ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Адвэнтавае чытанне Бібліі

На шляху да святасці

Кс. Ян РадзюкРаспачаўся перыяд Адвэнту. Перыяд чакання прыходу нашага Пана. Давайце паспрабуем у першай рэкалекцыйнай навуцы падрыхтавацца да сустрэчы з нашым Валадаром і Панам на старонках Святога Пісання.
Кс. Ян Радзюк Скончыў Каталіцкі ўніверсітэт у Любліне. Выконвае абавязкі прэфекта ВДС. Выкладчык лацінскай мовы.

    Словы “Святое Пісанне” ці “Біблія” нам не чужыя. Мы неаднойчы іх чулі. Але ці разумеем мы, да якой вялікай таямніцы дакранаемся, калі чытаем ці чуем словы Святога Пісання? Чаму “вялікай таямніцы”? Таму што гэта слова Бога.
    “«Слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова прынесена вам як добрая вестка» (1 П 1, 25; пар. Іс 40, 8). Гэтае сцверджанне з Ліста св. Пятра, што спасылаецца на словы прарока Ісаі, адкрывае нам таямніцу Бога, які аб’яўляецца праз дар свайго Слова. Гэтае слова трывае вечна. Бог выказаў сваё спрадвечнае Слова па-людску; Яго Слова «стала целам» (Ян 1, 14). Вось Добрая Навіна. Гэта вестка, якая скрозь стагоддзі даходзіць да нас сёння” – гэтымі словамі папа Бенедыкт XVI распачаў адгартацыю “Verbum Domini”.
Святое Пісанне было адрасавана людзям як ліст Бога чалавеку, якога Ён вельмі любіць. І гэта менавіта чалавек становіцца прычынай узнікнення гэтага тэкста, напісанага пад натхненнем Святога Духа. Давайце нанова паспрабуем прачытаць тое, што Бог хоча нам сказаць праз сваё Слова, якое трывае вечна.
    Кожны з нас жадае пачуцця стабільнасці, шукае праўды, набліжаючыся такім чынам да таго, каб задаць і адказаць на пытанне: навошта я жыву? Гэтае жаданне пошуку сэнсу жыцця настолькі моцнае, што каб яго задаволіць, мы гатовы прымаць розныя мадэлі і сістэмы, якія часта выходзяць па-за межы навуковых даследаванняў. Наш духоўны бок не дае нам супакою, можа нават нарадзіцца пачуццё разгубленасці... Але ці можа быць шчаслівым разгублены чалавек? Як сёння шмат менавіта сумных і разгубленых людзей, якіх ужо не цешыць толькі матэрыяльны бок (ён не можа да канца задаволіць нашага духоўнага жадання!). І хрысціянін шукае гэтых адказаў, прагне пачуць словы, якія будуць пробліскам надзеі... Як і дзе знайсці гэтыя словы?
    Хрысціянін адкажа: “У Святым Пісанні”. Гэта праўда, але наколькі гэты адказ свядомы, а не проста завучаны ў дзяцінстве? Наколькі мы верым, што словы Святога Пісання заўсёды актуальныя? Адзіны спосаб даведацца – узяць у рукі Святое Пісанне і пачытаць яго. Спробы пераканання і аповеда пра Святое Пісанне чалавеку, які яго не чытае, мізэрныя. Хочам знайсці Пана Бога – адкрыем Святое Пісанне; непакояць жыццёвыя пытанні – звернемся да Святога Пісання; слабне наша вера – узмацнім яе праз чытанне Святога Пісання. Гэта не падручнік матэматыкі, гісторыі ці якой-небудзь іншай навукі. Святое Пісанне – гэта кніга жыцця! Сумняваешся? Звярніся да Святога Пісання. Чытай не як гістарычнае апавяданне, а задавай пры чытанні пытанне: “Што Бог хоча мне сказаць?”
    Св. Геранім, які шмат гадоў прысвяціў вывучэнню і перакладу Святога Пісання, адзначыў: “Паслухмяны наказам Хрыста: «Вывучайце Пісанне» і «Шукайце і знойдзеце», я выконваю свой абавязак... Калі ж, як гаворыць апостал Павел, Хрыстос з’яўляецца моцай Божай і мудрасцю Божай, то той, хто не ведае Пісання, не ведае ні моцы Бога, ні яго любові: няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”.
    Божае слова жывое, гэта значыць, яно ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Гэтае слова мела, мае і будзе мець такую самую моц, таму што з’яўляецца словам самога Бога. “Тым, што Касцёл абвяшчае свету, з’яўляецца Слова надзеі (пар. 1 П 3, 15); чалавеку неабходна «вялікая надзея», каб жыць у сваёй сучаснасці, вялікая надзея, якой з’яўляецца «той Бог, які мае чалавечае аблічча і палюбіў нас да канца...» Мы не можам утрымліваць для сябе словы вечнага жыцця, якія Езус Хрыстус дае нам, калі мы Яго сустракаем: яны для ўсіх, для кожнага. Кожнаму чалавеку ў наш час, ведае ён аб гэтым ці не, неабходна гэтае пасланне” (Verbum Domini, 91). Чытаючы Святое Пісанне, мы сустракаем самога Пана Бога. Давайце ж пачнём прыслухоўвацца да Яго слова.
    “Я хачу яшчэ раз заклікаць увесь Божы люд, душпастыраў, членаў інстытутаў кансэкраванага жыцця і свецкіх, каб стараліся ўсё лепш пазнаваць Святое Пісанне. Мы ніколі не павінны забывацца, што асновай усякай сапраўднай і жывой хрысціянскай духоўнасці з’яўляецца Божае слова, якое абвяшчаецца, прымаецца, цэлебруецца і разважаецца ў Касцёле. Гэтае ўзмацненне сувязі з Божым словам будзе мець тым большы размах, чым больш мы будзем свядомыя, што ў Святым Пісанні, як і ў жывой Традыцыі Касцёла, мы маем справу з канчатковым словам Бога аб сусвеце і гісторыі” (Verbum Domini, 121). Няхай словы Святога Айца стануць для нас заклікам, каб звярнуцца да Святога Пісання.
    Хочаш адчуць вялікую моц Божага слова? Адкрый Святое Пісанне і пачні чытаць…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.