ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Аб перайманні Хрыста

Слова рэдактара

13-329_by Ці пераймаць азначае крочыць з усмешкай на твары і з гітарай у руках у пілігрымцы? Або трымаць харугві ў працэсіі? А можа, гэта недахоп сіл для жыцця ці адчуванне, што ўжо ўсяго досыць? Гэта праўда, што сапраўдны вучань мае на ўсё гэта права. Аднак праўда таксама і тое, што сапраўдны вучань, які пераймае свайго Майстра, стараецца заўсёды кіраваць сваім хрысціянскім крэда. І робіць ён гэта, нягледзячы на розныя нялёгкія хвіліны і негатыўны жыццёвы вопыт.
   Сучасны чалавек, а асабліва малады, часта сцвярджае, што ён павінен быць незалежным, арыгінальным і заўсёды заставацца самім сабой. А перайманне кагосьці зрабіла б яго несапраўдным, вяло б да прыстасавальніцтва і залежнасці. Але калі лепш прыгледзецца да жыцця чалавека, можна заўважыць, што тыя самыя маладыя людзі часта слепа пераймаюць спевакоў і спартсменаў, а дзяўчаты спаборнічаюць у перайманні моды.
   Значыць, праблема заключаецца ў чымсьці іншым. Пераймаць некага ў знешніх дробязях лёгка, а вось пераймаць у працы над характарам, у прысвячэнні сябе іншым – намнога цяжэй. Такое самаўдасканаленне, імкненне да святасці можна параўнаць з узыходжаннем на гару, з пераадольваннем сілы прыцяжэння. Кожны, хто хадзіў па высокіх гарах, ведае, як гэта цяжка, як нялёгка бывае дайсці да мэты.
Такім чынам, наша хрысціянскае жыццё з’яўляецца такім мазольным узыходжаннем на гару – імкненнем стаць падобнымі да Хрыста. Таму што, як піша св. Павел, “Бог прызначыў людзей стацца падобнымі да вобразу Яго Сына” (Рым 8, 29). Давайце прыгледзімся да Святых. Іх святасць заключаецца менавіта ў прыпадабненні да Хрыста. Чым большая святасць, тым большае прыпадабненне. Людзі, якія маюць дачыненне з сапраўднымі Святымі, адчуваюць гэтае падабенства. Так, адзін з пілігрымаў у Арс, бліжэй знаёмячыся з пробашчам гэтай мясцовасці Янам Марыяй Віянэем, сказаў пра яго так: “Я ўбачыў Бога ў чалавеку”. А св. Францішка Асізскага называлі “другім Хрыстом”. Для выражэння думкі аб рэалізацыі Евангелля ў жыцці Святых св. Францішак Сальскі выкарыстаў такое параўнанне: “Паміж напісаным Евангеллем і жыццём святых няма большай розніцы, чым паміж мелодыяй, запісанай нотамі, і мелодыяй праспяванай”. Аб гэтым жа гавораць і словы дзіцячай песні: “Такі вялікі і такі малы можа быць святым. Такі я і такі ты можа быць святым”. Я і Ты – гэта значыць мы ўсе, кожны з нас. Неабходна толькі ажыццявіць гэты сур’ёзны крок і зрабіць свой выбар.
   У адным са сваіх артыкулаў я прыгадаў, што вера – гэта жыццё, таму яна падпарадкоўваецца такім жа законам, як і ўсё жыццё. Я лічу, што вельмі важна знайсці ў хрысціянстве свайго часу тое, што ляжыць на сэрцы, а перш за ўсё на такім сэрцы, якое павінна быць напоўнена Богам. А таму ў сённяшнім свеце мы зможам дыхаць поўнымі лёгкімі, адчуваць паўнату зямнога жыцця і радавацца яму толькі пераймаючы Збавіцеля.
   Дазволю сабе закрануць асабістую тэму: дома мяне заўсёды вучылі, што першае месца належыць Богу. Вучылі павазе да Касцёла, да Божай навукі. Таму на заняткі рэлігіі я заўсёды хадзіў па сваім уласным жаданні, якое б ні было надвор'е і як бы я ні быў заняты. Проста кожны з нас павінен выбраць: ці хоча заўсёды быць з Богам, ці лічыць, што яго гэта стамляе, мучыць і ўвогуле не цікавіць.
   Усё ж такі проста запальванне свечкі перад фігурай Святога ці захапленне тварамі з арэолам не зробяць нас святымі. Святы ўжо прайшоў свой шлях да Стварыцеля. А ў кожнага з нас – свой шлях да Яго. Таму на сцежках свайго зямнога вандравання неабходна памятаць пра заклікі Хрыстовага Евангелля.
   А таму каб пераймаць Хрыста, неабходна цвёрда стаяць на зямлі, не губляючы пры гэтым з вачэй неба.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.