ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Ян Павел II – наш Заступнік і Сябар у Мадрыдзе і не толькі!

На шляху да святасці

Дарагія маладыя сябры, якія запланавалі правесці жнівень разам з моладдзю ўсяго свету ў Мадрыдзе, і ўсе маладыя людзі нашай дыяцэзіі!
Папам Бэнэдыктам XVI Вы запрошаны да ўдзелу у Духоўнай Пілігрымцы на Свята маладых у Мадрыдзе: “На працягу надыходзячага года старанна падрыхтуйцеся да сустрэчы ў Мадрыдзе разам з вашымі біскупамі, вашымі ксяндзамі, адказнымі за душпастырства моладзі ў дыяцэзіях, у парафіяльных супольнасцях, таварыствах і рухах”. Нам засталося каля 4 месяцаў, перш чым мы станем удзельнікамі і сведкамі чарговай дэманстрацыі перад светам таго, што моладзь патрабуе Хрыста, імкнецца быць разам у Яго Касцёле.
    Чым бліжэй выезд, тым больш з’яўляецца ў нас непакою ў сувязі з цяжкасцямі пераезду, зборам сродкаў і запланаваннем часу. Тут правяраюцца наш давер Езусу і інтэнцыя паездкі. Задумайцеся: калі мы пачнём непакоіцца пра гэта, то страцім непаўторны шанс даверыцца нашаму Пану. Наш папа Бэнэдыкт XVI у пасланні на Сусветныя дні моладзі растлумачыў, на чым павінна асноўвацца наша падрыхтоўка да Мадрыда: “Якасць нашай сустрэчы будзе залежыць перш за ўсё ад духоўнай падрыхтоўкі, малітвы, агульнага слухання Божага слова і ўзаемападтрымкі”.
Непаўторны шанс для гэтага можа даць нам беатыфікацыя Яна Паўла II. З 1 мая мы ўсе разам будзем афіцыйна маліцца праз заступніцтва блаславёнага Яна Паўла II. Ведаючы пра магутнае пасрэдніцтва святых і блаславёных заступнікаў, мы можам заўжды звяртацца да іх па братэрскую дапамогу ў Бога. Яны безадказныя.
    Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў Яна Паўла II надзейным Заступнікам моладзі. Менавіта яго апецы як ініцыятара ўсіх Сусветных дзён моладзі было даверана правядзенне Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе. Калі ў 1986 г. Яна Паўла II адгаворвалі ад арганізацыі Сусветных дзён моладзі ў Буэнас-Айрэс у Аргенціне, то ён настаяў на сваім: Дні моладзі павінны адбыцца. Ён паверыў моладзі, а яна адарыла яго сваім даверам. Зразумець, як ён здолеў наладжваць кантакт з маладымі людзьмі, дапамагае яго прызнанне як Папы: “Для мяне самым важным сталі маладыя людзі, якія прыходзілі да мяне не столькі з пытаннямі пра існаванне Бога, колькі з пытаннямі пра тое, як жыць. Як жыць, гэта значыць, як знайсці вырашэнне праблемаў любові і сужэнства, а таксама праблемаў прафесійнай працы. Гэта былі менавіта тыя маладыя людзі, якія глыбока запісаны ў маёй памяці, якія сваімі пытаннямі ў пэўным сэнсе ўказвалі мне шлях”.
    Я думаю, што ў спіске вашых любімых святых заступнікаў Ян Павел II знойдзе сваё належнае месца як той, хто адкажа на цяжкія пытанні. Гэта нічога, што сёння ты можаш адчуваць сябе пад пагрозай з эканамічнага, прафесійнага ці ідэалагічнага пункту гледжання. Прыгадай сабе словы Яна Паўла II: “Мы не самотныя, бо Хрыстус заўжды блізка, Гасподзь гісторыі чалавецтва”.
    Папа добра ведаў, чаго баяцца маладыя людзі, таму дадаваў ім аптымізму. Хоць бы тады, калі жартаўліва звяртаўся да моладзі: “Да каго прыстанеш – такім і станеш”. Усе свае прамовы і пасланні да моладзі ён пачынаў са слоў: “Дарагія маладыя сябры!” Папа прамаўляў да кожнага з павагай і па-сяброўску. Варта задумацца: колькі з нас мае сапраўдных сяброў, якіх заўжды можна папрасіць аб дапамозе і быць упэўненым, што яны выслухаюць цябе, нават у самых цяжкіх хвілінах? Найбольшымі шчасліўчыкамі могуць быць тыя, хто можа сказаць, што маюць такога сябра. Шчасліўчыкамі будуць таксама тыя, якія абраў сваім сябрам Яна Паўла II. Аднак калі ты яшчэ не з’яўляешся яго сябрам, то цяпер, перад беатыфікацыяй, найлепшы час, каб стаць ім. Як гэта зрабіць? Тут мне прыходзіць на думку малітва адной маладой асобы: “Святы ойча Яне Паўле II! Я хачу ад усяго сэрца падзякаваць Табе за Тваё бацькоўскае слова і блаславенні, якіх Ты ўдзяляў і ўдзяляеш. Дзякуй Табе за тое, што ты няспынна прысутнічаеш сярод нас, а таксама за запэўніванне аб сталай прысутнасці і апецы Божага Сына. Гэта дае мне сілу для жыцця і пастаянных спробаў яго змены ў адпаведнасці з Езусам Хрыстом. Я прашу Цябе аб малітве за мяне і за ўвесь Касцёл, каб Твае словы прыносілі шчодрыя плады на зямлі”..

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.