ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Клерык – чалавек, які моліцца

Семінарыйная газета

“Малітва – гэта вялікая брама да веры. Таму для хрысціянскага жыцця патрэбен высілак штодзённай малітвы. Аднак навучыцца маліцца, так як вучацца тэхніцы, нельга. Хоць гэта і прагучыць дзіўна: малітва з’яўляецца дарам, які мы атрымліваем праз малітву” (YOUCAT 469).
Кожны чалавек, а тым больш хрысціянін, прагне і шукае Бога ў сваім жыцці. Малітва з’яўляецца задавальненнем гэтай патрэбы. Цяжка ўявіць сабе функцыі і задачы Касцёла, сапраўднае і глыбокае духоўнае жыццё верніка без апоры ў малітве. Гэта менавіта з яе мы чэрпаем сілы і моц у сваім імкненні да дасканаласці. Гэта яна з’яўляецца дапамогай у шматлікіх разнастайных сітуацыях нашага жыцця.
    Духоўнае жыццё як святара, так і клерыка, без глыбокага перажывання малітвы з’яўляецца пустым і сухім. Малады чалавек, які хоча стаць святаром, павінен быць падрыхтаваны і адпаведна сфармаваны да святарства. Было б няправільна, калі б у жыцці клерыка не хапала малітвы. Бо гэта ж менавіта ён будзе навучаць людзей мастацтву малітвы. Ён будзе аддаваць штосьці сваё. А гэта вельмі цяжка, калі ўвесь час не папаўняць таго, што нам было дадзена Богам. У гэтай пастаяннай аддачы вельмі важнай дапамогай з’яўляецца малітва.
У нашай семінарыі створаны адпаведныя ўмовы для развіцця і ўдасканалення малітвы будучых святароў. Памятаем, напэўна, як вучні Езуса прасілі Яго, каб Ён навучыў іх маліцца. Дзіўна, што тыя, хто быў каля Пана, бачыў Яго падчас малітвы, просяць, каб і ім Ён адкрыў таямніцу сувязі з Богам праз малітву. Здавалася б, што будучы каля Хрыста, яны павінны былі б ужо навучыцца маліцца. Семінарыя як “Школа Хрыста” таксама прагне навучаць кандыдатаў да святарства малітве, пра якую гаворыць Езус.
    Малітва – гэта не сталая балбатня і зварот да Бога ў тыя хвіліны, калі нам неабходна Яго дапамога. Што такое “мастацтва малітвы”? Існуе некалькі тыпаў малітваў. Малітва просьбы, падзякі, праслаўлення. Яна з’яўляецца сталым кантактам з Богам як з вельмі блізкай нам Асобай. Каб маліцца правільна, трэба карыстацца дапамогай Касцёла.
    У сённяшнім свеце, нягле-дзячы на беганіну і разнастайныя абавязкі, малітва надалей застаецца як бы тым акумулятарам, які дадае сіл для далейшага развіцця і дзейнасці. Чалавек, які адчувае ў сваім сэрцы голас паклікання да святарства, можа адказаць на яго толькі пры дапамозе асабістай сувязі з Богам, якой з’яўляецца менавіта малітва. Прыходзячы ў семінарыю, кандыдат сустракаецца з рознымі, дагэтуль яму невядомымі формамі малітвы. Кожны дзень клерыка пачынаецца і заканчваецца малітвай. На пачатку дня мы становімся перад Панам і просім Яго, каб добра перажыць дзень, а вечарам дзякуем Яму за перажытыя хвіліны і за ўсе атрыманыя ласкі. Акрамя традыцыйных малітваў, набажэнстваў і адарацый клерык таксама вучыцца таямніцам вуснай малітвы, якая заключаецца перш за ўсё ў разважанні нейкай адкрытай праўды ці выбранага фрагмента са Святога Пісання. Кожны новы дзень клерыка пачынаецца менавіта такой малітвай. Мы разважаем над выбраным фрагментам Святога Пісання і спрабуем зразумець, што Бог хоча нам сказаць. Важным момантам, а нават кульмінацыяй кожнага дня павінна быць святая Імша. Цяжка было б сабе ўявіць духоўнае жыццё клерыка без штодзённай св. Імшы. У семінарыйным жыцці Найсвяцейшая Ахвяра з’яўляецца пунктам, які па-асабліваму яднае цэлую супольнасць вакол стала Пана, па прыкладзе супольнасці першых вучняў, сабраных каля Пана на Апошняй Вячэры. Нельга таксама забываць пра традыцыйныя малітвы, звязаныя з нейкім пэўным перыядам. Напрыклад, ружанцовая малітва ў кастрычніку, маёвае і чэрвеньскае набажэнствы, а таксама набажэнствы, звязаныя з канкрэтнымі літургічнымі перыядамі. Мэта ўсіх гэтых практык – дапамагчы кандыдату да святарства сапраўды палюбіць малітву і падрыхтаваць для яе адпаведнае месца ў штодзённым жыцці. Хіба цяжка было б навучаць і заахвочваць іншых да малітвы, калі б яе не было ў асабістым жыцці клерыка, будучага святара. Гэта менавіта малітва вельмі часта дапамагае нам у прыняцці важных рашэнняў, у вырашэнні шматлікіх спраў. Прыкладам з’яўляецца Хрыстос, які перад важнымі падзеямі свайго жыцця звяртаўся ў малітве да Айца ў небе.
    У семінарыйным жыцці малітва з’яўляецца сталым зваротам да Таго, з Каго ўсё пачалося. Калі клерык не мае часу на малітву, то ці будзе ён яго мець, калі стане святаром? У жыцці клерыка малітва павінна займаць важнае месца. Праз малітву будучы святар наладжвае сувязь з Богам і набліжае да Яго іншых. І не мае рацыі той, хто гаворыць, што часам малітвы зашмат ці што яна з’яўляецца марнаваннем часу. Дзякуючы малітве адбываюцца вялікія справы, якія вельмі часта ў вачах свету незразумелыя і цяжкія для прыняцця. Таму падчас навучання ў семінарыі малітве прысвячаецца шмат часу. Малітва робіць цуды і вялікія справы не толькі ў нашым жыцці, але таксама і ў жыцці тых, за каго мы молімся.
    Дык ці з’яўляецца клерык чалавекам, які моліцца? Безумоўна так, бо яго жыццё абапіраецца на малітву. Яго цяжка ўявіць без малітвы. Свету сёння неабходны святыя святары, якія б сведчылі пра Пана сваім асабістым жыццём, якія былі б “экспертамі” па духоўных і малітоўных справах. Таму, каб мець такіх святароў, трэба ўжо сёння маліцца за клерыкаў, каб яны сталі такімі святарамі, якія патрэбны людзям. Маліцца ў інтэнцыі тых, каго мы чакаем, а яны памоляцца за тых, да каго будуць пасланыя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.