ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Духоўны компас у кожным з нас

Слова рэдактара

17-333_byЯкі зрабіць выбар? У якім накірунку пайсці? Што зрабіць, каб у складанай сітуацыі застацца чалавекам? Чаго Бог хоча ад мяне ў кожны канкрэтны момант? Якія Ён мае планы адносна мяне?..
   Мы штодзённа чуем разнастайныя навіны з розных бакоў свету. Так вось, кожнаму з Вас, дарагія Чытачы, я хачу перадаць надзвычайную навіну і данесці праўду аб тым, што чалавек – гэта Божае стварэнне, стварэнне з добрым сэрцам. Няпраўда, што чалавек – гэта бестыя, як нам даволі часта спрабуюць даказаць тэлебачанне і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Праўда ў тым, што як Божае стварэнне з добрым сэрцам мы не хочам забіваць, красці ці ашукваць і ахвотна спяшаемся з дапамогай, калі здараецца нейкае няшчасце. Праўда ў тым, што, нягледзячы на нашы слабасці і недахопы, мы ўсё роўна з’яўляемся істотамі з добрымі сэрцамі. Чаму?
   Калі мы робім які-небудзь выбар, мы павінны памятаць словы натхнёнага Аўтара, які ў Кнізе Быцця гаварыў нам так: “А Бог бачыў, што ўсё тое, што Ён стварыў, было вельмі добрым” (Быц 1, 31).
Чытаючы гісторыю стварэння свету і чалавецтва, мы разумеем гэтую адвечную праўду пра гісторыю нашага стварэння і выратавання. Тое дабро, якое мы атрымалі ад Бога, ёсць у кожным з нас. Задумваючыся над тым, што ў гэтым жыцці для нас важна, давайце будзем памятаць таксама пра тое, што хрысціянскія каштоўнасці ўплываюць амаль на кожнае наша рашэнне, якіх мы штодзённа прымаем мноства.
   Гэты своеасаблівы духоўны компас, які мы атрымалі ад Бога, дапаможа нам арганізаваць сваё жыццё згодна з Божай воляй. Ён будзе пастаянна і дакладна працаваць у кожным з нас, калі мы зможам адказаць сабе на пытанне: чаго ад нас хоча Бог. А гэты адказ вельмі просты: штодзённай малітвы, удзелу ў нядзельнай св. Імшы, рэгулярнай споведзі, сумленнага жыцця ў адпаведнасці з Божымі запаведзямі. Аднак, нягледзячы на гэтую адносную лёгкасць, быць добрым хрысціянінам – гэта, на самай справе, даволі складаная філасофія. Святы Павел у Лісце да Рымлянаў выражае яе такім чынам: “Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму вось, ці жывём, ці паміраем, належым Госпаду” (Рым 14, 8).
   Мы належым Госпаду. І менавіта да Яго павінен нас весці духоўны компас, паказваючы дарогу праўды, любові і пакоры. Пра духоўнае здароўе трэба клапаціцца не менш, чым пра фізічнае, а нават у першую чаргу. Так, як мы ўсё робім для таго, каб абараніць сябе ад хвароб і розных вірусаў, гэтак жа мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб перамагчы грэх. Мы ўжо прызвычаіліся да вакцынацыі супраць грыпу, а можа, кожнаму з нас варта задумацца над вакцынацыяй супраць граху? І тут ізноў нагадвае нам пра сябе Апостал народаў, выразна сцвярджаючы: “Не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб маглі пазнаць, якая ёсць воля Божая: што добрае, што Богу прыемнае і дасканалае” (Рым 12, 1-2).
   Давайце не будзем заглушаць у сабе Божы голас, які, безумоўна, – у большай ці меншай ступені – чуе кожны з нас. Гэты голас падказвае нам у складаных сітуацыях, падтрымлівае, дапамагае і навучае. Трэба толькі пачуць яго, і ён прывядзе нас да Айца Нябеснага. Гэты своеасаблівы духоўны навігатар паказвае нам дарогу да неба. Трэба памятаць, што заўсёды, нягледзячы на тое, як бы моцна мы не збіліся са шляху, мы можам навярнуцца на правільную дарогу, каб ізноў знайсці прыгажосць духоўнага жыцця, дадзеную нам Богам. Давайце не будзем баяцца цяжкасцей, няўдач ці няўпэўненасці. Трэба даверыцца: у Бога ёсць планы на наша жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.