ГРОДНА
Серада,
01 мая
2024 года
 

Месца, дзе Бог кліча

На шляху да святасці

Пакліканне – гэта, напэўна, адна з самых таямнічых магчымасцей кантакту Бога з людзьмі. Калі мы чуем гэтае слова, то ў першую чаргу думаем пра святароў, манаскіх сясцёр і братоў, а толькі потым пра тое, што пакліканне – гэта вялікі дар, які можа быць звязаны з любой прафесіяй. Бог заўсёды клапоціцца пра нас і кантактуе з намі, каб мы не забывалі аб Тым, хто нас стварыў і хто даў нам жыццё. Святыя ў небе бясконца моляцца аб пакліканні людзей да служэння Богу. Адным з прыкладаў такога ўздзеяння святых на нас з’яўляецца Навагрудак.
Навагрудак – невялікі горад на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Сярод шэрых краявідаў усходняй Гродзеншчыны жывапісна прасціраецца радзіма Міцкевіча. Тут знаходзіцца невялікая парафія святога Міхала Арханёла, якая мае два касцёлы: Перамянення Пана (старажытная фара горада) і парафіяльны. Нягледзячы на тое, што насельніцтва горада складае амаль 30 тысяч чалавек, католікаў з іх не больш за 5% – гэта толькі каля 1,5 тысячы парафіян. Аднак гэта не перашкаджае святарам весці няспынную евангелізацыю іх маленькай аўчарні.
Навагрудак Каталіцкі вядомы перш за ўсё гісторыяй расстрэлу сясцёр-мучаніц, якіх Святы Касцёл прызнаў бласлаўлёнымі. Сёстры на небе бясконца просяць Бога аб усіх патрэбных ласках для свайго горада, а перш за ўсё, аб ласцы паклікання для маладых сэрцаў гэтай парафіі. І гэта сапраўды дзейнічае – амаль што кожны год некалькі чалавек з Навагрудка ідзе ў семінарыю ці ў манаскія ордэны. У горадзе знаходзіцца саркафаг з астанкамі сясцёр-мучаніц – такую рэліквію мае далёка не кожная парафія, а нават дыяцэзія. І яны, гэтыя сёстры, якія ў савецкія часы мужна баранілі годнасць каталіцкай веры, якія не баяліся пайсці за Хрыстом, якія нават пад прыцэлам не адракліся сваёй веры, яны сапраўды любяць свой горад, і ўсе парафіяне адчуваюць гэтую любоў. Для таго, каб пакланіцца цудоўнаму рэлікварыю, які знаходзіцца ў Фарным касцёле, збіраюцца людзі з усёй дыяцэзіі. І сёстры чуюць іх малітвы.
    На сённяшні дзень у Гро-дзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі вучацца чатыры клерыкі з Навагрудка, а ў наступным годзе яшчэ тры маладых сэрца хочуць ахвяраваць сябе служэнню Богу. Ці лёгка ім даецца гэтае рашэнне? Ці лёгка яно далося тым, хто ўжо вырашыў служыць Богу? Напэўна, не. Але мужнасць пайсці за Хрыстом перамагла ўсялякі страх.
    Гэта сапраўдны дар і таямніца – няма больш аніводнай парафіі ў Беларусі, дзе б на 300 парафіян прыходзіўся адзін клерык. Безумоўна, трэба таксама адзначыць нястомную працу святароў у парафіі – кс. Алякандра Баклажца і кс. Яна Балтрукевіча. Кс. Аляксандр паходзіць з Ваўкавыска і з’яўляецца выхаванцам ксяндза-прэлата Антонія Філіпчыка. Ён расказвае, што разам з ім на адным курсе ў семінарыі вучылася пяць клерыкаў з Ваўкавыска. Але зараз ужо прайшоў той час, калі пасля распаду СССР, пасля пераследу хрысціян у семінарыі ішло больш кандыдатаў. Цяпер кожны святар павінен прыкласці ўсе намаганні, каб выхаваць у маладых сэрцах пакліканне, таму што ў сучасным свеце вельмі складана яго адчуць. Яго, як шкарлупа, укрываюць ад нас грахі, інтэрнэт, тэлебачанне і сучасныя забавы. Але дзякуючы плённай працы святароў, малады чалавек нават сярод усяго гэтага сумбуру пачуе голас Бога, які кліча: “Пайдзі за Мной”. А падумайце толькі, як цяжка гэта зрабіць у горадзе, дзе жыве толькі 5% католікаў! Амаль што ніякага прыкладу, на які маладыя людзі маглі б раўняцца. Усё гэта замінае працы святара, але не замінае Богу клікаць маладыя сэрцы.
    Нельга не адзначыць таксама працу ксяндза біскупа Антонія Дзям’янкі, які доўгі час працаваў у парафіі Навагрудак і амаль нанова фарміраваў менталітэт католікаў пасля савецкіх часоў. Ксёндз біскуп Антоній падчас каляды стукаўся амаль у кожныя дзверы, каб вярнуць людзей да Касцёла, каб прыгадаць ім сэнс іх існасці.
    Бог заўседы ведае, што можна запатрабаваць ад маладога чалавека. Але калі Ён запатрабуе ад Цябе пайсці за Ім, што Ты зробіш: адкажаш сваё “фіат”, як адказала Марыя святому арханёлу Габрыэлю, ці пабяжыш прэч ад голаса Хрыста? Бог мае свае планы на кожнага з нас. Ён ніколі не пакіне Цябе, з Ім Ты будзеш сапраўды шчаслівы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  245

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.