ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Жывы фундамент

На шляху да святасці

Біскуп  Андрэй Васіла падчас Хросту Літвы, фрэска«I Я кажу табе, што ты — Пётр — скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16,18).
У іспанскай Гранадзе, вядомым і багатым сваёй старажытнай гісторыяй горадзе, можна ўбачыць вельмі дзіўныя будынкі. Яны звяртаюць на сябе ўвагу нязвыклым стылем сваёй будовы. Той, хто ведае азы архітэктуры, са здзiўленнем можа сцвердзіць, што тут пераплятаюцца ў дзівосным клубку і старажытнарымскія будоўлі, і прыгожыя арабскія дамы, і велічныя святыні хрысціянскай эпохі. Бурлівыя падзеі гэтай зямлі можна вывучаць не па падручніках і навуковых манаграфіях, але проста шпацыруючы па вуліцах горада і яго ваколіцах. Яны вельмі яскрава і красамоўна раскажуць, хто ўладарыў у той ці іншы час, на якой мове размаўлялі і маліліся на гэтых вулачках, якія драмы тут адбываліся.
Гісторыя кожнай мясцовасці і яе насельнікаў - гэта нібы разгорнутая кніга, па якой, калі ўважліва паглядзець, можна прачытаць вельмі і вельмі многае, нават тое, што ніколі не было напісана ў навуковых артыкулах і даследаваннях. Гісторыя не мінае бяccледна. Яна застаецца не толькі ў будоўлях гарадоў, палітычных мадэлях і традыцыях дзяржаў і народаў, але таксама, а можа i ў першую чаргу - у сэрцы чалавека. Каб спазнаць, зразумець карані сваёй самасвядомасці, трэба звярнуцца да іх пачаткаў. Нездарма старажытныя казалі, што “historia magistra vita est” – “гісторыя з’яўляецца настаўніцай нашага жыцця”. Таму варта звяртацца да гэтых першых старажытных фундаментаў нашага існавання, нашай веры для таго, каб зразумець, хто мы на самай справе і дзякуючы каму мы сталі такімi.
    Праз некалькі дзён наша дыяцэзія распачынае святкаванне дваццатай гадавіны свайго існавання. Можа, з гэтай нагоды варта паразважаць і нанава ўсвядоміць сабе тыя карані, з якіх бярэ выток наш Касцёл, пачаткі існавання нашай дыяцэзіі. Увогуле, пісаць аб гісторыі нашай маладой касцёльнай супольнасці не так проста. Гісторыя ў нашым разуменні - гэта нешта далёкае, пакрытае шматслойным пылам вякоў, дзеі якіх сягаюць у мінуўшчыну. Што можна сказаць пра падзеі, якія адбыліся літаральна некалькі гадоў таму, калі пачаў адраджацца наш малады Касцёл? Што такое дваццаць год Гродзенскай дыяцэзіі ў параўнані, напрыклад, з Міланам ці Рымам, дыяцэзіі якіх маюць багатую гісторыю і амаль дзве тысячы гадоў свайго існавання?
    Аднак няправільна было б казаць, што наша Гродзенская дыяцэзія не мае сваёй багатай гісторыі. Я, напэўна, не адкрыю вялікай таямніцы, калі скажу, што ў гэтым свеце нічога не можа з’явіцца адразу, на пустым месцы. Недастаткова толькі дакумента, нават хоць і папскага, які ўстанаўлівае новую дыяцэзію ці парафію. Дакумент можа толькі пацвердзіць альбо зацвердзіць факт існавання той ці іншай адміністрацыйнай адзінкі ці супольнасці. Касцёл, перш за ўсё, – гэта – як навучае катэхізіс – “народ, які Бог запрашае і збірае з усіх межаў зямлі, каб стварыць супольнасць тых, хто праз веру і хрост становіцца Божымі дзяцьмі, членамі Хрыста і святыняй Святога Духа”. Інакш кажучы, найбольшай каштоўнасцю Касцёла з’яўляюцца людзі, якія жывуць у еднасці з Хрыстом і супрацоўнічаюць з Яго ласкай. Гэта сапраўдныя “жывыя камяні”, на якіх будуецца Хрыстовая супольнасць.
    Праз некалькі дзён, падчас святой Імшы ў Вялікі чацвер, у нашай гродзенскай катэдры мы распачнем святкаванне дваццацігоддзя нашай дыяцэзіі. З гэтай нагоды хацелася б прыгадаць постаць чалавека, які, на маю думку, мае непасрэднае дачыненне да гэтай падзеі, хоць іх і раздзяляюць многія вякі. Гэтай постаццю з’яўляецца першы біскуп Віленскай дыяцэзіі Андрэй Васіла. Гэта быў чалавек вельмі неардынарны: манах, дыпламат, спаведнік, місіянер.
    Мы не ведаем месца і часу нараджэння Андрэя Васілы. Вядома толькі, што ў сталым узросце ён уступіў у Ордэн братоў францысканцаў у Кракаве. У 1353 годзе ён выконваў абавязак галоўнага прапаведніка ў Мазовіі. Сваё жыццё ахвяраваў нясенню на місійныя землі Божага Слова, якое прапаведаваў пераважна на тэрыторыі сучаснай Малдовы. Садзейнічаў заснаванню Сэрацкай дыяцэзіі і нават некаторы час быў там біскупам. З 1372 Андрэй Васіла апекаваўся Галіцкай архідыяцэзіяй. З 1374 г. ён быў сакратаром і казначэем пры двары польскага караля, у 1376–1386 гг. – дапаможным біскупам Гнезненскай архідыяцэзіі. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядзвігі з вялікім князем ВКЛ Ягайлам. Пасля заключэння шлюбу ў 1386 г. князь даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства.
    Нічога дзіўнага ў тым, што ў 1386 - 1387 гадах, калі адбываўся працэс хрысціянізацыі Літвы, Андрэй Васіла прыняў актыўны ўдзел у барацьбе з паганствам на гэтых землях. Менавіта ён стаў першым біскупам Вільні і ўсёй тэрыторыі тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага, у складзе якога было і Гродна.
    Місія біскупа па хрысціянізацыі вялікакняжацкіх зямель была вельмі адказнай і цяжкай. Трэба было літаральна ад самага пачатку, на пустым месцы будаваць новую касцёльную супольнасць, святыні, засноўваць новыя манастыры і школы. Між іншым, дзякуючы Андрэю Васіле паўсталі кляштары францысканцаў у Лідзе і ў Ашмянах. Дзякуючы яго фундацыям і дапамозе паўстала шмат новых парафій. Некаторыя з іх па сённяшні дзень існуюць у межах Гродзенскай дыяцэзіі. Сярод іх, паводле некаторых дадзеных, можна назваць, напрыклад, парафію ў Крэве.
    Безумоўна, скупыя, амаль энцыклапедычныя гістарычныя звесткі не змогуць да канца раскрыць і прыблізіць нам асобу біскупа Андрэя Васілы. Аднак тыя справы і добрыя пачынанні, якія ён здзейсніў, гавораць самі за сябе. Ягоная ахвярная праца дала шчодры плён. Паўсталі святыні і парафіі, якія на сенняшні момант знаходзяцца на тэрыторыі трох дзяржаў. Ен прычыніўся та таго, каб Евангелле, Божыя наказы назаўседы сталі часткай нашай свядомасці і жыцця. Дзякуючы яму, тыя зерні веры, кінутыя ў глебу сэрцаў нашых продкаў у мінулым, прынеслі плён настолькі вялікі, што дазволілі нарадзіцца новым Хрыстовым супольнасцям, адной з якіх з’яўляецца наша Гродзенская дыяцэзія.
    Сёння, распачынаючы святкаванне дваццацігоддзя ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі, варта ўсвядоміць, як глыбока сягаюць карані нашай хрысціянскай спадчыны. Кожны з нас, калі гаворыць, што хрысціянскія каштоўнасці акрэсліваюць яго ідэнтычнасць, павінен, у першую чаргу, быць удзячным такім людзям, як першы біскуп Вільні.
    З другога боку, успамінаючы аднаго з заснавальнікаў і першага “пераемніка апосталаў” на нашай зямлі, варта звярнуць увагу на справу асабістай адказнасці за лёс Касцёла. Хрыстовы Касцёл – гэта жывы арганізм, аб якім нельга гаварыць толькі ў мінулым часе, спыняючыся толькі на словах: “быў заснаваны”. Касцёл - гэта дынамічная супольнасць, што існуе і развіваецца ў сучаснасці, якую ўтварае кожны з нас. Свае карані гэтая супольнасць мае ў глыбокім мінулым, але яе будучыня сягае ў вечнасць. Біскуп Андрэй Васіла з’яўляецца для кожнага з нас напамінам пра тое, што справа пабудовы хрысціянскай супольнасці не закончана, а працягваецца ў жыцці кожнага верніка. Сёння, як і некалькі стагоддзяў таму, таксама патрэбны постаці, якія сваім прыкладам і моцнай верай здолеюць перамагаць бязбожныя прынцыпы і стэрэатыпы. Сучаснасць патрабуе тых “жывых камянёў”, якія здолеюць умацаваць і перадаць нашчадкам моцны фундамент Хрыстовай праўды.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.