ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Для чаго мы адзначаем юбілеі?

Задай пытанне

кс. Антоні ГрэмзаТрадыцыя святкавання юбілеяў бярэ свой пачатак яшчэ з перадхрысціянскіх часоў. Кніга Левіта Старога Запавета падае звестку аб устанаўленні шабатовага года. Праз кожныя 7 год земляробы не апрацоўвалі зямлю. Сярод народаў Усходу існавала перакананне, што зямля, каб даць новы ўраджай, павінна мець год адпачынку. У Бібліі ўвянчэннем 7 перыядаў сямі шабатовых год, якія складалі ў суме 49 год (7х7=49), быў 50-ты год, названы юбілеем. Пачатак гэтага года звыкла абвяшчалі гучаннем барановага рога.
    Менавіта з такога спосабу абвяшчэння бярэ сваю назву юбілей (з габр. Jobel азначае барановы рог). Са святкаваннем было звязана ўсеагульнае дараванне даўгоў і пакаранняў. Юбілейны год меў глыбока прымірэнчае значэнне, падчас якога перш за ўсё ўсведамлялі сабе, што кожны з людзей з’яўляецца даўжніком Бога. Юбілей суправаджала свядомасць даравання він перш за ўсё Богам. Адсюль таксама паходзіць выраз аб тым, што прыход Езуса на свет названы “паўнатой часу” і “годам ласкі ад Пана”. Гэта мела значэнне прабачэння ўсіх грэшных абцяжаранняў у адносінах да Бога. Дзякуючы Божаму Сыну, як тлумачаць тэолагі, здзейснілася дасканалае прымірэнне нас з Богам і дараванне ўсякага доўгу.
Час дзейнасці Касцёла аж да пары Апошняга Суда з’яўляецца нічым іншым, як удзяленнем усяму чалавецтву ласкі ад Хрыста. Прадаўжэнне гэтага аднаго вялікага юбілею ласкі ад Пана (з-за практычных аргументаў) патрабавала пастаяннага напаміну і абнаўлення нанова збавенных падзей.
    Адлюстраваннем усведамлення дасканалага даравання він і кар Хрыстом паводле ўстанаўлення Касцёла сталі святкаванні кожнай гадавіны нараджэння Езуса, а таксама святкаванні колькасці год (33), раўназначнай прадаўжэнню зямнога жыцця Збавіцеля.
    У 1300 г. па просьбе вернікаў папа Баніфацый VIII абвясціў першыя святкаванні ў Рыме юбілею нараджэння Езуса. З таго часу кожныя сто год пачалі святкаваць ва ўсім Касцёле гадавіну хрысціянства. Падчас гэтых святкаванняў вернікі маглі (пры вызначаных Апостальскай Сталіцай умовах) атрымаць ласку поўнага адпуста. Прывілей даравання кар, адпушчаных у сакрамэнце пакаяння, быў звязаны з біблейскім прабачэннем Богам грэшных даўгоў і служыў узаемнаму прымірэнню ў Касцёле. Перыяд святкавання года юбілея падвергся памяншэнню спачатку да 50, а затым да 33 і 25 год. Гэта было прадыктавана стварэннем аднаму пакаленню вернікаў (на працягу кожных 25 год) магчымасці скарыстаць ласку юбілейнага года некалькі раз. Практыка адзначаць хрысціянскія юбілеі і гадавіны прадаўжаецца да нашых дзён і належыць да найбольш велікапышных у жыцці Касцёла.
    У святле вышэйзгаданага навучання Бібліі і традыцыі Касцёла святкаванні гадавіны хрысціянства, дыяцэзіі, нараджэнняў, прыняцця св. хроста ці святарства ствараюць паўторную нагоду ўбачыць асэнсаванасць нашай гісторыі, а менавіта, што яна не была страчана, і пабуджаюць да больш адказнага карыстання з дару ласкі, якую мы можам атрымаць, просячы аб дараванні він перад Богам і бліжнім.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.