ГРОДНА
Панядзелак,
04 лістапада
2024 года
 

Касцёл Наведзінаў НМП у в. Мікелеўшчына

Парафіі і святыні

Дэканат Масты
Касцёл пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі быў узведзены на мясцовых могілках у 1823 г. на сродкі Багумілы Бутаўт-Анджэйкавіч з роду Грамыка як філіяльны ад Мастоўскай парафіі. Касцёл кансэкравалі 8 верасня 1826 г. У 1878 г. святыня была рэканструявана. Тады да галоўнага аб’ёму былі дабудаваны вежа і нартэкс. У 1911 г. касцёл атрымаў статус цэнтра самастойнай парафіі. Колькасць парафіян мікелеўшчынскай парафіі перад Другой сусветнай вайной складала больш за 1300 вернікаў.
   Савецкія ўлады адабралі ў вернікаў толькі будынак плябаніі, касцёл жа застаўся дзейнічаць і нават атрымаў статус помніка архітэктуры.
Святыня змяшчаецца на ўсходняй ускраіне вёскі, а па-за ёй пабудаваны мураваны двухпавярховы будынак новай плябаніі. Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і цэглы (цагляныя элементы знешняга дэкору – пілястры, ліштвы вокнаў, карнізы і г.д. – атынкаваны і пабелены) у стылі класіцызму. Святыня прамавугольная ў плане з прамавугольнай апсідай, у якой змешчана сакрыстыя, накрыта двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завяршае антаблемент з невялікім трохвугольным франтонам, над якім узвышаецца чацверыковая вежа-званіца пад фігурным купалам у стылі позняга класіцызму. Уваходны партал па перыметры ўпрыгожаны сімваламі хрысціянства, а над дзвярыма знаходзіцца надпіс на лаціне: “ET VERBUM CARO FACTUM EST” (“І Слова стала целам”).
   Інтэр’ер касцёла перакрыты плоскай атынкаванай столлю, якая распісана разеткамі пад жырандолямі і кесонамі.
   Архітэктурным роспісам у стылі класіцызму (пілястры, карнізы, фрызы) і тэхніцы грызайль распісаны і сцены малітоўнай залы. Цікава, што ў метопах фрыза знаходзіцца некалькі дзесяткаў аднолькавых выяваў анёлкаў, у кожнага з якіх у руках пэўная сакральная ці музычная прылада: манстрацыя, чаша, плашчаніца, мітра, труба, барабан і г.д.    У касцёле тры двух’ярусныя алтары, намаляваныя на алтарнай сцяне ў выглядзе ілюзорнага жывапісу. У галоўным алтары змешчаны абраз Сустрэчы Дзіцятак – Яна Хрысціцеля і Езуса (наверсе – абраз Бога Створцы), у левым бакавым алтары – абраз св. Юды Тадэвуша і фігурка Маці Божай Фацімскай (наверсе – Маці Божая Чанстахоўская), у правым – абраз св. Антонія і фігура Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (наверсе – Маці Божая Вастрабрамская). Паміж алтарамі намяляваны конхавыя нішы з фігурамі св. Пятра (злева) і св. Паўла. Арганныя хоры абапіраюцца на трохпралётную арку. Пад касцёлам была створана крыпта, але цяпер яна замуравана.
   Касцёльны ўчастак разам з могілкамі абнесены невысокай бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе дзвюх цагляных і атынкаваных нізкіх слупоў. Па-за апсідай касцёла сярод надмагілляў знаходзіцца каплічка, але якой сям’і яна належала, пакуль не высветлена. Яна пабудавана ў ХIХ ст. з цэглы і атынкавана; выразных стылёвых рысаў не мае, накрыта вальмавым дахам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  58

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.