ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Возера і ручаёк

Дзіцячы куточак

“Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, пакорныя…” 1П 3, 8
У далёкай горнай краіне жылі па суседстве возера і ручаёк. Возера размяшчалася каля падножжа гары, а выток ручая пачынаўся значна вышэй – на самой гары.
    Возера вельмі ганарылася сабой.
    – Паглядзі, ручаёк, якое я прыгожае, вялікае і чыстае!
    – Так, – пагадзіўся ручаёк, – ты вельмі прыгожае. І, напэўна, у цябе шмат сяброў. Бо ты такое вялікае, што можаш дарыць свае воды ўсім, хто жадае піць. А я маленькі, і ніхто мяне не заўважае.
    – Ха-ха-ха! – засмяялася возера. – Навошта мне раздаваць свае воды іншым? Так і я магу стаць маленькім.
    Падышоў неяк да возера горны козлік.
– Возера, я збіўся са шляху, і мяне вельмі мучыць смага. Можна мне напіцца тваёй вады?
    – Пашукай вадзіцы ў іншым месцы, – абурылася возера. – І не дакранайся да мяне сваімі бруднымі капыткамі.
    Козлік засумаваў, але рабіць няма чаго. Ён ужо хацеў адыходзіць, але раптам пачуў ціхі голас:
    – Ідзі да мяне. Я маленькі ручаёк, але маёй вады табе хопіць. Можаш піць столькі, колькі пажадаеш.
    – Дзякуй, ручаёк, ты мяне выратаваў!
    Прыляцелі да возера ластаўкі.
    – Возера, мы вельмі стаміліся, а наперадзе яшчэ доўгі шлях. Дазволь нам напіцца.
    – Вось яшчэ, – раззлавалася возера. – На вашых крылах пыл, а я пылу не пераношу. Ляціце адсюль!
    Ластаўкі ўжо падняліся ў паветра, але заўважылі маленькі ручаёк і папрасілі ў яго напіцца. Ручаёк адказаў:
    – Калі ласка, ляціце да мяне, маёй вады хопіць для ўсіх вас. Піце, колькі пажадаеце!
    – Дзякуй табе, маленькі ручаёк, – пракрычалі ластаўкі, здаволіўшы смагу. – Ты сапраўдны сябар!
    Прыходзілі звяры, прыляталі птушкі. Усе яны прасілі дапамогі ў возера, і ўсім дапамагаў ручаёк.
    Аднойчы гарачым летнім днём да возера падбегла мышаня.
    – Возера, дапамажы зайцу, ён зламаў лапку і не можа ісці. Ён даўно не піў, яму вельмі патрэбна вада.
    – А я тут пры чым? – здзівілася возера.
    – Калі ты ўздымешся, то твае хвалі дакрануцца да зайчыка і дапамогуць яму напіцца.
    – Гэта ж дурасць, – адмахнулася возера.
    – Мышаня, – паклікаў ручаёк, – можа быць, я магу дапамагчы?
    – Ты вельмі добры, але маленькі. Тваёй вады не хопіць, каб дапамагчы зайчыку.
    – Пачакай, я прыдумаў, – сказаў ручаёк. – Матухна гара! Матухна гара! – закрычаў ён.
    Але гара сагрэлася на сонейку і моцна спала.
    – Дапамажы мне, мышаня. І разам яны паклікалі:
    – Матухна гара!!!
    – Што гэта вы так моцна крычыце, маленькія, – здзівілася гара. – Што здарылася?
    – Заяц зламаў лапку, – растлумачыў ручаёк. – Яму патрэбна вада, я павінен яму дапамагчы!
    – Але як? Ты ж такі маленькі?
    – На тваёй вяршыні ляжыць снег. Пад сонечнымі прамянямі ён растае і ператвараецца ў ваду. Дай мне трошкі гэтай вады, і я змагу дапамагчы зайцу.
    – Хоць ты і маленькі, але ў цябе ёсць вельмі вялікае жаданне дапамагаць іншым. Я зраблю тое, што ты просіш, – адказала гара.
    І ў тое ж імгненне ўся вада, якая да гэтай пары з вяршыні гары сцякала ў возера, пацякла ў бок ручайка. У той жа самы час возера пачало ператварацца ў балота, бо перастала атрымліваць ваду.
    А ручаёк ператварыўся ў вялікі вясёлы струмень. Ён хутка дабраўся да зайца, напаіў яго, прамыў яму ранку і пабег далей да мора, адорваючы ўсіх чыстай, халоднай вадой.
    – Бачыце гэты струмень? – пыталіся адзін у аднаго лясныя звяры. – Калісьці ён быў маленькім ручайком, але жаданне дапамагчы іншым ператварыла яго ў шырокую паўнаводную раку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.