ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Гамеапатыя: лячэнне ці падман? (2)

На шляху да святасці


ЯК ДЗЕЙНІЧАЕ ГАМЕАПАТЫЯ?

   Як жа ўздзейнічаюць на чалавека гамеапатычныя прэпараты? Адны прыхільнікі гэтай “нетрадыцыйнай медыцыны” распавядаюць толькі пра фізічнае ўздзеянне гамеасродкаў, іншыя ж – наадварот, падкрэсліваюць толькі духоўнае (энергетычнае) іх уздзеянне. Прыхільнікі фізічнага ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў сцвярджаюць, што хвораму належыць падабраць мінімальную дозу такога сродку, каторы ў вялікай дозе выклікаў бы сімптомы, якія на дадзены момант адзначаюцца ў хворага. Гамеапатычны “лек” з мінімальнай дозай такога сродку павінен актывізаваць імунітэт арганізма, каб перамагчы хваробу. Гэты метад лячэння гамеапаты параўноўваюць з вядомым нам спосабам лячэння праз прышчэпкі, які выкарыстоўваецца ў традыцыйнай медыцыне. Як прыклад, яны прыводзяць вядомае прышчэпліванне супраць грыпу. У той жа час, крытыкі гамеапатыі даказваюць, што гамеапатычны метад не мае нічога агульнага з навуковай медыцынай. Яны прыводзяць прыклад, што для вылячэння ныркавага каменя гамеапаты прапаноўваюць выпіць раствор з... ныркавым каменем. Гэтыя парадоксы звязаны з тым, што гамеапаты ўзводзяць метад лячэння падобнага падобным да абсалютнага.
Тым самым яны даходзяць да небяспечных абсурдаў. Гамеапаты, імкнучыся даказаць бяспечнасць сваіх “лекаў”, даводзяць, што іх прэпараты змяшчаюць мінімальныя дозы падобных да хваробы субстанцый. Вучоныя, даследаваўшы гамеапатычныя прэпараты, заўважылі, што яны змяшчаюць або мікраскапічныя дозы нейкіх старонніх сродкаў, або ўвогуле нічога не маюць акрамя звычайнага водна-спіртавога раствору. На падставе гэтага, вучоныя даказваюць, што гамеапатычныя “лекі” не могуць мець ніякага фізічнага ўздзеяння на арганізм чалавека. Калі так, то якім чынам яны ўплываюць на самаадчуванне пацыентаў? Гамеапатычны адказ на гэтае пытанне дае больш вытанчаная версія гэтага вучэння. Паводле яе, усе рэчывы маюць адмысловую жыццёвую або духоўную энергію. Падрыхтоўка гамеапатычнага прэпарата заключаецца ў “расціранні” адпаведнага рэчыва да такой ступені, каб яно перадало сваю духоўную энергію воднаму раствору, які з гэтага моманту становіцца “лекам”. На практыцы гэтая “перадача энергіі” заключаецца ў тым, каб максімальна растварыць “лекавы” сродак, бо чым больш раствараецца прэпарат, тым большая яго энергетычная дзейснасць. У выніку гатовы раствор можа не мець аніводнай малекулы “лекавага” сродку, але ён будзе “зараджаны яго энергіяй”. Варта пры гэтым памятаць, што гамеапаты гавораць тут не пра фізічную энергію (яе вучоныя маглі б заўважыць), а пра нейкую няўлоўную духоўную моц. Фактычна ж, няма ніякіх доказаў існавання такой энергіі. У сувязі з гэтым няма ніякіх навуковых доказаў фізічнага ўздзеяння “лека”. У пошуку зразумення папулярнасці гамеапатычных прэпаратаў многія вучоныя схіляюцца да версіі т.зв. эфекту плацэба. Так называюцца прэпараты, якія не маюць ніякіх лекавых уласцівасцей, але іх пазітыўнае ўздзеянне на арганізм засноўваецца толькі на веры чалавека ў сваё выздараўленне. Своеасаблівае самаўнушэнне прабуджае веру пацыента ў тое, што “лек” яго выратуе. Гэтая вера можа дапамагчы асобе псіхалагічна пабудзіць арганізм да выздараўлення. Аднак методыка прыняцця на веру адкрывае пацыента на небяспеку псіхаманіпуляцый з боку гамеапата. Тым больш, ненавуковы падыход яшчэ больш спрыяе таму, што пацыенту нічога не застаецца, як толькі паверыць лекару на слова. У той жа час сам “урач” таксама апіраецца толькі на веру ў дзейснасць гамеапатыі. Вучоныя таксама звяртаюць увагу на небяспечнасць самога факта спажывання раствора, бясшкоднасць якога не пацверджана навуковай медыцынай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.