ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Чаму я пайшоў у пілігрымку

З жыцця Касцёла

У гэтым годзе на свята Маці Божай Тракельскай прыбыло звыш 2000 пешых пілігрымаў. Найдалей было ісці пілігрымам з Гродна, Ваўкавыска і Смаргоні. Напрыклад, пілігрымы з Гродна прайшлі 140 км за пяць дзён. Што прымушае людзей пакінуць звычайны лад жыцця і вырушыць у дарогу, каб, пераадольваючы стому, сонца і дождж, ісці да абраза Маці Божай у Тракелях? Я шукаў адказу на гэтае пытанне сярод тракельскіх пілігрымаў.
Маргарыта (удзельнічала ў пілігрымцы чацвёрты раз) і Алёна (упершыню) з Ашмян распавялі наступнае:
    - Мы пайшлі ў пілігрымку, бо хацелася прыйсці да Маці Божай, памаліцца за ўсіх сваіх родных, за іх здароўе. - Мы пайшлі пешшу, каб адчуць увесь шлях, каб было цяжка і весела. У дарозе нацерлі мазалі. Ёсць розніца, пераадолець гэтую дарогу пешшу або на аўтамабілі. Прыйшоўшы ў Тракелі пасля цяжкай дарогі, мы адчувалі лёгкасць на душы.

   Павел (удзельнічае ў пілігрымцы штогод, пачынаючы з першай):

    - Для мяне гэта стала добрай традыцыяй: я стараюся прыйсці ў Тракелі кожны год, каб памаліцца, падзякаваць Богу. У кожнага чалавека ёсць просьбы, з якімі ён прыходзіць сюды з надзеяй, што ўсё будзе добра. Пілігрымка пешшу дае магчымасць адарвацца ад той рэальнасці, тых абставін, якія штодзённа акружаюць чалавека. Пілігрымка дазваляе таксама паглядзець па-іншаму на гэтыя абставіны, на сваё жыццё і ўчынкі. Для мяне важна, што паломніцтва дае магчымасць пагля-дзець на некаторыя рэчы з іншага пункту гледжання, на што ў штодзённым жыцці не хапае часу або цішыні.

    Размаўляючы з дзяўчынамі (абедзвюх завуць Вольгамі), якія прыйшлі з пілігрымкай з Ліды, я неспадзявана даведаўся, што тыдзень таму яны былі ў пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай, разам з іншымі пілігрымамі прайшоўшы пешшу ад Мінска да Будслава за пяць дзён.
    - Мы ішлі да Маці Божай, каб Яе ўбачыць, – сказала першая.
    - Асабіста я ніколі дагэтуль не была ў Будславе, – падзялілася другая.
    - І да таго часу, пакуль я не пайшла ў Будслаў, мая вера была такая нетрывалая, кволая. Хаджу ды хаджу ў касцёл. Але пайшла ў Будслаў – і змянілася на вачах. Я добра паспавядалася, і мне адразу стала так лёгка. Я прыйшла да Маці Божай, пакланілася Ёй – і мяне як падмянілі. Я вельмі раю ўсім проста прыйсці, пакланіцца і сказаць: “Добры дзень, Маці мая родная, Божая Маці”. І памаліцца, напрыклад, словамі: “Тваёй абароне аддаюся, святая Багародзіца”. Мне здаецца, што ў кожным павінна нешта змяніцца. Але калі нешта не атрымаецца, сумленне не зменіцца і вы застанецеся такімі ж, як і былі, то можа, гэта знак таго, што трэба яшчэ больш пастарацца і схадзіць у Тракелі, потым - у Гудагай, з’ездзіць на рэкалецыі ў Рось, пабываць у Івянцы. Усім раю 5 – 7 жніўня прыняць удзел у рэспубліканскай сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы. Бо гэта вельмі цікавы вопыт, цікавае правядзенне часу, магчымасць адпачыць цікава, з душою, а не проста пасядзець з сябрамі ля пад’езда. Хоць вы будзеце стомлены, з кругамі пад вачыма, але зменіцеся ў лепшы бок.
    - У пілігрымку ідуць таксама, каб спаткацца з тымі, хто вакол нас.
    - Для мяне пілігрымка – гэта шлях да сэрца людзей, якія ідуць побач. І калі чалавек, які ідзе ў пілігрымцы, гэтага не ведае, то яна ператвараецца для яго ў звычайны паход, дзе трэба проста прайсці ад прывалу да прывалу, у хадзьбу без сэнсу. Мы асабіста крочым не толькі да Маці Божай, але і да сэрцаў іншых людзей. Мне здаецца, што Яна нас вядзе і вельмі дапамагае на гэтым шляху. І таму нашы малітвы і песні і ўсе іншыя спосабы, якімі мы праслаўляем Бога, дапамагаюць у адносінах як з людзьмі, так і з Творцам.

    Сястра Агнэс далучылася да пілігрымкі Гродна – Тракелі ў Азёрах. Яна расказала, як за час пілігрымкі моладзь змянілася ў духоўным плане:
    - Маладыя людзі пазнаёміліся, сталі дружней. Падчас малітвы на ружанцы яны прасілі Панну Марыю аб тым, каб Яна дапамагла вытрымаць дарогу, навучыла павазе, цярплівасці адзін да аднаго, увазе да патрэб іншага чалавека. І сапраўды, мы сталі адной сям’ёй, перажывалі адзін за другога, клапаціліся адзін аб адным.
    Кусташ санктуарыя ксёндз канонік Павел Галіньскі расказаў, што штодзённа да Маці Божай Тракельскай прыязджаюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі і свету. Цуды адбываюцца ў сэрцах гэтых людзей, а таксама – цудоўныя выздараўленні. Адпраўляецца шмат набажэнстваў падзякі за выздараўленні, здадзеныя экзамены, нараджэнне дзіцяці. Нядаўна адбыўся яшчэ адзін цуд: дзяўчынка вылечылася ад рака крыві.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.