ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Пясках

Парафіі і святыні


Касцёл Маці Божай Ружанцовай  у ПяскахДэканат Масты
Вёска Пяскі вядома з XVII ст. як уладанне Сапегаў, пры якіх у 1682 г. (або ў 1782 г.) і быў пабудаваны касцёл. Апошні драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1857 г. (або ў 1877 г.) графам Вацлавам Красіцкім і асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У 1900 – 1914 гг. над мястэчкам узняўся новы, ужо мураваны касцёл, пабудаваны з бутавага каменю ў неагатычным стылі паводле праекта інжынера Даніева. Будаўніцтва вялося на сродкі парафіян. Цяпер святыня набыла новы тытул – Маці Божай Ружанцовай. Пры гэтым пад касцёл аддалі новую пляцоўку, метраў на 80 паўднёвей старой, бліжэй да цэнтра мястэчка. На старой пляцоўцы дагэтуль знаходзіцца пустка, абсаджаная дрэвамі.
    Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян у пяскоўскай парафіі дасягала 1500 чалавек.
У 1945 г. касцёл быў зачынены, і ў бязбожныя дзесяцігоддзі панавання савецкай улады ён быў прыстасаваны пад збожжасховішча. Вярнулі святыню ў 1989 г. Рэстаўрацыя касцёла была праведзена ў 1991 – 1997 гг. Перад касцёлам усталяваны высокі драўляны крыж з адзнакамі місій рэдэмптарыстаў (1999 г.) і францішканаў (2000 г.). Цікавы прыдарожны крыж, накшталт мальційскага, усталяваны пры ўездзе ў вёску з боку Міжэва.
    Касцёл уяўляе сабой аднавежавую прамавугольную ў плане базіліку з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі і трансептам, тарцы якога завершаны зубчатымі “рыцарскімі” франтонамі і востраканечнымі пінаклямі. Сцены па перыметры ўмацаваны плоскімі контрфорсамі. Галоўны ўваход пазначаны рызалітам, завершаным васьміграннай вежай-званіцай пад высокім шатровым купалам (там знаходзіцца звон 1780г.).
    Інтэр’ер касцёла, падзелены на тры навы трыма парамі слупоў, перакрыты сістэмай зорчатых скляпенняў на падпружных спічастых арках. У святыні знаходзяцца тры разьбяныя неагатычныя алтары, створаныя ў 1993 г. мастаком Ф. Стрыецкім на сродкі сям’і Пякарскіх з Таронта і Лондана ў памяць сям’і Сухоцкіх. Галоўны алтар – гэта тытульны алтар Маці Божай Ружанцовай, левы бакавы алтар прысвечаны св. Максімільяну Кольбэ, а правы – Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса. Арганныя хоры зроблены ў выглядзе балкона.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.