ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Важныя ўспаміны з мінулых год

На шляху да святасці

Кс. арцыбіскуп Т. КандрусевічДваццацігоддзе ўстанаўлення Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца добрай нагодай, каб успомніць, якім быў Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне ў тыя часы.
    У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі сітуацыя Касцёла на Гродзеншчыне была значна лепшай, вера людзей таксама была мацнейшай і больш пастаяннай. Паўплывала на гэта перш за ўсё тое, што перыяд ганенняў быў карацейшы, было больш адчыненых касцёлаў і працавала больш святароў. Дапамагала блізкае суседства Літвы, куды вернікі вельмі часта ездзілі на набажэнствы. Вельмі карыснымі былі таксама кантакты з Польшчай.
    Хоць адначасова трэба падкрэсліць, што час ганенняў зрабіў сваё. Не было няспыннай і сістэматычнай катэхізацыі. Недастатковая колькасць дзеючых касцёлаў, адсутнасць святароў і асоб кансэкраванага жыцця, а таксама рэлігійнай літаратуры і прэсы негатыўна паўплывалі на якасць рэлігійнага жыцця. У выніку гэта было перш за ўсё масавае традыцыйнае хрысціянства, якое адыграла вельмі вялікую ролю ў захаванні веры і яе пераказе малодшым пакаленням простымі пацерамі, ружанцам, літаніямі, навучаннем праўдаў веры старэйшымі і, безумоўна, дзякуючы сем’ям, якія былі дамашнімі касцёламі.
    Традыцыйная, але адначасова моцная вера, памножаная на сведчанне трывання ў ёй, сталі добрым падмуркам для духоўнага адраджэння.
Стэфан з Гродна
    Я прыехаў у Гродна ў 1950 годзе. Вучыўся іграць на арганах. Мне трэба было працаваць, бо ў майго бацькі не было грошай, каб аплачваць маю вучобу. Я два гады працаваў на будоўлі Пабрыгіцкага кляштара. Жыў тады ў інжынера. Апрача гэтага, працаваў у Фары – аздабляў купал. Я займаўся гэтым цэлы год па вечарах, пасля працы на будоўлі. Потым у Пабернардынскім касцёле я жыў у арганіста. Там працаваў ксёндз Курыловіч, які памёр у 1954 годзе. Наступным пробашчам у гэтым касцёле стаў ксёндз Міхал Арановіч. Я працаваў у Пабернардынскім касцёле на працягу пяці гадоў. Прыходзіў, каб дапамагчы што-небудзь зрабіць, доўгі час маліўся ў гэтым касцёле, удзельнічаў у набажэнствах Крыжовага шляху, у ружанцы, спяваў там. За маю веру мяне пераследавалі. Мяне прымушалі, каб я не хадзіў у касцёл і не спяваў, бо гэта негатыўна ўплывае на працаўнікоў. Сясцёр назарэтанак выгналі з дома ксяндза, дзе яны жылі, таму яны пасяліліся пры Пабернардынскім касцёле. Іх было сем, яны дзейнічалі патаемна.

    Насталі 80-я гады.
    Пабрыгіцкі касцёл быў зачынены і спустошаны. У 1989 годзе сёстры назарэтанкі, ксёндз Арановіч і вернікі вырашылі, што трэба ісці да ўладаў і прасіць, каб тыя аддалі касцёл. Улады рабілі ў ім рамонт, але вельмі павольна. Там нічога не змянялася. Мы хадзілі да розных чыноўнікаў з просьбай аддаць касцёл. Нам усюды адмаўлялі. Мы ездзілі ў Мінск, потым у Маскву. У адной з маскоўскіх газет было напісана, што рэдакцыя дапамагае вернікам вяртаць касцёлы. Я заехаў да рэдактара гэтай газеты, аднак ён адмовіўся мне дапамагчы. Ён сказаў, што кіраўніцтва загадала яму размясціць гэты матэрыял у газеце, каб павялічыць падпіску. Я спытаўся ў яго, ці ён ведае, хто б мог мне дапамагчы вярнуць касцёл. Рэдактар сказаў, што ён ведае адну жанчыну, якая можа дапамагчы. Я паехаў да яе. Яна сказала мне падысці да яе кіраўніка. Яго пакой быў цёмны, лямпачка гарэла толькі над сталом. Ён выйшаў пад дзверы і сеў за стол. Мне сесці не прапанаваў. Я стаяў на працягу 1,5-гадзіннай размовы. “Чаго вы хочаце?” – спытаў мяне кіраўнік. Я расказаў пра касцёл, пра тое, што вернікі хочуць атрымаць яго назад. На што ён адказаў: “Вы прадаеце свечкі і пальмы, спяваеце, узбагачаецеся. Вам не аддадуць касцёл”. Ён сказаў, што мы не атрымаем касцёл назад, бо ў ім запланавана зрабіць канцэртную залу з арганам. Я сказаў, што мы дамовімся: канцэрт будзе а 17-й гадзіне, а св. Імша – а 18-й. Але ён нічога не хацеў слухаць. Я вярнуўся з Масквы ні з чым. Аб усім гэтым я расказаў ксяндзу і сёстрам. Мы пачалі хадзіць да мясцовых уладаў. Нам увесь час адмаўлялі.
    Аднойчы праз Гродна везлі фігуру Маці Божай Фацімскай. Мы папрасілі, каб пілігрымы затрымаліся пры касцёле на малітву. З гэтага часу вернікі пачалі збірацца каля гарадской і абласной адміністрацыі з ружанцам у руках. Мы маліліся ціха, каб занадта не перашкаджаць. Супрацоўнікі адміністрацыі ішлі і плявалі ў нас, гаварылі, што мы перашкаджаем ім працаваць. “Аддайце нам касцёл”, – адказвалі мы. Так мы хадзілі 2 – 3 тыдні. Нас было ад 40 да 150 чалавек.
    У абласную адміністрацыю нас хадзіла трое ці чацвёра, бо там трэба было называць сваё прозвішча. У нас была сустрэча з кіраўніком аблвыканкама. Сакратар не хацела нас прапускаць. Мы цэлы дзень чакалі ў прыёмным пакоі, але нас не ўпусцілі ў кабінет. Мы пачакалі гэтага чыноўніка на калідоры і паразмаўлялі з ім там. На жаль, ён не вярнуў нам касцёл.
    Праз нейкі час наша пастаянная малітва і дзяжурства паўплывалі на ўладу, і нам паабяцалі вярнуць касцёл. Нас прыйшло 40 чалавек, але было сказана, каб увайшло толькі некалькі вернікаў (з-за шуму).
    Як толькі адчыніліся дзверы, мы ўвайшлі ўсе разам, але стаялі так ціха, што шуму зусім не было. У цішыні камісія аддала нам паперы. Пазней каля касцёла, калі падрыхтоўвалі пратакол прыёму, я папрасіў чыноўнікаў зрабіць запіс у альбоме пажаданняў у сувязі з гэтай урачыстасцю. Яны не хацелі, але зрабілі.
    Пасля атрымання святыні мы адрамантавалі сакрыстую і зрабілі там каплічку, у якой штодзень адпраўлялася св. Імша. Усім не хапала месца, і вернікі стаялі на вуліцы перад адчыненымі дзвярыма. У 1992 годзе касцёл быў адрамантаваны і адчынены. Кс. Міхал Арановіч урачыста прынёс Найсвяцейшы Сакрамэнт з Пабернардынскага касцёла. Вернікі запоўнілі ўсю вуліцу Маладзёжную.
    На працягу пэўнага часу я працаваў у Фары – дапамагаў упарадкоўваць касцёл. Кс. Міхал Арановіч атрымаў дазвол адпраўляць св. Імшу на Вялікдзень, затым раз у квартал, нарэшце штомесяц. Мне дазволілі ўдзяляць святую Камунію, бо кс. Міхал павінен быў ісці на св. Імшу да Бернардынаў. У маі і чэрвені я павінен быў заўсёды быць ў Фары, каб пачаць літанію. У мяне быў гучны голас, а гучнагаварыцеляў не было, і арганіст чакаў, пакуль я не пачынаў спяваць.

    Гэнуэфа з Гродна
    У савецкі час дзейнічалі касцёлы ў Сапоцкіне, Адамавічах і Лабне. Касцёл у Перстуні быў зачынены ў 50-я гады, але вернікі не аддалі ключы ад святыні ўладам, а трымалі іх у сябе. Калі хто-небудзь паміраў, труну заносілі ў касцёл. На мяжы 80-х і 90-х касцёл вярнулі вернікам. Святыні быў патрэбны рамонт, які і быў зроблены. У жніўні 1990 года касцёл быў урачыста адчынены пры вялікай колькасці вернікаў. Я была там у той дзень і бачыла безліч людзей. У 90-я гады стала больш свабоды, у касцёл пачалі хадзіць дзеці. Але хто хацеў, той хадзіў і ў тыя часы. Чалавек павінен верыць, бо інакш гэта дрэнна паўплывае на яго ў будучыні. А цяпер бацькі нават немаўлят нясуць у касцёл.

    Фрэдэрыка з Гродна
    У савецкія часы я жыла ў Караліно, потым у Ласосна. Мы заўсёды збіраліся для сумеснай малітвы ў вялікім прыгожым доме. Гэта быў гонар для гаспадара, калі яго дом выбіралі для малітвы. Маліліся пераважна жанчыны і дзяўчаты. Мужчыны, на жаль, былі заняты іншымі справамі. Я пешшу хадзіла 10 кіламетраў на св. Імшу ў касцёл айцоў францішканаў. Людзі збіраліся разам і ішлі. Перад св. Імшой мы адгаворвалі ружанец, спявалі літаніі. У касцёле айцоў францішканаў св. Імша адпраўлялася раніцай і ўвечары. Я памятаю ксяндза Юзафа, які на працягу доўгіх гадоў быў там пробашчам. Улады перашкаджалі яму дзейнічаць. Пад карай забраць дазвол на душпастырскую працу яму забаранялася пускаць у касцёл дзяцей. Але ён хрысціў дзяцей, бласлаўляў маладыя сужэнствы, спавядаў – падтрымліваў агеньчык веры ў нашых сэрцах. Мае сыны таемна ўзялі шлюб і пахрысцілі дзяцей.
   
    Нэлі з Гродна
    Мая маці ў савецкія часы не баялася хадзіць у пілігрымку ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай. Яна хадзіла туды штогод. У яе быў пярсцёнак з выявай Божай Маці, які яна заўсёды насіла на пальцы. З ім быў звязаны цуд. Я была цяжка хворая, у мяне было кровазліццё, і я ляжала ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане. У мяне не было надзеі на ўрачоў, але я верыла, што калі да мяне прыедзе мама з гэтым пярсцёнкам, то я выздараўлю. Яна прыехала. Я паднесла яе руку да сэрца і расплюшчыла вочы. Яны былі залітыя крывёю, я не магла іх расплюшчыць цэлы месяц, а ў гэты момант боль мяне пакінуў. 15 хвілін я яго не адчувала. Потым ён зноў вярнуўся. З гэтага часу я пачала папраўляцца. Урачы не ведалі, што са мной здарылася. Пыталіся, хто да мяне прыходзіў. Я адказала, што гэта была Божая Маці.
    У 1989 годзе я дапамагала атрымаць назад Пабрыгіцкі касцёл, а калі яго вярнулі вернікам, я, што магла, перадавала на яго адбудову. Крыжы, устаноўленыя на касцёле, былі куплены на ахвяраваныя мною грошы.
    Я малілася ў Фарным касцёле, дапамагала падтрымліваць яго ў парадку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.