ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Горад вялікай культуры і багатай гісторыі

Семінарыйная газета

Здаецца, не так даўно мы пачалі навучальны год, а ўжо ён падышоў да канца. Пасля залічанай сесіі мы скончылі год навучання і фармацыі. Ён быў чарговым крокам на нашым шляху да мэты, якой з’яўляецца жаданае святарства. 2010/2011 навучальны год мы закончылі, можна сказаць, незвычайна: дзякуючы намаганням нашых кіраўнікоў была арганізавана экскурсія ў Львоў. Для нас гэта быў вялікі сюрпрыз, аб якім я хацеў бы расказаць чытачам “Слова”. Кожны год у маі ў нашай семінарыі арганізоўваюць падарожжы, называныя маёўкамі, таму што яны адбываюцца заўжды ў марыйным месяцы. Аб сёлетняй маёўцы мы маглі толькі марыць.
    Львоў – гэта горад заходняй Украіны, які мае багатую культурную і гістарычную спадчыну. Ён налічвае звыш 800 тысяч жыхароў. Гаворачы пра Львоў, можна сказаць так: чым для Польшчы з’яўляецца Кракаў, а для Беларусі - Нясвіж, тым для Украіны з’яўляецца Львоў.
Мы пачалі пілігрымку а 22-й гадзіне супольнай малітвай у семінарыйнай капліцы. Да нашай мэты мы імкнуліся на працягу ўсёй ночы. Як жа вялікай была наша радасць, калі на ўказальніку дарог мы прачыталі надпіс: “Львів”. Каб не марнаваць аніводнай хвіліны, адразу ж пасля прыезду мы адправіліся на экскурсію па горадзе. На працягу двух дзён побыту ў Львове мы не здолелі паглядзець усе яго помнікі. Убачылі тры катэдры: рымска-каталіцкую Унебаўзяцця НПМ, грэка-каталіцкую св. Юрыя і армянскую. У рымска-каталіцкай катэдры мы ўдзельнічалі ў св. Імшы, галоўным цэлебрантам якой быў арцыбіскуп львоўскі Мечыслаў Макшыцкі, шматгадовы сакратар бл. Яна Паўла II. У размове з іерархам кс. рэктар Юзаф Станеўскі заўважыў, што ўкраінскі і беларускі Касцёлы як бы перажываюць сваю вясну. Ксёндз арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі атрымаў запрашэнне прыехаць у Гродна. Мы чакаем гэтага візіту з нецярплівасцю.
    Шпацыруючы вуліцамі Львова, мы здзіўляліся яго прыгажосці і ўзнёсласці. Колькі тут гістарычных помнікаў, колькі вядомых асоб жыло ў гэтым горадзе! Мы пабывалі на славутых Лычакоўскіх могілках, дзе пахаваны асобы, заслужаныя для Львова, украінскай і польскай зямель і ўсяго свету. Наведалі магілы Марыі Канапніцкай, Стэфана Банаха, Уладзіслава Бэлзы. На гэтых могілках знаходзіцца таксама магіла Львоўскіх арлянят. У 1918 г., калі ў Львове па прычыне ваенных дзеянняў засталіся пераважна дзеці і жанчыны, горад пачало атакаваць украінскае войска. Тады менавіта дзеці і жанчыны ўзялі ў рукі зброю, каб абараняць Львоў. Вельмі ўзрушваюць надпісы на помніках: значная частка загінуўшых – гэта дзеці і моладзь. А такіх магіл - каля 3000.
    Мы мелі таксама нагоду наведаць Верхні замак. Гэта ўзгорак вышынёй 430 метраў над узроўнем мора. Пасля таго, як дайшлі наверх (падчас узыходжання я налічыў каля 323 прыступак), мы захапляліся прыгожай панарамай Львова з вышыні птушынага палёту. Як сказала экскурсавод, гэта любімае месца вучняў-прагульшчыкаў, а таксама выпускнікоў школ, якія прыходзяць сюды, каб сустрэць узыход сонца.
    Шмат можна было б яшчэ ўбачыць у гэтым прыгожым горадзе, але час прайшоў хутка, і мы мусілі вяртацца ў роднае Гродна. Да пабачэння, Львоў, горад вялікай культуры і багатай гісторыі. Цяпер мы ўжо ведаем, чаму цябе любіць так шмат лю-дзей ва ўсім свеце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.