ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Новыя старонкі з жыцця гродзенскай дыяцэзіі: новы алтар

З жыцця Касцёла

5 жніўня, ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, падчас св. Імшы ў гродзенскай катэдры быў урачыста адкрыты і асвечаны галоўны алтар. Эўхарыстыю ўзначаліў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім св. Імшу цэлебравалі ўсе біскупы Беларусі і вялікая колькасць святароў з дыяцэзіі і з па-за яе межаў. На св. Імшу прыбыло шмат вернікаў, прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў і дзяржаўных улад.
    На пачатку Эўхарыстыі кс. бп Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх сабраных гасцей і прыгадаў вернікам цяжкія гады аднаўлення алтара. Кс. бп Аляксандр падкрэсліў, што сёння гэты цудоўны алтар у катэдры з’яўляецца “адлюстраваннем прыгажосці нашай душы”, а затым падзякаваў прадстаўнікам Міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, усім людзям добрага сэрца, а таксама ксяндзу Яну Кучыньскаму за працу па аднаўленні алтара. На заканчэнне св. Імшы кс. пробашч падзякаваў усім за духоўны і матэрыяльны ўклад у вялікую справу аднаўлення алтара, а таксама заахвоціў вернікаў да штодзённага наведвання і малітвы ў катэдры.

Архітэктар Павел Садлей: “Аднаўленне алтара – гэта рэкалекцыі”
    Урачыстасць адкрыцця алтара я перажываў так, быццам бы здаваў экзамен. Пасля пяці гадоў працы я ўпершыню ўбачыў алтар цалкам, так, як ён павінен выглядаць. Гэты алтар, можна сказаць, з’яўляецца як бы бясконцай чалавечай працай, так жа, як і чалавечае жыццё. Гэта адлюстраванне нашай адукацыі, ведаў, нашых слабасцей і амбіцый. І гэта адпавядае нашаму стану душы ў дадзены момант. Тое, што мы робім, мае другараднае значэнне ў адносінах да алтара, гэта як бы місія святога. Мы пастараліся захаваць сакральнасць у гэтых фігурах і ў цэлым алтары. Нават вітраж, які з’явіўся тут тады ж, калі паўстала дыяцэзія, з’яўляецца адной з першых інвестыцый. І хаця ён не адпавядае гісторыі гэтага алтара, але з’яўляецца гісторыяй мясцовага Касцёла. Гісторыкі з Польшчы сцвярджалі, што вітраж неабходна змяніць, што павінна быць так, як гэта было ў часы айцоў езуітаў. Але я сцвердзіў, што гэты алтар з’яўляецца сведчаннем веры людзей, працы ксяндзоў, і таму ён – не нейкі мастацкі твор, адарваны ад рэальнасці. Гэта вобраз дыяцэзіі, тых часоў, якія не былі лёгкімі. Варта захаваць гэта, каб паказаць, як тут усё развівалася. Наша праца была для нас своеасаблівымі рэкалекцыямі: 6 св. Імшаў штодзённа і ўвесь час – малітва людзей. Я ніколі не адчуваў чагосьці падобнага. Гэта як удзел у пілігрымцы.
    Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч: “Я моцна звязаны з гэтым месцам”
    Гэты катэдральны касцёл вельмі мне блізкі. Я прыходзіў сюды як дзіця, як вучань сярэдняй школы, пазней як студэнт і працаўнік, клерык і святар. А 23 гады таму, пасля таго, як 28 гадоў святыня не мела свайго ксяндза, я прыйшоў сюды як пробашч. Гэта было 14 лютага 1988 года. Я памятаю, як шмат людзей было тут тады. Было холадна, вільготна, вокны былі павыбіваны, але людзі тут былі. Сёння тут таксама ёсць людзі. Нягледзячы на тое, што стаіць добрае надвор’е, што вось-вось скончыцца лета і яны маглі б пайсці куды-небудзь адпачываць, яны прыйшлі сюды. Гэта пацвярджае, што людзям неабходны гэты касцёл, неабходны гэты алтар. Дастаткова было ўбачыць момант адкрыцця алтара! Як кожны ўглядаўся ў гэты алтар, якія былі апладысменты! Гэта знак падзякі ўсім: Пану Богу, Маці Божай, усім тым, хто далучыўся да таго, каб гэты алтар быў так прыгожа адноўлены і прадстаўлены кожнаму з нас. Я вельмі ўзрушаны. Я моцна звязаны з гэтым месцам. Тут таксама адбыліся мае біскупскія пасвячэнні. І сёння я рады, што людзі могуць прыйсці, могуць атрымаць асалоду ад прыгажосці алтара. Апосталы, святыя, уся структура алтара – усё гэта павядзе нас праз Марыю да Бога.
    Кс. бп Аляксандр Кашкевіч: “Алтар – гэта адлюстраванне прыгажосці нашай душы”
    Гэты адноўлены алтар з’яўляецца адлюстраваннем прыгажосці нашай душы. Дзякуючы намаганням вернікаў і людзей добрай волі з нашай дыяцэзіі, з усёй краіны і з замежжа, галоўны алтар быў не толькі адноўлены, але і атрымаў запланаваную нашымі продкамі ўнікальную прыгажосць. Няхай гэты адноўлены алтар, які мы пакідаем наступным пакаленням як частку духоўнай спадчыны і сакральнай культуры, радуе прыгажосцю, якая мае свае вытокі ў Богу, а Божая прыгажосць няхай госціць у сэрцах вернікаў, якія моляцца ў гэтай святыні.
    Кс. бп Уладзіслаў Блін: “Тут жыве моцная вера”
    Я дзякую Пану Богу за ўсе гэтыя падзеі. Гэта даказвае, што Касцёл тут заўсёды быў, ёсць і будзе, што тут ёсць моцная вера, бо гэтая фізічная прыгажосць падтрымліваецца вялікай верай тых людзей, якія тут моляцца на працягу ўсіх стагоддзяў.
    Кс. бп Антоній Дзям’янка: “Алтар дапамагае знайсці шлях да Хрыста”
    Мяне вельмі цешыць тое, што, нягледзячы на розныя цяжкасці ў наш час, знайшліся людзі, якія дапамаглі ў аднаўленні алтара, а таксама сродкі на гэта. Я жадаю, каб гэты алтар яшчэ доўгі час нагадваў усім, хто наведвае гэтую базіліку, што Езус з’яўляецца адзіным Збаўцам свету. Алтар сімвалізуе Хрыста, а таму няхай ён сваёй прыгажосцю паглыбляе веру ўсіх тых, хто прыходзіць сюды маліцца, а таксама дапамагае знайсці дарогу да Хрыста тым, хто наведвае гэтую святыню як турыст.
    Кс. бп Казімір Велікаселец: “Гэта мая падвойная ўрачыстасць”
    Я памятаю гэты алтар яшчэ з часоў, калі служыў у Гродне ў савецкай арміі, а гэта былі 1965-1968 гады. У 1967 годзе, перад вяртаннем з арміі дадому, я зайшоў у катэдру, бачыў гэты алтар. Я вельмі ўсхваляваўся, калі пачуў, што тут здарылася. Але сёння мяне зноў перапаўняе радасць, калі я бачу адноўлены, прыгожы алтар. У гэтым годзе адбылося таксама ўрачыстае адкрыццё галоўнага алтара ў Брэсце, таму можна сказаць, што гэта мая падвойная ўрачыстасць: Брэст і Гродна.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.