ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

“Карытас”: пытанні і адказы

Задай пытанне

4 красавіка госцем нашай рэдакцыі быў ксёндз Віталій Дабраловіч, дырэктар “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Прапануем самыя цікавыя пытанні, якія былі зададзены ў гэты дзень, а таксама адказы кс. дырэктара.
- Паважаны кс. Віталій, сёння Вы зазірнулі да нас у рэдакцыю, каб адказаць на пытанні, якія непакояць многіх людзей, трапіўшых у цяжкую сітуацыю і патрабуючых дапамогі, а таксама тых, хто хацеў бы далучыцца да гэтай дапамогі. З якім настроем Вы сёння прыйшлі?
    Рэдакцыя
    - Напэўна, я змагу адказаць не на кожнае пытанне, але прыкладу ўсе намаганні, каб мае адказы маглі дапамагчы людзям здабыць матэрыяльныя сродкі і аб’яднацца ў супольнай справе дабрачыннай дзейнасці. Пастараюся таксама дапамагчы парадай.

    - Скажыце, калі ласка, як даўно ў Беларусі існуе “Карытас”?
    Рэдакцыя
    - Касцёл вядзе дабрачынную дзейнасць ужо 20 гадоў, а з 1994 года “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі атрымала юрыдычную рэгістрацыю як рэлігійная місія.

    - Я маці траіх дзяцей. Якім чынам я магу атрымаць дапамогу?
    Ганна, Гродна
    - Каб атрымаць дапамогу, трэба мець пры сабе наступныя дакументы: спраўку аб складзе сям’і, спраўкі аб даходах сям’і, пашпарт і заяву, у якой Вы звяртаецеся з просьбай аб дапамозе.

    - Хто мае права атрымаць ад Вас дапамогу?
    Станіслаў, Ліда
    - Да нас можа звярнуцца кожная сям’я, якая мае статус мнагадзетнай, а таксама інваліды, самотныя, старэйшыя людзі і тыя, у каго даход на адну асобу ў сям’і складае менш за 330 000 беларускіх рублёў. Гэта на сённяшні дзень.

    - Як вам дапамагае дзяржава і ці наогул дапамагае?
    Марына, Воранава
    - Цікавае пытанне. Калі казаць канкрэтна аб фінансавай дапамозе, то дзяржава не дапамагае, бо вядома, што яе бюджэт не такі вялікі, каб выдзяляць сродкі на дзейнасць недзяржаўных арганізацый. Да таго ж наша заканадаўства не мае распрацовак ў гэтым напрамку. Аднак хачу адзначыць, што калі дзяржаўныя структуры маюць такую магчымасць, то дапамагаюць. І вельмі важным з’яўляецца тое, што яны заўсёды адкрыты на дапамогу ў рашэнні многіх бюракратычных спраў. Гэта аблвыканкам і райвыканкамы.

    - Адкуль у Вас сродкі на дзейнасць?
    Кацярына, Гродна
    - Пытанне, якое цікавіць многіх. У першую чаргу трэба шчыра падзякаваць нашым вернікам, бо найбольшую частку дапамогі аказвае сам Касцёл. На працягу года ёсць пэўныя дні, калі вернікі збіраюць фінансавыя сродкі на дзейнасць “Карытас”. Ёсць і замежная дапамога рознымі матэрыяльнымі сродкамі, якая пасля накіроўваецца ў парафіі, сацыяльныя цэнтры, інтэрнаты, бальніцы і ўсюды, дзе патрабуюць дапамогі.

    - З якімі краінамі Вы супрацоўнічаеце?
    Кацярына, Гродна
    - На сённяшні дзень - з Аўстрыяй, Германіяй, Польшчай. Стараемся наладзіць супрацоўніцтва з Чэхіяй і Літвой, а таксама з іншымі краінамі.

    - Ці дапамагаюць Вам мясцовыя фірмы?
    Павел, Мінск
    - Так, у меру іх магчымасцяў. Але як я ўжо адзначыў, наша заканадаўства не вельмі спрыяе заахвочванню да дабрачыннасці нашых фірм і арганізацый. Але мы спадзяёмся, што ў будучым гэта зменіцца. Дыскусіі над новым заканадаўчым праектам у гэтай галіне дзейнасці вядуцца даўно. Мы только можам перадаць свае пажаданні і заўвагі, але апрацаванне і прыняцце такіх законаў належыць да пэўных дзяржаўных структур.

    - Добры дзень, я інвалід 2 групы, маю невялікую пенсію, але шмат грошай прыходзіцца аддаваць на лекі. Даведаўся, што ў Вас ёсць магчымасць атрымаць дапамогу лекамі. Калі так, то якія гэта лекі і хто іх можа атрымаць?
    Kaзімір, Ашмяны
    - Так, у нас можна атрымаць асноўныя лекі, але мы не з’яўляемся аптэкай у поўным разуменні гэтага слова. Таму мы маем толькі тое, што можна купіць у аптэках без рэцэптаў. Аднак мы патрабуем рэцэпт і пасведчанне інваліда.

    - Калісьці ў Вас можна было атрымаць памперсы для дарослых. Цяпер адказваюць, што іх няма, і гэта ўжо даўно. Але ведаю, што некаторыя і сёння іх атрымліваюць. Растлумачце, калі ласка, гэтую сітуацыю.
    Maрыя, Гродна
    - Сапраўды, памперсаў няма ў той колькасці, як гэта было раней, сёння іх калі і прывозяць, то вельмі мала і вельмі рэдка. Зазвычай - 10-15 пачкаў, а да нас звяртаецца людзей у 15 разоў больш. Гэта звязана з тым, што многія фірмы выкупляюць права на пэўную марку, і мы не маем права іх прывезці ў Беларусь без юрыдычнай згоды праваўладальніка на тэрыторыі мытнага саюзу. Зазвычай іх цяжка атрымаць задарма, а плаціць - вельмі дорага.

    - Вось і скончыліся некалькі гадзін Вашага дзяжурства пры тэлефоне і інтэрнэце. Было шмат аналагічных або аднолькавых пытанняў. Кс. Віталій, ці гатовы Вы былі адказаць на ўсе?
    Рэдакцыя
    - Я быў гатовы адказваць і на больш складаныя пытанні, бо на іх мне прыходзіцца адказваць вельмі часта. Пытанні задавалі звыклыя людзі, зацікаўленыя штодзённымі справамі. Я чакаў, што мяне запытаюць пра тое, якія праекты ажыццяўляе “Карытас”, што мы плануем зрабіць у будучым.

    - А сапраўды, якія праекты ажыццяўляе “Карытас”?
    - На сённяшні дзень, разам з рознымі рэгулярнымі акцыямі, такіх праектаў каля 30. Найважнейшыя з іх – гэта дзіцячы адпачынак летам, дапамога матэрыяльнымі сродкамі, акцыя Божага Нараджэння, “Кухня для бедных”.

    - Вялікі дзякуй за Ваш час. Спадзяёмся, што нашы чытачы яшчэ будуць мець магчымасць задаць Вам хвалюючыя іх пытанні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.