падысці да крыжа і ўшанаваць яго пацалункам. Я бачыў вочы маладых людзей, якія былі “затоплены” у крыжы. Падчас гэтых дзён мы сустрэліся таксама ў малых групках у сваіх парафіях. Групы былі інтэрнацыянальныя. Мы размаўлялі і дыскутавалі на тэмы, звязаныя з верай і чалавечым жыццём у розных частках свету. Кожны ўдзельнік мог расказаць пра свае радасці, пра сустрэчу з Богам, пра прабачэнні. Важна паслухаць іншых. Між іншым я пачуў гісторыю, якую расказаў мясцовы пастар. У Галандыі ёсць нацыянальная партыя (т. зв. нацыяналісты), якая супраціўлялася таму, каб там жылі людзі з іншых краін. Аднойчы члены гэтай партыі вырашылі пасварыць паміж сабой пратэстантаў і прыхільнікаў ісламу. Яны арганізавалі тэрарыстычны акт для людзей, якія маліліся ў пратэстанцкай святыні і такім спосабам, нібы гэта зрабілі мусульмане. Усе здзівіліся, што падчас гэтага замаху ніхто не загінуў. Пратэстанты зразумелі, што праўдападобна гэта магла быць правакацыя. Яны сустрэліся з мусульманамі дзеля таго, каб вырашыць, што трэба рабіць, каб жыць у спакоі і згодзе, каб дзеці хадзілі па вуліцы бяспечна і жылі ў міры. Спачатку падчас агульнай малітвы і роздуму яны сустрэліся ў малых групках, а пазней – у большай групе. Па сённяшні дзень няма там ніякай вайны, усе жывуць разам, наведваюць адзін аднаго ў вялікія святы. Мусульмане ідуць у пратэстанцкія школы, а пратэстанты паважаюць іх звычаі. Як пазней тлумачыў сам пастар, яны зацікаўлены не ў навяртанні, а ў пашане да чалавека, які таксама верыць у Бога.
Менавіта малітва ў духу Taize дазваляе ўсім маліцца ў сваіх інтэнцыях. Трэба няспынна быць з Богам, які нас любіць і аб’ядноўвае, прабачае і суцяшае, штодзённа дадае бадзёрасці і радасці. Адна дзяўчына ў нашай групе расказала нам пра свае перажыванні, звязаныя са смерцю дзядулі. Яна адчула пачуццё смутку з-за яго страты, але адначасова ведала, што дзед знаходзіцца з Богам.
Напэўна сустрэча моладзі ўзбагаціла кожнага з нас. Няважна было, колькі начэй не даспалі ці колькі нязручнасцяў зазналі. Найважнейшым было адчуванне моцы малітвы і магчымасць падзяліцца радасцю з іншымі. Мы атрымалі тое, чаго найбольш хацелі – малітвы і радасці. У гэтыя дні людзі розных веравызнанняў, якія гавораць на розных мовах, рознага колеру скуры як адна сям’я разам адчувалі прысутнасць Бога. Да ўдзельнікаў сустрэчы ў Ратэрдаме звярнуўся таксама папа Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец напісаў да моладзі: “На працягу гэтых дзён вы адкрыеце, што гэтая радасць не аддаляе вас ад салідарнасці з чалавечымі цярпеннямі, але глыбока звязана з даверам да Бога. Жывучы гэтым даверам, прымаючы яго, вы дазваляеце, каб адбывалася прынесенае Хрыстом радыкальнае аднаўленне людской істоты. Такім спосабам вамі будзе кіраваць адвага, каб ісці супраць цячэння, калі гэта становіцца неабходным. Не паддаючыся ілюзіі індывідуалізму, вы будзеце ўсё больш станавіцца людзьмі камуніі, аддаючы сябе ў якасці дару іншым. Няхай Святы Дух, пасля вашага вяртання дамоў, напаўняе вас спачувальнай бязмежнай любоўю, няхай вас адорыць уяўленнем і адвагай адкрыцця, як ператварыць вашыя супольнасці ў месцы, поўныя дабрыні сэрца і даверу. Супакой, які я вам удзяліў, будзе ўздзейнічаць на іншых людзей і на свет”.
Жаданнем многіх з нас з’яўляецца тое, каб таксама ў Беларусі было як найбольш месц, поўных дабрыні і даверу. Менавіта за гэта мы маліліся падчас св. Імшы, якая была цэлебравана на заканчэнне нашага паломніцтва ў Гродне ў Пабрыгіцкім касцёле. Мы, перапоўненыя ўражаннямі і ўзбагачаныя гэтай сустрэчай, вярнуліся ў свае дамы. Наступная сустрэча моладзі ў духу Taize адбудзецца ў Берліне. Можа праз год і Вы там будзеце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.