ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ахвяра Хрыста і наша

На шляху да святасці

Ці іншая сітуацыя склалася праз дваццаць стагоддзяў? Падчас кожнай св. Імшы Хрыстос, прысутны пад выглядам хлеба і віна, аддае за нас сваё жыццё. А колькі ёсць людзей, абыякавых да гэтай падзеі! Для іх важнейшым з’яўляецца базар, адпачынак або звыклае марнаванне часу. Яны не прыкладуць намагання, каб адправіцца ў святыню і ўдзельнічаць у св. Імшы. Колькі ж людзей грэбуе гэтым вялікім дарам прысутнасці Хрыста і магчымасцю ўдзелу ў Яго пакутах, смерці і ўваскрэсенні! Але ж гэта для нас Хрыстос аддаў сваё жыццё на крыжы. Гэта для нас Ён застаўся і прысутнічае на кожнай св. Імшы. Мы не робім Богу ласкі. Патрэбныя нам у жыцці Божыя міласці мы можам выкарыстаць або змарнаваць. Бог дае нам прапанову, але ад нас залежыць, што мы з ёй зробім.
    Святая Імша – гэта ахвяра Хрыста, якую Ён здзейсніў за нас, але гэта таксама і наша ахвяра. Мы можам уключыць у Яго ахвяру ўсё наша жыццё. У час той часткі св. Імшы, якую мы называем ахвяраваннем, святар бярэ хлеб і гаворыць: “Бласлаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо, дзякуючы Тваёй шчодрасці, мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх, ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця”. Белая аплатка на патэне лёгкая, але патэна павінна мець свой цяжар, таму што кожны з нас павінен уключыць у гэты хлеб працу сваіх уласных рук і свайго сэрца. Тады мы далучаем да Хрыстовай ахвяры ўсе нашы працы: прафесійныя – на фабрыках, у калгасе – але і выкананыя дома, у гаспадарчым двары. Мы ўключаем у ахвяру Хрыста нашы боль і клопаты, радасці і надзеі – усё тое, што складае наша тыднёвае жыццё.
Гэта могуць быць цяжкасці пешай дарогі да далёкай святыні, клопаты, просьбы. Хтосьці скажа, што гэта нямнога ў параўнанні з ахвярай на Галгоце. Але ці маці, якой дзіця хоча ахвяраваць сарваную палявую кветачку, адкідвае яе, бо яна няшмат варта? Лічыцца не цана, а любоў, з якой мы складаем свой дар. І наш Айцец у небе цешыцца, што мы складаем Яму “праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце” ўсё наша жыццё. На заканчэнне ахвяравання святар гаворыць: “Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашу ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны”. Калі мы свядома злучаем наша жыццё з ахвярай Хрыста, то кожная св. Імша, у якой мы ўдзельнічаем, будзе Яго і нашай ахвярай, прынятай Айцом у небе.
    Наша праца і цяжкасці маюць два вымярэнні. Першае – гэта тое, што такім спосабам мы зарабляем на ўтрыманне сваё і сваіх блізкіх. Але гэта самая праца можа мець адначасова і другое вымярэнне – заслугі на вечнае жыццё. І ад нас залежыць, ці мы свядома выкарыстаем гэтае другое вымярэнне. Як жа часта хтосьці напрацуецца за цэлы тыдзень, а пасля змарнуе сваю працу, бо замест таго, каб уключыць яе ў Хрыстову ахвяру ў нядзельнай св. Імшы, правядзе гэты час перад экранам тэлевізара, лянуючыся дома ці седзячы з сябрамі пры піве. Гэта так, як бы даць каму-небудзь прыгожае адзенне, а ён, замест таго, каб апрануць яго, скамечыць і выкіне ў цёмны падвал, каб там яно спарахнела. Колькі ж людской працы марнуецца такім чынам з-за неразумення, ляноты, нядбайнасці! Наша нядзельная дарога ў касцёл – гэта ўключэнне ў Хрыстовы шлях у Ерузалем, які закончыўся ахвярай за нас на Кальварыі. Ідучы ў нядзелю ў касцёл, давайце задумаемся, што мы нясём у сваім сэрцы і што хочам ахвяраваць Богу. Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам для такіх разважанняў. Гэта час нашых ахвяраў, час міласэрнасці, час паглыблення духоўнага жыцця. Гэта для нас шанс, нагода, каб мы, злучаючыся з Хрыстом у таямніцы Яго смерці і ўваскрэсення, якія выяўляюцца ў часе кожнай св. Імшы, радаваліся калісьці пасля свайго паўстання з мёртвых знаходжанню ў Яго валадарстве.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.