ГРОДНА
Аўторак,
12 лістапада
2024 года
 

Даць жыццё веры ў сэрцы бліжняга!

На скрыжаванні

Пахвалёны Езус Хрыстус!
    Як і дамаўляліся, мы сустракаемся з Вамі ў першую нядзелю месяца на старонках “Слова Жыцця” ў моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”. Сёння паспрабуем падвесці вынікі месяца і нешта для сябе вызначыць на наступны прамежак часу. Нешта пачуць, убачыць, паглядзець, што ўзбагаціць нас духоўна.
    У мінулай рубрыцы вялася гаворка аб тым, што нам неабходна працаваць над сваімі слабымі месцамі. Бо яны ёсць у кожнага. А слабасць – гэта схільнасць да спакусы, звычка, якая ў выніку вядзе да граху.
    Калі паглядзець слабасці прама ў вочы, адчуць, што яна замінае, можна перастаць быць падуладным ёй. І наадварот, прымусіць звычку падпарадкоўвацца менавіта тваёй волі. Напрыклад, своечасова папрасіць прабачэння, забыўшыся на сваё ганаровае “Я”. Над чым працавала ў гэтым месяцы я…
    Што ж, крочым далей!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку” (Мц 28,20).
    Як хутка ляціць час. На дварэ ўжо красавік. Да Вялікадня засталося яшчэ тры тыдні. Гэта нагадвае нам аб тым, што не позна нешта змяніць. Калі моцна хочаш нечага, зробіш усё, каб дасягнуць гэтага. Галоўнае - не забываць, што з табою Бог. Заўсёды. Да канца.
    І нават калі прыйдзецца цяжка, даручыцца Богу і разумець, што Ён заўсёды хоча як лепей.

   Мэта месяца: падзяліцца сваёй вераю

    Вера нібы кветка, якую трэба паіць вадой. Калі яе не паліваць, яна загіне.
    Вера таксама патрабуе ўвагі. Калі расказваеш іншым аб тым, што жыве ў тваім сэрцы, распавядаеш аб догмах веры, цудах і святых людзях, твой унутраны стрыжань умацоўваецца. Дзякуючы гэтаму ты працягваеш руку бліжняму і сам развіваешся духоўна.

    Прадмет разважанняў месяца: маё прызначэнне
    Навошта Бог даў мне жыццё? Што Ён хоча праз мяне сказаць, зрабіць? Ці заўсёды я раблю ўсё так, як падказвае сэрца? Або, можа, здараецца хлусіць утранаму голасу, каб задаволіць нейкія свае запатрабаванні?
    Ці глыбока я разумею выраз “воля Божая”, кажучы яго так часта? І ці разумею я сёння, што кожная хвіліна жыцця – гэта мажлівасць падзяліцца дабром, радасцю? А час, не забываюся, хуткаплынны.

    Справа месяца: прапанаваць дапамогу
    Зрабіць дабро яшчэ лягчэй, чым… прапанаваць яго зрабіць (усяго першы крок)! Мажліва, цяжкія торбы бабулі і прымушаюць спыніцца. Але нешта трымае за каўнер. Сарамлівасць? А можа, бабуля адмовіць ці дапамога ёй і не патрэбна нават?
    Звычайна на апошнім аргуменце жаданне знікае. Каб гэтага не здарылася, трэба з упэўненасцю зрабіць першы крок.
    Выпадак з жыцця: я не ведала, калі дапамагла жанчыне з тымі ж торбамі, што ў яе парок сэрца. Ёй, безумоўна, дапамога была патрэбна, хоць яна і не прасіла.

    Aсоба месяца: Ян Павел ІІ
    У 1978 годзе Ян Павел ІІ стаў 264-ым папам рымскім і адначасова першым папам неітальянскага (славянскага) паходжання за апошнія 455 год. Нарадзіўся ён у Польшчы ў сям’і былога афіцэра аўстрыйскай арміі, названы Караль Юзаф Вайтыла. У няпоўныя 20 год застаўся круглым сіратой.
    Яшчэ ў юнацтве Вайтыла добра размаўляў на дзесяці мовах. Скончыў агульна­адукацыйныя курсы падпольнай Кракаўскай духоўнай семінарыі. 1 лістапада 1946 года прыняў святарскія пасвячэнні. Затым паехаў у Рым, каб прадоўжыць багаслоўскую адукацыю. У 1958 годзе прыняў сан біскупа Кракаўскага архібіскупства, у 1965 годзе – архібіскупа, мітрапаліта кракаўскага. Пасля выбрання на Святы прастол імкнуўся падкрэсліць свой тытул Servus Servorum Dei (раб рабоў Божых), адмовіўшыся ад цырымоніі каранацыі.
    Ён столькі паспеў пры жыцці! Здзейсніў 104 замежныя вандроўкі ў каля 130 краін свету. Прыняў у Ватыкане многіх палітычных лідэраў, быў салі­дарны з іншымі рэ­лі­гіямі: наведваў сінагогу, лютэранскую царкву, мячэць. 12 сакавіка 2000 года публічна павініўся за грахі Каталіцкага Касцёла. Заклікаў усіх да міру, свабоды і роўнасці, аховы праў чалавека. Вельмі любіў моладзь.
    Папярэднік Бэнэдыкта ХVI памёр 2 красавіка 2005 года. 1 мая 2011 года адбудзецца ўрачыстая беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла ІІ.

    Песня месяца: “Трымаючыся бліжэй да Бога”, “Ave”
    “Нават калі няпроста зрабіць крок, памятай, ты не самотны…”. Песня напісана ў мажорным ладзе. Калі цяжка, яна абавязкова падорыць табе надзею і крыху ўпэўненасці. Трэба толькі не хаваць сэрца, “каб не згубіць шанс на новае жыццё”. Праслухаўшы кампазіцыю, ты пачуеш, як адзінства з Богам прыўзнімае цябе да неба. А “крылы любові не дадуць зноў упасці”.

    Кніга месяца: “Дар і таямніца”, Ян Павел ІІ.
    У гэтай кнізе Ян Павел ІІ распавядае пра сваё жыццё, пра дар святога паклікання. Успамінае тых, хто сустрэўся і паўплываў на яго жыццё, выказвае словы падзякі. “Усё тое, пра што я тут кажу, не датычыць толькі знешніх падзеяў, але сягае каранёў маіх самых глыбокіх і найбольш асабістых перажыванняў і майго вопыту” – кажа Ян Павел ІІ. “Запіс гэты ахвярую святарам і Люду Божаму як сведчанне любові”. Кніга напісана ў форме дзённіка, які лёгка чытаецца і добра ўспрымаецца чытачом.
    Кніга напісана ў форме дзённіка, які лёгка чытаецца і добра ўспрымаецца чытачом.

Cпадзяюся, у гэтым месяцы Табе будзе над чым паразважаць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.