ГРОДНА
Аўторак,
12 лістапада
2024 года
 

“З Хрыстом Вы пахаваныя ў Хросце, з Ім Вы таксама ўваскрослыя”

Пастырскае Слова

Пасланне Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост
У малітве мы знаходзім час для Бога, каб зразумець, што “Яго словы не прамінуць” (пар. Мк 13, 31), каб увайсці ў гэтую інтымную супольнасць з Ім, “якой ніхто не зможа нам адабраць” (пар. Ян 16, 22), якая адкрывае нас на надзею, што не падманвае, на вечнае жыццё.
Дарагія браты і сёстры! Вялікі пост, што вядзе нас да святкавання Вялікадня - вельмі каштоўны і важны для Касцёла літургічны перыяд, таму я з радасцю накіроўваю да вас слова, каб гэты пост быў перажыты з належным запалам. Супольнасць Касцёла, якая шчыра трывае ў малітве і ў дзейнай любові, чакае канчатковай сустрэчы са сваім Жаніхом, калі надыдзе час вечнай Пасхі, узмацняе свой шлях ачышчэння ў Духу, каб з яшчэ большым багаццем удастоіцца таямніцы адкуплення новага жыцця ў Хрысце Пану (пар. Прэфацыя I на Вялікі пост).
1. Само гэтае жыццё ўжо было дадзена нам у дзень нашага хросту, калі мы, “стаючыся ўдзельнікамі смерці і ўваскрасення Хрыста”, распачалі “радасную і поўную хвалы прыгоду вучня” (гамілія на свята Хросту Пана, 10 студзеня 2010г.). Св. Павел у сваіх пасланнях неаднаразова падкрэслівае выключную супольнасць з Божым Сынам, якая здзяйсняецца ў гэтым амавенні. Факт, што ў большасці выпадкаў хрост атрымліваюць у дзяцінстве, указвае на тое, што гаворка ідзе аб Божым дары: ніхто не заслугоўвае вечнага жыцця ўласнымі сіламі. Міласэрнасць Бога, якая загладжвае грэх і дазваляе перажываць ва ўласным існаванні “тыя самыя імкненні Езуса Хрыста” (Флп 2, 5), літасціва дорыцца чалавеку.
    Апостал народаў у Пасланні да Філіпянаў выражае сэнс перамянення, якое здзяйсняецца разам з удзелам у смерці і ўваскрасенні Хрыста, указваючы яго мэту: “каб я мог пазнаць Яго, магутнасць Яго ўваскрэсення, удзел у Яго пакутах, прыпадабняючыся да Яго смерці з надзеяй на дасягненне ўваскрэсення мёртвых” (Флп 3, 10-11). Таму хрост — гэта не абрад з мінулага, а сустрэча з Хрыстом, якая фарміруе ўсё існаванне ахрышчанага, дае яму Божае жыццё і заклікае да шчырага навяртання, якое дае і падтрымлівае Ласка, што вядзе яго да дасягнення сталасці Хрыста.
    Асаблівая сувязь звязвае хрост з Вялікім постам як са спрыяльным часам для атрымання збаўчай Ласкі. Айцы Другога Ватыканскага Сабора заклікалі ўсіх пастыраў Касцёла “больш шчодра выкарыстоўваць элементы хросту, уласцівыя велікапоснай літургіі” (Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium, 109). Сапраўды, Касцёл здаўна заўсёды злучае Пасхальную вігілію з цэлебрацыяй хросту: у гэтым сакрамэнце ажыццяўляецца тая вялікая таямніца, праз якую чалавек памірае для граху і набывае ўдзел у новым жыцці ў Змёртвыхпаўсталым Хрысце, атрымлівае той самы Божы Дух, які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых. (пар. Рым 8, 11). Гэты бясплатны дар павінен абнаўляцца ў нас заўсёды. Вялікі пост дае нам шлях, падобны да катэхумэнату, які для хрысціян старажытнага Касцёла, а таксама сённяшніх катэхумэнаў з’яўляецца незаменнай школай веры і хрысціянскага жыцця: яны сапраўды перажываюць хрост як рашаючы момант для ўсяго іх існавання.
    2. Каб сур’ёзна распачаць шлях да Вялікадня і падрых­тавацца да святкавання Змёртвыхпаўстання Пана - найбольш радаснага і ўрачыстага свята ўсяго літургічнага года — што можа быць для нас найбольш карысным, чым дазволіць Божаму слову нас весці? Таму Касцёл у евангелічных тэкстах чарговых нядзель Вялікага посту вядзе нас да асабліва інтэнсіўнай сустрэчы з Панам, запрашаючы прайсці нанова этапы хрысціянскага ўтаямнічання: для катэхумэнаў - у перспектыве атрымання сакрамэнту адраджэння, для ахрышчаных - у перспектыве рашаючых крокаў у перайманні Хрыста і ў яшчэ больш глыбокім дары Яму. Першая нядзеля веліка­поснага шляху выяўляе наша становішча чалавека на гэтай зямлі. Пераможная барацьба са спакусамі, якая дае пачатак місіі Езуса, з’яўляецца запрашэннем усвядоміць уласныя заганы, каб прыняць ласку, што вызваляе ад граху і ўлівае новую моц у Хрысце як дарозе, праўдзе і жыцці (пар. Ordo Initiationis Christianae Adultorum, 25). Гэта рашучы заклік памятаць пра тое, што хрысціянская вера нясе з сабой - па ўзоры Хрыста і ў еднасці з Ім - барацьбу “з моцнымі гэтага свету, агорнутага цемрай” (Эф 6, 12), у якім нястомна дзейнічае д’ябал, і сёння спакушаючы чалавека, які хоча наблізіцца да Пана. Хрыстус з гэтай барацьбы выходзіць пераможцам, каб адкрыць нашы сэрцы на надзею і весці нас да перамогі над спакусамі зла.
    Фрагмент Евангелля пра перамяненне Пана паказвае нам славу Хрыста, якая апярэджвае ўваскрэсенне і абвяшчае абагаўленне чалавека. Хрысціянская супольнасць усведамляе, што яе ўзводзяць, як апосталы Пётр, Якуб і Ян, “асобна, на высокую гару” (Мц 17, 1), каб прыняць нанова ў Хрысце, як сыны ў Сыне, дар Божай ласкі: “Гэта Сын мой умілаваны, якога я ўпадабаў. Яго слухайце” (в. 5). Гэта запрашэнне адысці ад штодзённага шуму, каб паглыбіцца ў Божую прысутнасць: Ён хоча штодня перадаць нам слова, якое пранікае ў глыбіню нашага духа, дзе распазнае дабро і зло (пар. Гбр 4, 12) і ўзмацняе волю пайсці за Хрыстом.
    Просьба Езуса да самаранкі: “Дай мне піць” (Ян 4, 7), якая гучыць у літургіі трэцяй нядзелі, выражае пачуццё Бога да кожнага чалавека і прагне абудзіць у нашым сэрцы жаданне дару “вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (в. 14): гэта дар Святога Духа, які робіць хрысціянаў “сапраўднымі вызнаўцамі”, якія моляцца да Айца “у духу і праўдзе” (в. 23). Толькі гэтая вада можа спатоліць нашу прагу дабра, праўды і прыгажосці! Толькі гэтая вада, якую даў нам Сын, акрапляе пустыню неспакойнай і прагнай душы, “пакуль яна не спачне ў Богу”, паводле вядомых словаў св. Аўгустына.
    “Нядзеля сляпога ад нараджэння” прадстаўляе Хрыста як святло свету. Евангелле ставіць перад кожным з нас пытанне: “Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?” “Веру, Пане!” (Ян 9, 35. 38) сцвярджае з радасцю сляпы ад нараджэння, становячыся голасам кожнага верніка. Цуд аздараўлення – гэта знак таго, што Хрыстос разам са зрокам прагне адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу. Ён асвятляе ўсю цемру жыцця і вядзе чалавека да жыцця як “сын святла”.
    Калі ў пятую нядзелю нам абвяшчаецца ўваскрэсенне Лазара, мы пастаўлены перад апошняй таямніцай нашага існавання: “Я — уваскрасенне і жыццё (...) верыш у гэта?” (Ян 11, 25-26). Для хрысціянскай супольнасці гэта нагода разам з Мартай шчыра ўскласці ўсю надзею на Езуса з Назарэта: “Так, Пане, я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, які прыходзіць у свет” (в. 27). Саўдзел з Хрыстом у гэтым жыцці рыхтуе нас да пераадолення мяжы смерці, каб вечна жыць у Ім. Вера ва ўваскрэсенне памерлых і надзея на вечнае жыццё адкрываюць наш позірк на канчатковы сэнс нашага існавання: Бог стварыў чалавека для ўваскрэсення і жыцця, і гэтая праўда надае сапраўднае і канчатковае вымярэнне гісторыі чалавецтва, асабістаму і грамадскаму жыццю чалавека, культуры, палітыцы, эканоміцы. Пазбаўлены святла веры, увесь сусвет аказваецца замкнёны ў магіле без будучыні, без надзеі.
    Велікапосны шлях знаходзіць сваё здзяйсненне ў Пасхальным Трыдууме, асабліва ў Пасхальнай вігіліі Святой Ночы: аднаўляючы абяцанні хросту, мы нанова пацвярджаем, што Хрыстос - Пан нашага жыцця, таго жыцця, якое Бог падараваў нам, калі мы былі адроджаны “з вады і Святога Духа”, і нанова пацвярджаем нашу моцную пастанову, каб адпавядаць уздзеянню Ласкі, каб станавіцца Яго вучнямі.
   3. Наша паглыбленне ў смерць і ўваскрэсенне Хрыста праз сакрамэнт хросту кожны дзень пабуджае нас вызваліць нашы сэрцы ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай прыхільнасці да “зямнога”, якая збядняе нас і перашкаджае нам быць свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга.

    У Хрысце Бог явіўся як Любоў (пар. 1 Ян 4, 7-10). Крыж Хрыста, “слова Крыжа” выяўляе збаўчую моц Бога (пар. 1 Кар 1, 18), якая даецца, каб прыўзняць чалавека і прынесці яму збавенне: любоў у яе найбольш радыкальнай форме (пар. Deus caritas est, 12). Праз традыцыйныя практыкі посту, міласціны і малітвы, праяўленне імкнення да навяртання Вялікі пост вучыць жыць у свеце ўсё больш радыкальнай любоўю Хрыста. Пост, які можа мець розныя матывы, набывае для хрысціяніна глыбока рэлігійнае значэнне: робячы наш стол больш бедным, мы вучымся пераадольваць эгаізм, каб жыць логікай дару і любові; пераносячы пазбаўленне чагосьці - і не толькі лішняга – мы вучымся адварочваць позірк ад нашага “я”, каб адкрыць Кагосьці побач з намі і распазнаць Бога ў абліччах столькіх нашых братоў. Для хрысціяніна пост не цягне за сабой закрытасці, але больш адкрывае яго на Бога і патрэбы людзей, а таксама робіць так, што любоў да Бога становіцца таксама любоўю да бліжняга (пар. Мк 12, 31).
    На нашым шляху мы знаходзімся перад спакусай валодання, прагай грошай, якая заглушае першынство Бога ў нашым жыцці. Прага валодання правакуе насілле, злоўжыванне ўладай і смерць; таму Касцёл, асабліва падчас Вялікага посту, заклікае да практыкі міласціны - здольнасці дзяліцца. У той час як паганскае служэнне матэрыяльным дабротам не толькі аддаляе ад іншай асобы, але абядняе чалавека, робіць яго няшчасным, падманвае яго, не ажыццяўляючы таго, што абяцае, таму што змяшчае матэрыяльныя рэчы на месцы Бога, адзінай крыніцы жыцця. Як зразумець айцоўскую дабрыню Бога, калі сэрца занята самім сабой і ўласнымі планамі, якімі мы падманваем сябе ў тым, што зможам гарантаваць сабе бяспечную будучыню? Спакуса асноўваецца на такім мысленні, як у багача з прытчы: “Душа мая, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады...”. Ведаем вывад Пана: “Дурню! У гэтую ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй...” (Лк 12, 19-20).
    Практыкаванне міласціны — гэта заклік да першынства Бога і ўвагі да бліжняга, каб нанава адкрыць нашага добрага Айца і прыняць Яго міласэрнасць. На працягу ўсяго перыяду Вялікага посту Касцёл з асаблівай шчодрасцю дае нам Божае слова. Разважаючы над ім і прымаючы яго, каб жыць ім штодзённа, мы вучымся каштоўнай і незаменнай форме малітвы, таму што ўважлівае слуханне Бога, які ўвесь час прамаўляе да нашага сэрца, корміць шлях веры, які мы распачалі ў дзень хросту. Малітва дазваляе нам таксама набыць новае паняцце часу: сапраўды, без перспектывы вечнасці і трансцэндэнтнасці ён проста адмярае нашы крокі ў напрамку гарызонту, які не мае будучыні. У той жа час у малітве мы знаходзім час для Бога, каб зразумець, што “Яго словы не прамінуць” (пар. Мк 13, 31), каб увайсці ў гэтую інтымную супольнасць з Ім, “якой ніхто не зможа нам адабраць” (пар. Ян 16, 22), якая адкрывае нас на надзею, што не падманвае, на вечнае жыццё.
    Велікапосны шлях, на якім мы запрошаны сузіраць таямніцу Крыжа, асноўваецца на “ўпадабненні да смерці Хрыста” (Флп 3, 10), каб перажыць глыбокае навяртанне нашага жыцця: дазволіць сабе перамяніцца праз дзеянне Святога Духа, як св. Павел на шляху ў Дамаск; рашуча накіраваць наша існаванне згодна з воляй Бога; вызваліцца ад нашага эгаізму, пераадольваючы інстынкт панавання над іншымі і адкрываючыся на любоў Хрыста. Перыяд Вялікага посту з’яўляецца зручным момантам, каб нанава прызнаць нашу слабасць, прыняць, шчыра пераглядаючы жыццё, аднаўляючую Ласку сакрамэнту пакаяння і рашуча ісці ў бок Хрыста.
    Дарагія браты і сёстры, праз асаблівае спатканне з нашым Адкупіцелем, а таксама праз пост, малітву і міласціну шлях навяртання ў кірунку Вялікадня вядзе нас да адкрыцця нанава нашага хросту. У гэтым Вялікім посце мы аднаўляем прыняцце Ласкі, якую Бог даў нам у гэты момант, каб яна асвятляла ўсе нашы дзеянні і кіравала імі. Мы пакліканы, каб перажываць кожны дзень тое, што гэты сакрамэнт азначае і ажыццяўляе, у больш шчодрым і сапраўдным перайманні Хрыста. На гэтым нашым шляху мы даручаем нас Панне Марыі, якая нарадзіла Божае Слова ў веры і ў целе, каб гэтак жа, як і Яна, паглыбіцца ў смерць і ўваскрэсенне Яе Сына Езуса, каб мець вечнае жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  50

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.