ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Моладзь, гайда ў касцёл!

На скрыжаванні

Пахвалёны Езус Хрыстус!
    Прыйшлі такія часы, калі моладзь увесь час “цягнуць за каўнер”. Яна ж лічыць, што многія рэчы не маюць сэнсу. І ўпарта даказвае свой пункт гледжання, нават не спрабуючы пашукаць ісціну. А навошта? Лягчэй згадзіцца са стэрэатыпам і так крочыць па жыцці. Але, мабыць, гэта не зусім правільна. Некаторыя бачаць у гэтым праблему.
Да касцёла
    на скейтбордзе Цяпер нават частка свята­роў нестандартнымі спосабамі імкнецца, напрыклад, прыцягнуць увагу моладзі да наведвання касцёла. Бо тая лічыць: “галоўнае, што Бог жыве ў сэрцы”.
    Вось венгерскі святар Золтан Лендвай катаўся на скейтбордзе і пасля казанняў ахвотна паказваў зацікаўленым вернікам некаторыя прыёмы гэтага віду спорту. Ён хацеў гэтым паказаць, што святары, як і ўсе людзі, таксама маюць свае захапленні. І ў іх з моладдзю могуць быць падобныя інтарэсы, якія могуць іх згуртаваць.
    Дарэчы, гэты ролік можна ўбачыць і сёння на відэахостынгу youtube.com. Святар на скейце быў сфатаграфаваны на тэлефон і прадстаўлены свету ў сусветным сеціве. На сёння ролік быў прагледжаны больш за 100 тысяч разоў!

   Ксяндзы на глянцавых старонках

    Яшчэ адна цікавая падзея адбылася ў Брытаніі. Як паведамляе ВВС, дванаццаць святароў былі сфатаграфаваны на навагодні каляндар 2008 года, які прадаваўся ва ўсіх касцёлах графства Заходні Ёркшыр. На кожным фотаздымку святар быў прадстаўлены за любімым заняткам. Хтосьці - у час прабежкі, хтосьці - за чытаннем журнала пра свецкае жыццё (падрабязную інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце Маскоўскага Патрыярхата, patriarchia.ru).
    Дванаццаць гісторый. У кожнага яна свая. Невялікія апавяданні пра жыццё святароў перад іх рашэннем служыць Богу. Гэтым самым праследавалася мэта зацікавіць маладых людзей манаствам, паказаць усю непасрэднасць духоўнікаў: выхадцы з простых сем’яў, цікавяцца такімі ж жыццёвымі “дробязямі”, як і мы. Нават мараць аб тым жа!

    Пропаведзі ў стылі рэп
    Італьянскі святар Роберт Фішэр пайшоў крыху іншым шляхам. Ён, магчыма, хацеў пераканаць моладзь задумацца над надзённымі духоўнымі пытаннямі. Але перш чым задумацца, неабходна нешта пачуць. А пачуць менавіта Божае слова.
    Святар прапанаваў моладзі правядзенне дыскатэк, падчас якіх чытаў пропаведзі ў стылі рэп. Не сумняваюся, што зала сабрала шматлікую моладзь. Хаця б з-за цікавасці да нечага новага. А гэта і было мэтай Роберта Фішэра.
    Калі звярнуцца да мінулага, то можна таксама знайсці цікавыя факты. Так, у верасні 1957 года падчас Імшы ў Манчэстэры гучаў рок-н-рол. Тэкстам царкоўных гімнаў акампаніраваў арган. Да таго былі яшчэ дзве электрагітары і ўдарныя інструменты - усё дзеля таго, каб прыцягнуць увагу моладзі да царквы.

    Віртуальнае хрысціянскае жыццё
    Па звестках INTERFAX, манах Максім з Расіі распрацаваў онлайн-версію гульні, якая будзе абапірацца на Божыя запаветы. Выконваючы іх, можна атрымаць бонусы, а ігнаруючы – папярэджванні або нейкія страты. Усё як у жыцці!
    У гульні можна паспрабаваць сябе нават ў ролі святара, біскупа. Сутнасць у тым, што ігрок заўсёды будзе стаяць перад выбарам, калі патрэбна правільна вырашыць нешта для сябе. А дзеля таго, каб дайсці да пераможнага канца, патрэбна весці праведнае жыццё.
    “Моладзь у любым выпадку бавіць час у віртуальным сеціве, і будзе лепш, калі яна будзе вучыцца не “страляць і забіваць”, а развівацца ў духоўным плане”, - разважае манах Максім.
    Каб дапрацаваць версію гульні, патрэбна яшчэ недзе каля года.

    Ад цікавасці да пачуцця неабходнасці
    Колькі розных спосабаў вынайшлі святары са светлай творчай знічкай у душы! І ўсё дзеля таго, каб заахвоціць моладзь да рэлігіі. Несумненна, гэта прыцягне ўвагу. Але ў любым выпадку, мала прыцягнуць увагу моладзі да царквы. Патрэбна яшчэ і ўтрымаць яе там.
    Няхай гэта будзе спачатку толькі цікаўнасць, затым – паглыбленне ў сэнс таго, што адбываецца. І ў выніку - злучэнне з верай намерам жадання і адчуваннем духоўнай патрэбы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.