ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Верыць па-беларуску, а жыць па-еўрапейску?

Слова рэдактара

23-339_by Мадэль жыцця веруючага чалавека павінна карэкціравацца Касцёлам. Тады чалавек будзе ўсведамляць, што ён не з’яўляецца самадастатковым і не можа самастойна акрэсліваць, што добра, а што дрэнна.

   Не так даўно я быў сведкам адной падзеі, якая з аднаго боку мяне вельмі развесяліла, а з іншага – прымусіла задумацца.
   Адзін святар сустрэў свайго парафіяніна, які прывітаў свайго душпастыра словам: “Здравствуйте”. Святар затрымаўся і прыгадаў маладому чалавеку, што вучыў яго на катэхезе, як трэба вітацца па-каталіцку. А хлопец адказаў не задумваючыся: “Але мы ж не ў касцёле”.
   Я лічу, што сваімі паво­дзінамі гэты малады чалавек прыгадаў тое, што цяпер адбываецца ў большай частцы Еўропы. Людзі спрабуюць замкнуць Бога толькі ў касцёле. Асабістае жыццё чалавека становіцца толькі ягонай уласнасцю, а не Божай ці блізкіх або знаёмых. Назіраючы за жыццём такіх людзей, закрадваецца спакуса далучыць іх да групы тых асоб, якія жывуць так, быццам іх месца тут, на зямлі, быццам яны ніколі адсюль не адыдуць. Для большасці з нас знакі самога Бога малазначныя, а часта ўвогуле непрыкметныя. Мы занадта занятыя штодзённымі праблемамі і проста сабой. Мы стараемся рабіць усё, каб наша жыццё было бесклапотным.
Католік, які жыве ў грамадстве, прымае пэўную мадэль грамадскіх паводзін. Давайце задумаемся, якой з’яўляецца гэтая мадэль жыцця ў Беларусі. Жыццё чалавека на нашай Радзіме поўнае супярэчнасцей. Здаецца, што мы пастаянна знаходзімся ў стане няспыннага пошуку свайго месца, а знайсці яго не можам. Хочацца прыгадаць вялікія хрысціянскія традыцыі Беларусі, а таксама месца чалавека каля Бога. Вельмі часта пра вялікія і прыгожыя традыцыі нашых дзядоў і прадзедаў успамінаюць іерархі, просячы моладзь захоўваць і клапаціцца пра гэты вельмі важны скарб. Мадэль жыцця веруючага чалавека павінна карэкціравацца Касцёлам. Тады чалавек будзе ўсведамляць, што ён не з’яўляецца самадастатковым і не можа самастойна акрэсліваць, што добра, а што дрэнна. У такой сітуацыі ён не згубіць пачуцця існавання граху.
   Калі асяроддзе экле­зіяльнае (г.зн. касцёльнае), яно можа дапамагчы верніку ў фарміраванні сталай паставы. Калі ж яно нядобразычлівае, а нават варожае, яно не павінна тармазіць дынамізму развіцця, які выплывае з сакраманту хросту. Католік фарміруе і будуе сваю тоеснасць адносна Хрыста, які стаў Чалавекам. Святы Айцец Бенедыкт XVI падчас разважанняў у II Нядзелю Адвэнту заахвочвае ўсіх вернікаў падрыхтаваць свае сэрцы і жыццё да прыходу Хрыста. Папа заклікае кожнага з нас прааналізаваць сваё жыццё ў праўдзе. Таму варта задумацца над сваёй верай і сваім жыццём.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.