ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Ружанец на крыжы

Лісты чытачоў

Вось ужо скончыўся кастрычнік – асаблівы месяц у жыцці католікаў. У ім праз ружанцовую малітву мы аддавалі пашану Хрысту праз Маці Божую і нашую Маці. І сапраўды, гэта малітва разважання, якая супакойвае душу і ў смутку, і ў радасці. А яшчэ яна навявае на мяне ўспаміны з дзяцінства.

    Насупраць нашага дома знаходзіўся вясковы крыж. Кленчачы з татам перад акном насупраць крыжа, мы маліліся вечарамі. А ў маі і кастрычніку каля крыжа кожны дзень збіраліся вяскоўцы (у нашай вёсцы былі ўсе католікі) на маёвае набажэнства і Ружанец. Мы, дзеці, неслі пад крыж прыгожы ружанец, пацеркі якога былі вытачаны з дрэва. Якая гэта была радасць для нас! І так прыемна, з разважаннем кожнай таямніцы, плыла ружанцовая малітва над вёскай. І гэта засталося ў душы на ўсё жыццё. А таксама засталося абурэнне, таму што ў адну з кастрычніцкіх ночак 1952 года крыж быў спілаваны атэістычнымі ўладамі. Фігурка Хрыста пры падзенні разбілася на 16 частак. Тата раніцай сабраў усё, а брат склеіў так, што да цяперашняга часу не можна знайсці месцаў злучэння.
Паплакаўшы над знішчаным крыжам, людзі яшчэ дружней пачалі збірацца на малітву. Ружанец вешалі на новы крыж, які быў зроблены хутка пасля знішчэння старога. Яго хавалі ў памяшканне. Гэты крыж і цяпер ахоўвае бацькоўскі дом (на жаль, ужо пусты) і амаль асірацелую вёску, бо там засталіся толькі лічаныя людзі.

    І сапраўды, ружанцовая малітва з’яўляецца шансам для абароны ў такі атручаны грахамі час. Гэта Марыя пацвярджае пры сваіх аб’яўленнях: Яна просіць аб малітве на цудоўным “вяночку з лілей і руж”, які трымае ў сваіх руках. У тое, што Ружанец – гэта вялікі дар праяўлення любові да Бога, людзі верылі даўно. Таму ў цяжкія моманты свайго жыцця яны з верай пранікалі ў глыбіню гэтай малітвы. У час забароны любымі спосабамі збіраліся на Ружанец і маліліся з надзеяй на дапамогу.

    Калі я бяру ў рукі падораны мне ружанец, які асвяціў бл. Ян Павел II, то заўсёды ўспамінаю споведзь чалавека, бязвінна асуджанага на 25 гадоў турэмнага зняволення. Вялікая вера ў ружанцовую малітву зрабіла сваю справу. У яго з’явілася ідэя зрабіць ружанец з хлеба. Ён незаўважна вырываў кавалачкі мякішу з турэмнай порцыі хлеба (100 грам) і рабіў шарыкі. Зрабіўшы ружанец, хаваў яго ў шапку-вушанку, а каб хлебныя шарыкі не размакалі ад поту, абмотваў ружанец шматкамі тоненькай кары, якую знаходзіў падчас працы на лесанарыхтоўках. Яму некалькі разоў прыходзілася з’ядаць ружанец пры небяспецы. Але праз некалькі дзён з’яўляўся новы ружанец. Ружанцовая малітва не перапынялася, і, адмаўляючы кожную ночку Ружанец, ён чакаў дапамогі Маці Божай. І яна прыйшла! Замест 25-ці гадоў ён прабыў у турме толькі 7, бо быў знойдзены сапраўдны злачынца. У далейшым сваім жыцці ён не расставаўся з “вяночкам з лілей і руж”. Пяць гадоў таму яго не стала. У труну быў пакладзены зроблены яго рукамі прыгожы ружанец – надзея і выратаванне.

    Вось якія цуды ў жыцці верніка робіць ружанцовая малітва – ліхтарык, які асвятляе сцяжынку да святасці. Менавіта таму гэтае набажэнства, якое бярэ свой пачатак у XVI стагоддзі, не знікае, а распаўсюджваецца па ўсім свеце.

    У нашай парафіі Святой Троіцы ў мястэчку Рось (санктуарыум Езуса Фрасаблівага) існуе 8 колаў Жывога Ружанца. Ёсць нават і мужчынскае кола. Тыя, хто не можа штодня быць на ружанцовай малітве ў касцёле, збіраюцца ў іншых месцах. Асабліва дружна што-дзённа і кожны год адбываецца малітва пад прыгожа прыбраным крыжам у вёсцы Мачуліна. Кожны дзянёк пры любым надвор’і а 15-ай гадзіне з замілаваннем узносіцца ў паветра ружанцовая малітва – абарона для чалавецтва.

    Вялікае значэнне ружанцовай малітве надаваў бл. Ян Павел II. Ад усяго сэрца людзі дзякуюць яму за Таямніцы святла. Няхай жа наша малітва тут, на зямлі, дапамагае яму там, у вечнасці

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.