ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Духоўны адпачынак

Слова рэдактара

15-331_by Для многіх з нас канікулы з’яўляюцца перш за ўсё часам адпачынку. Аднак часта можна пачуць з амбоны словы пробашча, які напамінае вернікам аб тым, каб і падчас адпачынку яны не забывалі пра Бога, пра малітву, пра нядзельную Эўхарыстыю, дадаючы ў канцы, што ад Бога няма ані канікул, ані водпускаў.
   З іншага боку, часта паўжартам сцвярджаецца, што пасля Божага Цела ў касцёле няма святара або што пасля Божага Цела працы ў касцёле няшмат. Пэўная доля праўды ў гэтым ёсць. Ужо за намі велікодны перыяд, Спасланне Святога Духа, Божае Цела і пілігрымкі ў Тракелі. Папа, па традыцыі, у ліпені выязджае на адпачынак са спякотнага Рыму ва ўтульны Кастэль Гандольфо. Адны любяць адпачываць, а іншыя скардзяцца, што не маюць на гэта ані часу, ані фінансаў. Аднак мы, на жаль, не заўсёды звязваем нашу працу ці адпачынак з Богам. Чаму так адбываецца?
   За мяжой усё больш вядомымі і папулярнымі становяцца т.зв. духоўныя адпачынкі. Пры розных манаскіх супольнасцях паўстае шмат цэнтраў, дзе можна ў цішыні і спакоі адпачыць некалькі дзён. Адпачывальнік мае доступ у капліцу, у супакоі і цішыні можа набрацца сіл. Папулярнасцю карыстаюцца таксама пілігрымкі ў розныя святыя месцы. Гэта значыць, што людзей ужо менш цікавяць пяцізорачныя гатэлі, а хутчэй – адасобленае зацішнае месца.
Я лічу, што такі духоўны адпачынак патрэбны кожнаму з нас. У сённяшні ўсё больш мітуслівы час ён проста неабходны. Цішыня – гэта для кожнага з нас шанц на спатканне з Богам, якое нас узбагачае і ачалавечвае. Аднак у Беларусі такі від адпачынку яшчэ мала вядомы, а чалавек “адпачывае” альбо на сваім лецішчы, альбо ўвогуле аддае перавагу мітусні і забавам.
   Тое, што падчас адпачынку мы часта забываем пра хрысціянскія абавязкі, становіцца ўсё большай праблемай. На маю думку, так адбываецца таму, што наша пакаленне не вельмі добра навучана паняццю sacrum. Хтосьці чуе, што павінен хадзіць у касцёл, таму што бацькі і дзяды туды ходзяць, іншым тлумачыцца, што ўсе так робяць, што сёння наведаць святыню раз у месяц і паставіць свечку – гэта модна. Толькі нямногія разумеюць, што чалавечае жыццё цяжка сабе ўявіць без спаткання з Богам. Толькі пасля сустрэчы са Стваральнікам мы адчуваем сябе адпачыўшымі, поўнымі сіл, імкнёмся дзейнічаць, здзяйсняючы “цуды на зямлі”.
   Духоўны адпачынак павінен садзейнічаць таму, каб знайсці і выпрацаваць у сабе “новае стварэнне”, пра якое гаворыць св. Павел. Гэтае аднаўленне сябе, пра якое ўспамінае Апостал народаў, адбываецца дзякуючы малітве. Хвіліны спаткання з Богам – гэта час ласкі для кожнага з нас, а таму не варта, нават падчас канікул, адмаўляцца ад Божай ласкі. А старэйшаму пакаленню трэба паклапаціцца пра дзяцей і моладзь, каб яны ўмацоўвалі ў сабе атрыманыя дары і радасна памнажалі іх плён. Безумоўна, той, хто моцны і сталы ў сваёй веры штодзённа, не будзе мець праблем з менавіта духоўным адпачынкам. Такім чынам, духоўнае і рэлігійнае самавызначэнне дапамагае кожнаму з нас усвядоміць, што мы, перш за ўсё, істоты духоўныя. Мы павінны развіваць гэты прыгожы дар, які атрымалі ад Бога толькі мы, людзі.
   Дарагія Чытачы, нашай рэдакцыі таксама патрэбны адпачынак. Я спадзяюся, што гэта будзе перш за ўсё духоўны супакой. Як Вы, напэўна, заўважылі, у апошні час на старонках нашай газеты адбылося шмат змен. Разнастайнасць у яе ўнеслі новыя праекты і рубрыкі. У нашых планах – рэалізацыя яшчэ многіх цікавых задум. Аднак паколькі гэта наша супольная газета, мы будзем удзячны Вам за парады. Мы спадзяёмся, што Вы пасадзейнічаеце таму, каб Божае слова, якое абвяшчаецца са старонак нашай газеты, пачула і ўпусціла ў сваё сэрца як мага больш людзей. Няхай чытанне “Слова Жыцця” будзе для кожнага з Вас тым самым духоўным адпачынкам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.