ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Кансэкрацыя касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля

З жыцця Касцёла

Айцец Станіслаў Станеўскі (CSsR) ужо тры гады з’яўляецца пробашчам у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Перад такой вялікай падзеяй у жыцці Касцёла, якой з’яўляецца кансэкрацыя святыні, а. Станіслаў прыгадаў гісторыю паўстання новай парафіі і расказаў пра цяжкасці, якія ў той час узнікалі. Пробашч парафіі таксама расказаў, што такое кансэкрацыя і як уся супольнасць рыхтуецца да яе.
- У якім годзе распачалася гісторыя новай парафіі на Дзевятоўцы?
   - Будаўніцтва капліцы пачалося ў 1993 годзе. У жніўні мы падрыхтавалі пляц пад капліцу для асвячэння. Спачатку стаяў толькі крыж і была зроблена стрэшка над сцяной, дзе пасля быў прэзбітэрый. Капліца была пабудавана вельмі хутка. Тады я яшчэ быў клерыкам пасля першых шлюбаў. А будаўніцтва святыні пачалося ў лістападзе 1997 года. Праз год ужо быў заліты фундамент.

   - А калі быў умураваны вуглавы камень?
    - Умуроўванне вуглавога каменя пад будаўніцтва касцёла адбылося 7 кастрычніка 2000 года. У нашай святыні гэта кавалак пліты з магілы св. апостала Пятра, які асвяціў і ахвяраваў бл. Ян Павел II. Гэта для нас вельмі важная падзея. Мы адчуваем асаблівую апеку бласлаўлёнага Папы.

   - Колькі парафіян налічвала маладая парафія?
    - Цяжка сказаць, колькі парафіян афіцыяльна налічвалася ў парафіі. Гэта, напэўна, была малая парафія, якая вельмі хутка расла. Сёння ў касцёл кожную нядзелю прыходзіць каля 10 тысяч вернікаў. У нас вельмі шмат шлюбаў і хрышчэнняў, а таксама стала ўзрастае колькасць дзяцей, якія прыходзяць на катэхезу.

    - Чаму менавіта айцы рэдэмптарысты працуюць і апекуюцца касцёлам на Дзевятоўцы?

    - Мы атрымалі дазвол на тое, каб будаваць касцёл у Гродне. Спачатку мы павінны былі будаваць яго на Вішняўцы, дзе цяпер пабудавана царква. Першапачаткова менавіта там рэдэмптарыстам быў дадзены пляц пад будаўніцтва касцёла. Але затым адбыліся змены і нас перавялі на Дзевятоўку. Тады тут было поле. У нас ёсць такі здымак: стаіць касцёл, а за ім няма ніводнага будынка. Цяпер цяжка сабе гэта ўявіць, але так было.

   - Чаму касцёл на Дзевятоўцы мае тытул Найсвяцейшага Адкупіцеля?

    - Выбар таго, які тытул будзе мець парафія, залежыць, галоўным чынам, ад пробашча, правінцыяла і ксяндза біскупа. У нашым касцёле працуюць айцы з Супольнасці Найсвяцейшага Адкупіцеля, гэта і паспрыяла таму, што касцёл мае менавіта такі, а не іншы тытул, які быў зацверджаны айцом правінцыялам Супольнасці рэдэмптарыстаў і ксяндзом біскупам.

    - Кожную сераду ў парафіі адпраўляецца Навэнна да Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Як узнікла такая традыцыя?
    - Сярод вялікай колькасці набажэнстваў у гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі найбольшую папулярнасць атрымала Нястомная Навэнна, якая ўпершыню была адпраўлена ў 1922 годзе пры касцёле рэдэмптарыстаў св. Альфонса ў Паўночнай Амерыцы. На польскіх землях культ Маці Божай Нястомнай Дапамогі звязаны, перш за ўсё, з місійнай дзейнасцю рэдэмптарыстаў. Менавіта таму мы хацелі ўвесці Навэнну ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі і ў нашай парафіі. Першае набажэнства адбылося 24 снежня 1995 года і з таго часу адбываецца кожную сераду. Вернікі кленчаць перад Найсвяцейшай Маці, каб даверыць ёй сваё жыццё, падзякаваць за атрыманыя ласкі і папрасіць Яе Матчынай апекі.

    - Які харызмат маюць айцы рэдэмптарысты?
    - Харызмат рэдэмптарыстаў, ці асаблівы дар і задача для выканання, – пайсці за Хрыстом Адкупіцелем і абвяшчаць людзям Добрую Навіну аб іх шчодрым збавенні. А абвяшчэнне Евангелля Езуса адбываецца праз місіі і рэкалекцыі.

    - Вы ўжо шмат гадоў працуеце з моладдзю. Ці адрозніваецца рэдэмптарысцкая моладзь ад іншай моладзі?
    - Канечне ж адрозніваецца, хаця б тым, у якім духу яна выхавана. Наша моладзь арыентуецца на прыклад заснавальніка супольнасці – св. Альфонса Лігуоры, які сваім жыццём абвяшчаў, што Езус з’яўляецца Адкупіцелем. Усё залежыць ад харызмату, у якім чалавек выхоўваецца. А большасць харызматаў у Хрыстовым Касцёле з’яўляецца бласлаўленнем.

    - 15 кастрычніка парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля чакае вялікая ўрачыстасць – кансэкрацыя святыні. Што такое кансэкрацыя?
    - Кансэкрацыя – гэта адданне касцёла ў выключную ўласнасць Богу праз спецыяльны абрад. Гэты абрад складаецца з трох частак. Спачатку адбываецца акрапленне сцен. Затым, з просьбай аб дапамозе Святога Духа, святыня асвячаецца ўнутры. Апошняя частка – асвячэнне сцен праз іх намашчэнне алеем. Пасля намашчэння алтара, на ім, у чатырох кутах і пасярэдзіне, запальваецца кадзіла. Таму кансэкрацыя – гэта Божая пячаць, якая перад усімі назаўсёды пацвярджае, што гэта месца, якое Бог выбраў, як месца сустрэчы і прабачэння, як месца, дзе неба сустракаецца з зямлёй.

    - Як парафія рыхтуецца да кансэкрацыі?
    - Да кансэкрацыі нашай святыні мы рыхтуемся праз штодзённую малітву ў інтэнцыі Місій. Місіі адбудуцца з 9 па 14 кастрычніка. Ружанцовыя Ружы на працягу года моляцца ў інтэнцыі кансэкрацыі нашай святыні. Мы таксама хочам далучыць да малітвы ўсіх парафіян, таму мы прасілі, каб з 1 кастрычніка вернікі штодзённа ахвяравалі “Ойча Наш” і “Вітай, Марыя” у інтэнцыі Місій і кансэкрацыі нашага касцёла.

    - Як будзе праходзіць 15 кастрычніка на Дзевятоўцы?

    - Святая Імша адбудзецца ў 12.00. А ў 20.00 будзе канцэрт, прысвечаны бл. Яну Паўлу II, які заснаваў нашу дыяцэзію. Выступяць два хоры: парафіяльны і “Гродзенскія Салаўі”. Прыедуць таксама госці з Варшаўскай оперы. Сардэчна запрашаем усіх прыняць удзел у гэтай вялікай урачыстасці і просім аб малітве ў гэтай інтэнцыі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.