ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Сэрца дыяцэзіі б'ецца для нас

Семінарыйная газета

Кс. рэктар  Юзаф СтанеўскіДарагія Чытачы і Сябры “Слова Жыцця”!
   Спачатку я хацеў бы выказаць словы прызнання і падзякі галоўнаму рэдактару кс. Паўлу Салабудзе і калектыву рэдакцыі газеты за ініцыятыву цікавай рубрыкі “Задаём пытанні”, дзякуючы якой Чытачы могуць шмат даведацца аб касцёльных установах. Мяне цешыць той факт, што гродзенская семінарыя таксама не засталася без увагі, а нават, як сведчаць зададзеныя пытанні, выклікае цікавасць вернікаў не толькі Гродзенскай дыяцэзіі.
Адказваючы на пастаў­леныя пытанні, я хацеў бы спачатку прыгадаць агульную інфармацыю аб Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Наша семінарыя паўстала 28 жніўня 1990 г. Яе заснаванне дало надзею Касцёлу не толькі ў Беларусі, але таксама на Украіне і ў Казахстане, таму што ў першыя гады тут навучаліся алюмны таксама з гэтых тэрыторый. Пачаткі былі цяжкія і складаныя. Не хапала выкладчыкаў і выхаваўцаў, кляштарныя будынкі не былі прыстасаваны да навучання і пражывання клерыкаў. Але кандыдатаў да святарства было многа, бо на першым курсе было 40 клерыкаў, прадстаўнікоў некалькіх дзяржаў і народаў. Нас аб’ядноўвалі адна вера, адзін Хрост і прага Хрыстовага святарства. За час свайго існавання гродзенская семінарыя падрыхтавала да свядомага рашэння прыняцця святарскага пасвячэння звыш 180 алюмнаў. Нашы выхаванцы абвяшчаюць праўду Хрыстовага Евангелля на розных кантынентах, займаюць розныя касцёльныя пасады: парафіяльных пробашчаў і вікарыяў, выкладчыкаў семінарыі і свецкіх навучальных устаноў, працаўнікоў службы ватыканскай дыпламатыі і дыяцэзіяльных курый.
    Сучаснае жыццё семінарыі – гэта малітва і навука, праца і разважанне. Нягледзячы на тое, што семінарыя з’яўляецца навучальнай установай закрытага тыпу, семінарысты кожны дзень удзельнічаюць у жыцці Касцёла і грамадства праз рознага тыпу акцыі, напрыклад, з’езды моладзі і міністрантаў, пілігрымкі і рэкалекцыі для моладзі, спаборніцтвы па футболе і музычныя выступленні, працу з дзецьмі ў Дамах Дзіцяці і дапамогу бедным.
    У гісторыю семінарыі залатымі літарамі ўпісаны сустрэчы з бласлаўлёным Янам Паўлам II у Элку, Вільні, Беластоку, Вроцлаве, Кіеве, Львове, Астане, а таксама з Пятром нашых часоў Бэнэдыктам XVI у Варшаве і ў Рыме ў 2010 годзе. Нашу семінарыю наведвалі кардыналы і біскупы, прэзідэнты і прэм’еры. Блізкімі людзьмі для нашай Alma Mater з’яўляюцца бацькі і родныя нашых семінарыстаў, пробашчы і выхавацелі.
    Сёння семінарыя перажывае сваё 20-годдзе, што з’яўляецца нагодай для таго, каб падвесці вынікі з мінулага, задумацца над сучаснасцю і запланаваць будучыню. Кожны наступны год узбагачае нашу гісторыю, а кожны новы кандыдат дадае надзею.

    - Ці можа клерык, які скончыў першы курс духоўнай семінарыі ў Польшчы, перавесціся ў семінарыю ў Гродне? (Валерый, Гродна)
    - Такая магчымасць ёсць. Канферэнцыя Епіскапату Беларусі прыняла спецыяльныя нормы, якія рэгулююць прыняцце ў дыяцэзіяльную семінарыю. Неабходна звярнуцца ў рэктарат, падаць адпаведныя дакументы і абмеркаваць гэтую справу.

    - Як выглядае звычайны дзень кс. Рэктара? (Аляксандр, Ліда)
    - Я належу да семінарыйнай супольнасці, тут жыву і працую, таму стараюся прытрымлівацца семінарыйнага ладу жыцця: ранішняя малітва, святая Імша, лекцыі ці праца ў офісе семінарыі, пасля абеду трохі адпачынку, падрыхтоўка да заняткаў, асабістая малітва. Па магчымасці я не забываю таксама і аб тым, што з’яўляюся сынам, братам, сябрам, таму наведваю сям’ю, родных і сяброў. Безумоўна, гэта не штодзённая практыка.

    - Калі сёлета адбудуцца ўступныя іспыты ў ВДС? Як яны выглядаюць? (Юрый, Смаргонь)
    - У гэтым годзе ўступны экзамен плануецца на 1 жніўня, пачатак а 10-й гадзіне. Ён складаецца з пісьмовага адказу на пытанні (18 пытанняў на веданне асноў рэлігіі: Святое Пісанне, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла), сачынення на тэму: “Святарская постаць бласлаўлёнага Яна Паўла II як узор майго паклікання” і кваліфікацыйнай размовы з прадстаўніком экзаменацыйнай камісіі.

    - Які вучэбны прадмет у семінарыі з’яўляецца найбольш важным для будучага святара? (Павел, Гродна)
    - На працягу 6-ці гадоў навучання ў семінарыі алюмны атрымліваюць веды па звыш 50-ці прадметах, кожны з якіх з’яўляецца абавязковым элементам у фарміраванні будучага святара. Гаворачы пра найважнейшае, неабходна ўказаць крыніцу: Святое Пісанне – скіраванае да чалавека Божае Слова. Без ведання Святога Пісання, а асабліва Новага Запавету, немагчыма зразуменне святарскага паклікання і яго будучая рэалізацыя.

    - Ці пасля заканчэння семінарыі святар павінен яшчэ дзе-небудзь давучвацца? (Вольга, Ваўкавыск)
    - Мы ўвесь час заўважаем дынаміку сучаснага свету. Касцёл – гэта людзі, якія таксама пастаянна развіваюцца, ставяць патрабаванні і патрабуюць навізны. Выходзячы насустрач гэтым патрабаванням, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч арганізаваў у дыяцэзіі “Пастырска-фармацыйныя курсы для маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі”. У нашай дыяцэзіі арганізоўваюцца таксама штомесячныя дні засяроджання з навуковай часткай, заняткі і навуковыя сімпозіумы.

    - Я доўгі час быў міністрантам, а цяпер ім не з’яўляюся. Ці магу я здаваць экзамены ў семінарыю? (Валерый, Ліда)
    - Пакліканне з’яўляецца прыгожым асабістым перажываннем маладога мужчыны, які чуе голас Хрыста “Пайдзі за Мной”. Яго чуе як міністрант, так і выкладчык універсітэта, выпускнік інстытута ці сярэдняй школы, працаўнік фабрыкі ці калгасу. Калі Ты чуеш голас Пана, мы чакаем Цябе ў семінарыі.

    - Колькі клерыкаў і выкладчыкаў у семінарыі на сённяшні дзень? (Святлана, Мінск)
    - Са статыстычных дадзеных вынікае, што лічба алюмнаў кожны год розная: яна вагаецца ад 136 да 51. На жаль, у апошнія гады назіраецца змяншэнне колькасці пакліканняў. А вось выкладчыцкі склад штогод павялічваецца, на дадзены момант у семінарыі працуе 30 выкладчыкаў.

    - Ці можна ў семінарыі атрымаць нездавальняючую адзнаку? Якія адзнакі атрымліваюць клерыкі? Ці дастаткова быць толькі разумным, каб скончыць семінарыю? (Аляксандр, Малая Бераставіца)
    - План семінарыйных заняткаў прадугледжвае дзве экзаменацыйныя сесіі: зімовую і летнюю. У гэты час “вырашаецца лёс”, алюмны дэманструюць экзаменатарам атрыманыя веды. Шкала адзнак у семінарыі наступная: 5, 4+, 4, 3+, 3, 2+, 2, кожная з гэтых адзнак пасля аб’ектыўна ацэненага адказу запісваецца ў заліковую кніжку клерыка. У семінарыю можа паступіць і скончыць яе чалавек глыбока веруючы, які зможа зразумець і палюбіць словы Хрыста “Пайдзі за мной”, атрымліваючы Valde bene ў людской, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі, злучаныя з глыбокай верай і непахіснай надзеяй, укаранёны ў любові да Бога і людзей.

    Хачу заахвоціць маладых хлопцаў і дадаць ім смеласці, каб яны не толькі не баяліся адчыніць дзверы Хрысту, але і дазволілі Яму стаць іх Сябрам. Усіх нашых сяброў і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў нашай любімай Беларусі мы ўпэўніваем у малітве. Давайце дазволім, каб для праўды Хрыстовага Евангелля адкрыліся нашы сэрцы і розумы, каб супакой Хрыста быў удзелам кожнага з нас.
    Я хацеў бы падзякаваць усім дыяцэзіянам за малітоўную і фінансавую падтрымку нашай установы. Сэрца семінарыі б’ецца для Вас, а таму мы будзем Вам вельмі ўдзячны за далейшую дапамогу.
   
УНП 500242016: ОКПО 29038348, р/с 3015282680014, Головной филиал по Гродненской области ОАО «Белинвестбанк» Код 152101705, г. Гродно, ул. Мицкевича, 3.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.