ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

На службе Богу і людзям

Семінарыйная газета

Езус Хрыстус з вялікай любові да Касцёла, Сваёй Узлюбленай, абуджае ў сэрцах маладых людзей прызванне да святарства, каб у будучым як душпастыры яны вялі ўсіх людзей да Яго. Прымаючы з удзячнасцю гэты дар ад Збавіцеля, Маці Касцёла прытуляе новых кандыдатаў пад сваю асаблівую апеку. Цераз адукацыю і выхаванне ў семінарыі Яна стараецца яшчэ больш распаліць у сэрцах клерыкаў жаданне служыць Хрысту і чалавеку. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае развіццё духоўнага жыцця алюмнаў і атрыманыя імі веды па філасофіі і тэалогіі. У нашай Гродзенскай семінарыі перад дыяканскімі пасвячэннямі ажыццяўляецца таксама гадавая літургічна-душпастырская практыка ў парафіі.
    Я - Бяленік Віталій. Скончыў пяты курс навучання ў ВДС і цяпер знаходжуся на практыцы ў парафіі св. Міхала-Арханёла ў Ашмянах. У сваім артыкуле я хачу падзяліцца роздумам пра тое, як я праводжу гэты час, дадзены мне Богам, тую душпастырскую практыку, якая з’яўляецца выплыццём на глыбокую ваду ў розных жыццёвых сітуацыях. У іх можна прымяніць усе веды і ўменні, здабытыя адукацыяй і выхаваннем ў семінарыі. Гэты час з’яўляецца для мяне таксама нагодай, каб больш укараніцца ў Хрысце і з яшчэ большай любоўю і радасцю адказаць Яму ў дзень святарскіх пасвячэнняў: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8).
Адзін з маіх абавязкаў у парафіі – гэта катэхізацыя дзяцей з дома-інтэрната. Я падрыхтоўваю іх да Першай споведзі і св. Камуніі. Некаторых з іх аставілі бацькі, пазбаўляючы тым самым першай і асноўнай школы рэлігіі – любові маці і станоўчага прыкладу бацькі. Беручы пад увагу жыццёвую сітуацыю гэтых дзяцей, катэхеза стала для мяне выклікам. Кожны раз, калі я катэхізаваў іх, то ўсё больш усведамляў сабе, што ад мяне ў вялікай ступені залежыць, як сфарміруюцца іхнія сумленні; што цераз сваё слова і ўласны прыклад я павінен дапамагчы ім пазнаць Бога як любячага Айца. У шчырых, а часам забаўных адказах гэтых дзяцей можна было адчуць тое, чаго яны не атрымалі ад сваіх бацькоў – даверлівай прагі Бога. Найбольш мяне павучыў адказ аднаго хлопца. Мы вялі размову пра неба, пра вечнае жыццё. Я спытаў, ці яны чулі, хто такі святы? Запанавала цішыня, праз хвіліну хлопец сказаў: “Нет, но вы научите нас этому”. Я павінен быў паказаць, што значыць быць святым. Нічога нельга дадаць, нічога – адняць. Гэта было для мяне найбольшае павучанне.
    У парафіі я падрыхтоўваю моладзь таксама да прыняцця сакрамэнта Канфірмацыі. На заняткі прыходзіць каля ста чалавек. У гэтым узросце моладзь сталее, поўна энергіі і шукае аўтарытэтаў у сваім жыцці. Спачатку мне было цяжка зацікавіць і змабілізаваць яе да катэхезы. Падчас яе правядзення я прыводзіў цікавыя прыклады з жыцця. Я задаваў сабе пытанні: “Чаго ім не хапае?” Аднойчы адна сястра з манаскага ордэна параіла мне, каб я паспрабаваў інакш: няхай моладзь убачыць у катэхезе паставу малітвы. Я падумаў: пад канец урокаў мы молімся ў інтэнцыях, звязаных з тэмай сустрэчы. Я паспрабаваў. На самай справе, урокі пачалі выглядаць інакш. Праўда, не кожны раз атрымлівалася ў нас, але пачатак ужо быў. Гэта мяне мабілізавала. Я павінен быць для моладзі як старэйшы брат.
    Адзін з нашых ксяндзоў-прафесараў сказаў, што практыка ў парафіі – асабліва гадавая – з’яўляецца найлепшым экзаменам па тым, чаму навучыўся клерык у семінарыі: здабытым інтэлектыальным ведам і па правядзенню ўласнага духоўнага жыцця падчас свайго навучання і выхавання ў семінарыі. Тады пазнаеш сябе самога і тое, што ты можаш зрабіць. Усведамляюцца свае перамогі і паражэнні. Калі ў семінарыі кожны дзень ты стараўся дастасоўвацца да яе правіл і жыць паводле іх, то падчас практыкі ў парафіі галоўнай матывацыяй ў выкананні сваіх заняткаў і абавязкаў застаецца дысцыпліна. Пэўная прыказка сцвярджае: “Захавай парадак, а парадак зберажэ цябе”. Падчас практык ў парафіі клерык вучыцца сам складаць сваю праграму дня, за выключэннем агульных заняткаў і сустрэч з ксяндзом-пробашчам. Сярод заклапочанасці і ўсіх прац ён павінен памятаць пра ўласнае духоўнае жыццё, перш за пра ўдзел ва Эўхарыстыі, сістэматычную малітву і разважанні над Бібліяй. Яны з’яўляюцца галоўным духоўным пажыткам, дзякуючы чаму кожны алюмн паглыбляе і ўмацоўвае сваю прыязнасць з Хрыстом на практыцы. Без гэтага духоўнага рэзерву кожны дзень з усімі штодзённымі заняткамі быў бы асуджаны на руцінны ход абавязкаў і падзей.
    У гэтай гадавой практыцы, якую праходжу цяпер у Ашмянскай парафіі, я заўважаю праяўленне Божай любові да сябе. Хрыстус хоча мець верных вучняў, якія будуць гатовы несці Яго Евангелле кожнаму чалавеку і сведчыць пра яго сваімі ўчынкамі. Праца сярод людзей у парафіі з’яўляецца добрай нагодай праверыць сябе і пераканацца ў сваім прызванні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.