ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Ружанец праз тэлефон: Касцёл патрабуе малітоўнай еднасці моладзі

З жыцця Касцёла

Засведчыць, што Ружанец з’яўляецца малітвай для моладзі, а таксама злучыць моладзь некалькіх гарадоў у малітоўным адзінстве – такія мэты стаялі ў арганізатараў ружанцовай малітвы праз тэлефон, якая адбылася 7 кастрычніка ў Фарным касцёле ў Гродне.
Як узнікла ідэя скарыстаць новыя тэхналогіі ў размове з Богам, патлумачыў кс. Антоні Грэмза, кіраўнік АД “OPEN”:

   – Ружанец пры дапамозе мабільных сродкаў сувязі – гэта пэўная сучасная форма евангелізацыі. Бо Касцёл заахвочвае нас да супольнай малітвы, да таго, каб мы карысталіся сродкамі масавай перадачы інфармацыі не толькі для камунікацыі паміж сабой, але і для таго, каб больш хутка і масава перадаваць малітоўную інфармацыю. Сёння ёсць патрэба выкарыстоўваць найноўшыя сродкі сувязі для евангелізацыі. Перажываючы месяц святога Ружанца, мы абавязаны як мага шырэй распаўсюджваць ружанцовую малітву сярод моладзі. Мы лічым, што выкарыстанне сучасных сродкаў сувязі можа прыцягнуць увагу моладзі да малітоўных разважанняў. У Гродзенскай дыяцэзіі існуюць розныя малітоўныя моладзевыя Ружы, якія мы хацелі аб’яднаць у адно цэлае падчас Ружанца праз тэлефон, злучыць у малітоўнай еднасці моладзь з Гродна, Ліды, Шчучына, Ваўкавыска і Смаргоні. Такім чынам мы хочам засведчыць, што моладзь хоча маліцца на ружанцы, што гэта сучасная малітва, а не толькі малітва старэйшага пакалення.
   Папярэдне было праведзена некалькі рэпетыцый, таму што супольны Ружанец у такой форме праводзіўся ўпершыню. У катэдру на незвычайную малітоўную сустрэчу прыбыло шмат моладзі. Аднак не толькі хлопцаў і дзяўчат прывабіла цікавая ідэя – у касцёл прыйшлі і сталыя людзі, і цэлыя сем’і.
    Перад Ружанцам ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да моладзі з прамовай, у якой адзначыў, што “сёння Касцёл патрабуе малітоўнай еднасці”. І калі ёсць магчымасць арганізаваць гэта праз сучасныя сродкі сувязі, то трэба гэтым карыстацца.
    Першую таямніцу Святла пачала адгаворваць моладзь з Гродна. На астатніх таямніцах св. Ружанца па чарзе далучалася моладзь з іншых гарадоў праз тэлефон. Таямніцы Ружанца моладзь адгаворвала на польскай і беларускай мовах.

    Якія ўражанні засталіся ў моладзі ад супольнага Ружанца праз тэлефон?
    Ганна, душпастырства “OPEN”:
    – Гэта ўвогуле незабыўнае пачуццё супольнай малітвы, калі я ведаю, што зараз у Шчучыне Ружанец адгаворваюць мае сябры, якія таксама разам стаяць у касцёле. Гэта здорава, бо гэта яднае. Я лічу, што такая малітва патрэбна. Трэба думаць глабальна: сёння мы адгаворвалі Ружанец адначасова з моладдзю з іншых гарадоў Гродзенскай дыяцэзіі, заўтра, магчыма, злучымся ў малітве з моладдзю з усёй Беларусі, а пасля – усяго свету. Мы мусім быць не толькі адкрытыя сэрцам, але і адкрытыя на сучасныя сродкі масавай камунікацыі, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, каб злучыцца з моладдзю не толькі нашага касцёла, але і іншых парафій.

    Юрый, клерык 3-га курса Гродзенскай духоўнай семінарыі:
    – У мяне сёння было адчуванне еднасці. Сама ружанцовая малітва яднае людзей, а тут моладзь з пяці гарадоў малілася разам. Былі адны і тыя ж думкі, адны і тыя ж уражанні, таксама малітоўны вопыт, які нас яднае і дапамагае разам ісці да Бога. Адчуванне таго, што ты не адзін у свеце. Магчыма, толькі пэўныя тэхнічныя моманты часам трохі перашкаджалі пачуць, што гаварыла і пра што сведчыла моладзь з іншага горада. Але не моцна. Мне падаецца, варта карыстацца такімі сродкамі і далей, нават узнікла думка, каб арганізаваць такое чуванне для моладзі з розных гарадоў.
    Нягледзячы на невялікія тэхнічныя перашкоды, супольны Ружанец праз тэлефон ўсім прысутным падаўся ўдалай ідэяй, якая можа прывабіць у Касцёл моладзь і засведчыць пра малітоўную еднасць маладых людзей, якія знаходзяцца на адлегласці адзін ад аднаго.
    – Можа, далей будзе лепш атрымлівацца арганізоўваць такія малітвы, напрыклад, праз скайп, калі чуваць нас будзе лепш. Але ўжо сённяшні вопыт паказаў, што ўсё гэта магчыма, што перашкод няма, – адзначыў пасля Ружанца кс. Антоні Грэмза.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.