ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Быць хрысціянінам – значыць адчуць смак Касцёла

Слова рэдактара

Нумар 4 (320), 20 лютага 2011 На пытанне: “Што ты ведаеш пра касцёл?” – часцей за ўсё падаюць звесткі, якія датычаць жыцця духоўных. Напрыклад, многіх парафіян цікавіць прыватнае жыццё пробашча ці іншы бок яго жыцця. Аднак мы не памятаем пра тое, што Касцёл – гэта не толькі ксёндз-пробашч ці вікарый, а перш за ўсё – кожны з нас. Усе разам мы з’яўляемся пілігрымуючым Касцёлам. Папа Бэнэдыкт XVI у размове з Петэрам Зеевальдам нагадвае пра Касцёл, які св. Павел апісвае як “жывы арганізм, у якім усе ўздзейнічаюць адзін на аднаго, у якім усе аб’яднаны Хрыстом”. Я думаю, што такая еднасць, пра якую гаворыць Апостал Народаў, а ўспамінае Папа, з’яўляецца для нас, вернікаў, магчымасцю зрабіць тыя выбары, што даюць шчасце. Мы ж кожны раз становімся перад неабходнасцю выбару і заўсёды прагнем, каб гэтае наша рашэнне было як мага лепшым. Гэтым Шчасцем з’яўляецца сам Хрыстос, прысутны ў пілігрымуючым Касцёле.
Быць хрысціянінам – значыць адчуць смак Касцёла і кіравацца яго голасам. Касцёл дазваляе нам знайсці сваё месца ў жыцці, не марнуючы часу на пошук найлепшага. Гэта як на вялікіх стаянках: замест таго, каб прыпаркаваць аўтамабіль у першым лепшым месцы, вадзіцель ездзіць у пошуках найлепшага на ўсёй стаянцы, губляючы на гэта час. Кожны з нас можа і павінен знайсці сваё месца ў супольнасці вернікаў. Сёння шмат гаворыцца пра адказнасць за Касцёл, супольны клопат пра яго кожнага з нас, актыўны ўдзел у жыцці парафіі. Гэта ўсё будзе ў нас толькі тады, калі мы знойдзем у Касцёле сваё месца, калі будзем у ім як дома. Я лічу, што вера, якая была перададзена нам старэйшым пакаленнем, павінна прынесці плён у выглядзе нашага больш сталага погляду на Касцёл. Гэты погляд павінен быць скіраваны на Хрыста, які дазваляе нам знайсці сябе ў супольнасці вернікаў. Гэта духоўная праграма развіцця маладога пакалення ў Беларусі.
    Я памятаю казанне аднаго ксяндза, які спытаў прысутных, хто з іх думаў на гэтым тыдні пра Касцёл. Паднятых рук было няшмат. Калі ж ён спытаў пра папяросы ці алкаголь, то рук было значна больш. Ксёндз, працягваючы казанне, адзначыў, што алкаголік зробіць усё, каб знайсці алкаголь, курыльшчык заўжды знойдзе папяросы; а вернік, які мала думае пра Касцёл, можа страціць гэты Касцёл у сваім жыцці. Каб чалавека цягнула ў святыню, каб ён меў прагу добрага жыцця, каб быць вучнем Хрыста – ён павінен спачатку адчуць смак. Святыя даюць нам прыклад вялікай любові да Касцёла: яны ўжо на зямлі смакавалі неба. Мы чытаем пра іх у кнігах, паломнічаем да святых месцаў, захапляемся жыццём, аднак мы павінны таксама памятаць аб тым, каб браць з іх прыклад. У наш час таксама ж ёсць людзі, якія з захапленнем гавораць пра Касцёл. Духоўнай асобе лёгка пісаць пра Касцёл спецыяльнай мовай. Аднак майстэрства заключаецца ў тым, каб апісаць сутнасць такім чынам, каб яе зразумеў кожны свецкі вернік. Спадзяюся, што менавіта так я і раблю. Любіце Касцёл, тужыце па небе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.