ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

На шляху да мэты

Семінарыйная газета

Традыцыйна ўжо на працягу некалькіх гадоў першая нядзеля Вялікага посту з’яўляецца для нас, клерыкаў ВДС у Гродне, вельмі асаблівым і выключным днём. Кожны з нас, асабліва трэці, чацвёрты і пяты курсы, чакае гэтага дня з вялікай нецярплівасцю і дрыжаннем у сэрцы, бо ў гэты дзень мы атрымліваем кандыдатуру, акалітат і лектарат.
Семінарыйную фар­ма­цыю можна па­раўнаць з дарогай, а паслугі з’яўляюцца абвязковымі крокамі на ёй для дасягнення мэты, якой ёсць святарства. Першая нядзеля Вялікага посту ў гэтым годзе не стала выключэннем. 13 сакавіка, пасля перажытых велікапосных рэкалекцый, якія былі выдатным часам падрыхтоўкі для прыняцця паслуг, з самай раніцы, падчас урачыстай Ютрані тры браты з пятага курса былі ўключаны ў лік кандыдатаў на пасвячэнне дыяканату і святарства і прыняты ксяндзом біскупам Антоніем Дзям’янкам. А дванаццатай мы адправіліся ў катэдральны касцёл, дзе падчас святой Імшы дзевяці клерыкам з чацвёртага курса была ўдзелена паслуга акалітату, а васьмі клерыкам з трэцяга курса – паслуга лектарату.
    Магчыма, нехта спытае: а што гэта за паслугі і якая ў іх функцыя? Таму менавіта цяпер, Дарагія Чытачы, я хачу іх Вам прыблізіць і растлумачыць, чым яны з’яўляюцца і якое маюць значэнне.
Лектарат
    Касцёл, устанаўліваючы лектараў ад імя ксяндза біскупа, давярае ім чытаць фрагменты са Святога Пісання (не з Евангелля), усеагульную малітву ці рэспансарыйны псальм падчас літургіі. У супольнасці Божага люду лектар атрымлівае асаблівую пасаду, таму што дапамагае абвяшчаць веру, якая мае свае карані ў Божым слове. Чытаючы Божае слова падчас літургіі, лектар выхоўвае дзяцей і дарослых у веры і падрыхтоўвае іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.
    Важнай задачай у гэтай паслузе з’яўляецца тое, каб абвяшчаемае Божае слова было зразумелым для слухачоў, г. зн. каб лектар быў добра падрыхтаваны, выпрацаваў у сабе тэхніку чытання, добрую дыкцыю і ўменне правільна ставіць націскі. Паслуга лектара не абмяжоўваецца толькі абвяшчэннем Божага слова іншым - лектар павінен сам вылучацца любоўю да Святога Пісання, знаходзіць у ім радасць і моц, быць паслухмяным Святому Духу, каб тое пасланне, якое ён абвяшчае, спачатку прыняць і пільна разважаць яго ў сваім сэрцы, а пазней абвяшчаць вернікам і быць верным інструментам прысутнага ў гэтым слове Хрыста. Нельга чытаць вернікам слоў, якіх мы самі не ведаем, а гэта вельмі лёгка можна распазнаць; мы павінны жыць тым, што абвяшчаем; слова, якое абвяшчаем, павінна стаць нашай уласнасцю, а тады ўжо мы можам дзяліцца ім з іншымі.
    Акалітат
    Гэты выраз паходзіць ад грэчаскага слова “akolouthos” – “той, хто суправаджае, ідзе за кімсьці”. Пра акалітаў мы ведаем здаўна, бо прыгадванні пра іх сягаюць першых стагоддзяў. Тады яны выконвалі такія функцыі: заносілі св. Камунію хворым, падчас папскіх Імшаў на знак адзінства заносілі частку кансэкраванага Эўхарыстычнага хлеба ў касцёлы пад Рымам, насілі святло (свечкі, паходні) падчас працэсіі і ўрачыстых св. Імшаў і мелі яшчэ некалькі іншых функцый, звязаных са службай падчас літургіі.
    Акалітат з’яўляецца чарговым крокам на шляху да святарства. Акалітат ўстаноўлены для таго, каб служыць ля алтара і дапамагаць святарам і дыяканам пры ажыццяўленні сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, якая з’яўляецца вяршыняй і вытокам, таму што дзякуючы ёй Божы люд развіваецца і расце. Кожны акаліт павінен імкнуцца глыбей перажываць Эўхарыстычную Ахвяру і па яе ўзоры фарміраваць уласнае жыццё.
    Кандыдатура
    Цяпер гэтая паслуга акрэсліваецца як прыняцце кандыдатаў у дыяканат і святарства. Аднак так было не заўжды, таму што перад II Ватыканскім Саборам гэтая паслуга, называная “субдыяканатам”, належала да пасвячэнняў.
    Гэты чарговы крок на шляху паклікання, якім з’яўляецца кандыдатура - не што іншае, як публічнае пацвярджэнне свайго паклікання, гатоўнасць прысвяціць сябе службе Богу і людзям. Клерык, які хоча стаць кандыдатам да пасвячэнняў і прызнаны старэйшымі, ведае патрэбы Касцёла і гатовы адказаць на заклік Хрыста словамі прарока Ісаі: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8). Кандыдаты вучацца ўсё больш аддана жыць паводле Евангелля і ўмацоўваюцца ў веры, надзеі і любові. Кандыдаты да пасвячэнняў дыяканату і святарства патрабуюць малітвы духавенства і вернікаў, каб належным чынам падрыхтавацца да такога вялікага задання, якое іх чакае. Менавіта да такой малітвы я заахвочваю Вас, Дарагія Чытачы!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.