ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Кантраст паміж нязносным холадам і гарачынёй сэрцаў!

З жыцця Касцёла

На сустрэчы кс. аб-па Клаўдыё Гуджэроцці з прадстаўнікамі мясцовай прэсыАпостальскі нунцый Клаў­дыё Гуджэроцці 5 лютага сустрэўся з прадстаўнікамі гродзенскіх СМІ.
На сустрэчы ксёндз арцыбіскуп па­дзя­ліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Гродна, наведвання касцёлаў і парафій, знаёмства з гродзенскімі вернікамі, падзяліўся меркаваннем, пры якой умове магчыма сустрэча двух найвышэйшых іерархаў каталіцкага Касцёла і праваслаўнай Царквы.

    – Ваша Эксцэленцыя, якія ў Вас уражанні ад візіту ў Гродна?
    – Першае ўражанне – гэта кантраст паміж нязносным холадам і гарачынёй сэрцаў, якія мяне прымалі. Калі больш сур’ёзна, то гэта горад вялікай жыццядзейнасці і багатай культурнай спадчыны. Гэта сапраўды скрыжаванне розных культур і розных гісторый са сваімі станоўчымі якасцямі і сваімі праблемамі, і гэта бачна. Гэта таксама месца, дзе каталіцкі Касцёл да сённяшняга дня захоўвае паслядоўнасць і значнасць сваёй традыцыі.

    – А якія ў Вас уражанні ад наведвання гродзенскіх касцёлаў і Вышэйшай духоўнай семінарыі?
    – Мне ўсё спадабалася! Я таксама ўбачыў дух традыцыі, дух культуры і гісторыі гэтай дыяцэзіі, што з’яўляецца спецыфічным для гэтага рэгіёна. І разам з тым, я мог убачыць касцёлы, якія ўздымаюцца ў новых мікрараёнах. Гэта азначае, што побач са старажытнай традыцыяй існуе пастаральны клопат аб тым, каб выйсці насустрач патрэбам, якія актуальныя сёння. І калі гэтыя цэнтральныя месцы з’яўляюцца знакам прадаўжэння традыцыі, то новыя мікрараёны з вялікімі дамамі з’яўляюцца знакам патрэбы Бога, патрэбы Слова, якое мы павінны несці людзям, якія ад нас гэтага чакаюць. Таму мае ўражанні вельмі пазітыўныя і яны мяне ўзбагацілі як асобу.
    Семінарыя, на маю дум­­ку, з’яўляецца вельмі жыц­цядзейнай супольнасцю. Яе ствараюць маладыя людзі, якія маюць сваю ўпэўненую матывацыю, гэта жывыя людзі, энтузіясты. Яны хочуць працаваць на карысць сваёй краіны. І, што я яшчэ заўважыў, яны жывуць у вельмі добрай супольнасці. Гэта, напрыклад, яны паказалі ў пераходзе ад старажытных грыгарыянскіх спеваў падчас св. Імшы да сучаснай рокавай музыкі, якую нам прадставілі. Гэта было прыгожа. Мяне насамрэч узрушыла, што гэтыя маладыя людзі ведаюць, на якой мове сёння прамовіць да сучаснага пакалення пра Езуса Хрыста. Мяне пазітыўна ўразіла, што ў семінарыі пануе клімат вялікай увагі да розных пачуццёвых сфер чалавека і яго патрэб.

    – Ваша Эксцэленцыя, што Вас здзівіла падчас побыту ў нашым горадзе?
    – Падчас візіту мяне вельмі ўзрушыла чаканне. Я маю на ўвазе чаканне беларускага народа, каб яго ведалі, каб яго любілі, каб яго шанавалі. Таксама мяне пазітыўна здзівіла адкрытасць менталітэту беларусаў, асабліва інтэлігенцыі. Дадам, што гэты менталітэт пакуль што не паддаўся вялікаму ўдару кансьюмерызму, які яшчэ дасюль не дайшоў. Моладзь вельмі свежая, вельмі ўважлівая, гатовая наладжваць нейкія адносіны і прыязнасць. І, безумоўна, Касцёл, які яшчэ носіць на сабе вялікія раны пасля пераследу, каторы давялося выцерпець (бо 20 гадоў – гэта малы час: яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць, як цяжка было калісьці верыць). Але разам з тым, бачна неверагодная здольнасць людзей да рэарганізацыі Касцёла. І не толькі ўменне рэарганізавацца структурна, але і духоўна, каб нанова знайсці сваю значнасць і свядомасць у паўсюдным Касцёле.
    Сапраўды, у параўнанні з маімі гадамі працы, а я маю багаты вопыт, гэта моцна здзіўляе ў Беларусі.

    – Ці магчыма на тэры­торыі Беларусі сустрэцца Святому Айцу Бенедыкту XVI і Патрыярху Кірылу?
    – Гэтае пытанне мае шмат бакоў. Касцёл не звяртаецца ў бок сенсацый. Гэта азначае, што такая падзея для нас не настолькі важная толькі таму, што на яе ўсе звернуць увагу. Нас больш цікавяць сапраўдныя сяброўскія адносіны паміж двума нашымі Касцёламі і супрацоўніцтва паміж нашымі вернікамі. На гэта прыйдзе час тады, калі абодва іерархі адчуюць, што сапраўды ёсць свабода і яны могуць гэта зрабіць, бо за іх плячыма стаіць Божы люд, які гэтага хоча. Гэта павінна быць сустрэча двух Касцёлаў. Канешне, кожны Касцёл мае сваю пачуццёвасць. Можа, адзін з іх больш гатовы да сустрэчы, а можа быць, нейкі Касцёл адчувае пэўныя ўнутраныя ці знешнія праблемы і яшчэ не гатовы зрабіць першы крок. Калі ладзяцца сустрэчы двух вялікіх Касцёлаў, то гэта робіцца ў імя Бога, а не ў імя палітыкі і нават не ў імя нейкіх асобных народаў. Пасля прэс-канферэнцыі кс. арцыбіскуп наведаў катэхетычны інстытут.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.