ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Новыя старонкі з жыцця гродзенскай дыяцэзіі: новы касцёл

З жыцця Касцёла

14 жніўня ў Беліцы (дэк. Ліда) адбылося асвячэнне новага касцёла. Асвяціў яго кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што будаўніцтва касцёла – гэта вялікая справа. На ўрачыстасць прыбыaло шмат святароў і манаскіх сясцёр з дэканата і ўсёй дыяцэзіі; прысутнічалі таксама спонсары, прадстаўнікі свецкіх улад, госці з краіны і з замежжа, а таксама парафіяне. Перад пачаткам св. Імшы Алена Марчукевіч ад імя ўсіх парафіян прывітала кс. біскупа Аляксандра, а кс. пробашч Валянцін Хвядук коратка прыгадаў сабраным гісторыю ўзнікнення новай святыні.
    На пачатку снежня 1997 года адбылося першае спатканне парафіян, на якім было вырашана распачаць будаўніцтва новага касцёла, таму што на пачатку 70-х гадоў парафіяльная святыня св. Юрыя была разбурана. Быў выбраны парафіяльны камітэт, і распачаліся арганізацыйныя працы. Старшынёй камітэта абралі Фелікса Мараўскага. Душпастырам парафіі ў той час быў кс. Уладзіслаў Гжэгорэк. Пра будаўніцтва касцёла даведаўся Юліян Стоцкі, жыхар Ольштына (Польшча). Ён прыехаў у Беліцу і прыняў актыўны ўдзел у будаўніцтве, таму што касцёл павінен быў стаць на зямлі, дзе знаходзіўся дом, у якім некалі жылі яго бацькі. Праект касцёла і навакольнай тэрыторыі з’яўляецца заслугай менавіта Юліяна Стоцкага, які, на жаль, ужо адышоў у вечнасць.
Першы вуглавы камень пад пабудову новага касцёла быў закладзены 1 лістапада 1998 года. Пры будаўніцтве святыні дапамагалі Станіслаў Рысік, Рышард Кацынэль, Казімір Банцэвіч і Іван Янюк. Кіраваў будаўніцтвам Андрэй Крывеня, а старэйшым брыгады быў Валерый Радзюк, які ўжо таксама адышоў да Бога па вечную ўзнагароду. У перыяд будаўніцтва касцёла ў парафіі працавалі наступныя святары: кс. Уладзіслаў Гжэгорэк, кс. Андрэй Горбач, кс. Ян Балтрукевіч і цяперашні пробашч кс. Валянцін Хведзюк. Падлогу ў касцёл ахвяраваў Юзаф Дудзіч. Нямала дапамог Уладзімір Падкапаеў. Жырандолі ў касцёл ахвяравалі бацькі кс. Валянціна: Януш і Зоф'я Хведзюкі. З Божай Волі зямляк і парафіянін Мечыслаў Жыгала ўсяляк дапамагаў пры будаўніцтве святыні і робіць гэта надалей. Дзякуючы яго шчодрасці і шчыраму сэрцу, была зроблена агароджа прыкасцёльнай тэрыторыі, ацяпленне, касцёл пафарбавалі ўнутры. Лаўкі і студню зрабіў Аляксей Гельвей. Дапамогу аказвалі таксама раённыя ўлады. Дзякуючы дапамозе гэтых і іншых людзей добрай волі сёння парафія св. Юрыя ў Беліцы цешыцца новай святыняй.
    Урачыстую св. Імшу ў дзень асвячэння святыні пастыр дыяцэзіі ахвяраваў у інтэнцыі вернікаў Беліцы і іх душпастыра. У пастырскім слове ксёндз біскуп адзначыў, што гэта вельмі важная хвіліна жыцця нашай маладой дыяцэзіі. “Святыня, – гаварыў кс. бп Аляксандр, – з’яўляецца сведчаннем таго, што тут жывуць людзі, якія любяць Бога”. З Божым словам да сабраных вернікаў звярнуўся кс. Раман Катлімоўскі. Казнадзей адзначыў, што кожны з нас – гэта жывая святыня, жывы касцёл, фундаментам якога з’яўляецца сам Хрыстос. Эўхарыстычную літургію ўпрыгожыў хор “Паланэз” з Мінска.
    Перад заканчэннем Эўха­рыстыі адбылася прэзентацыя памятных медалёў, якія з нагоды асвячэння новага касцёла зрабіў Мечыслаў Жыгала і падараваў ксяндзу біскупу, сыну сп. Юліяна Стоцкага – Эдуарду Стоцкаму, святарам, якія працавалі пры будаўніцтве касцёла, а таксама пробашчу Валянціну Хведзюку, які давёў справу будаўніцтва касцёла да канца. Пясля ўручэння медалёў пастыр дыяцэзіі ўручыў Мечыславу Жыгалу і яго сям’і ганаровую грамату. Ксёндз біскуп адзначыў пры гэтым, якая вялікая Божая справа адбылася на вачах усіх прысутных. На заканчэнне ўрачыстасці ўсім парафіянам Беліцы было ўдзелена пастырскае блаславенне. Ксяндзу пробашчу быў перададзены ліст кс. бпа Антонія Дзям’янкі, які не мог прыняць удзел ва ўрачыстасці. Ксёндз біскуп у сваім лісце напісаў між іншым: “Гэтыя землі дарагія майму сэрцу, таму што не так даўно з-за адсутнасці святара і святыні шмат людзей з беліцкай парафіі карысталіся паслугай душпастыра з Навагрудка. Няхай Бог Вас бласлаўляе, а гэтая святыня будзе для Вас Божым Домам і брамай у Рай”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.