ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Я маю гонар прадстаўляць беларусаў перад святым Айцом

З жыцця Касцёла

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў св. Імшу, якая адбылася 5 лютага а 12-й гадзіне ў катэдры.
Літургія была цэлебра­вана на лацінскай мове з прамаўленнем тэкстаў ма­літваў на польскай, беларускай і рускай мовах. Разам з Апостальскім нунцыем св. Імшу цэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. На літургіі прысутнічалі ганаровыя госці – прадстаўнікі грэка-каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. На св. Імшу прый­шло мноства гродзенцаў – катэдра была запоўнена цалкам, нягледзячы на моцны мароз. На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр сардэчна прывітаў Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці ў гродзенскай катэдры. Ён звярнуў увагу на тое, што катэдра, якая сабрала ўсіх на ўрачыстую св. Імшу, мае багатую гісторыю, а яе пасляваенная біяграфія нагадвае сітуацыю ўсяго каталіцкага Касцёла ў Беларусі:

    – Шмат з прысутных вер­нікаў памятае, што ў гэтым касцёле на працягу 28 гадоў не было святара.
    Каб засцерагчы святыню ад знішчэння атэістычнымі ўладамі, вернікі збіраліся ў касцёле і адпраўлялі г.зв. Імшу без святара. Толькі ў 1989 г. быў атрыманы дазвол на адпраўленне св. Імшаў святаром, спачатку некалькі разоў на год, а пасля кожны тыдзень.

    – Сёння трэба выразна сказаць, што толькі дзякуючы глыбокай веры і адважнай рашучасці вернікаў удалося захаваць гэтую прыгожую святыню. Гэтак і вера ў сэрцах людзей на Гродзеншчыне ацалела дзякуючы гераічнаму сведчанню шматлікіх братоў і сясцёр. [...] Ваша Эксцэленцыя распачынае сваю вельмі адказную місію сярод люду, які апрача шматлікіх пакут і балючых выпрабаванняў нёс перамогу ў барацьбе за веру і за сваю прыналежнасць да каталіцкага Касцёла. Я шчыра спадзяюся, што гэтая першая сустрэча з верным людам Гродна пакіне ў сэрцы ксяндза арцыбіскупа як мага лепшыя ўражанні і спрычыніцца да ўзмацнення духоўнай сувязі паміж нашай дыяцэзіяй і паўсюдным Касцёлам, – сказаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.

    У сваёй гаміліі кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці горача падзякаваў дыяцэзіі ў асобе ксяндза біскупа Аляксандра за надзвычай цёплы і сардэчны прыём у Гродне.

    Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сам факт прысутнасці ў гэтым краі прадстаўніка Святога Айца вельмі значны, прытым, што падчас візіту адбылася сустрэча са свецкімі ўладамі. Трэба памятаць боль мінулага, калі Касцёл быў занядбаны і пераследаваўся. Аднак, трэба крочыць у будучыню і смела адчыняць ёй дзверы.

    Напрыканцы св. Імшы з нагоды першай нядзелі месяца адбылася ўрачыстая адарацыйная працэсія па касцёле на чале з ксяндзом арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас падзякі пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі звярнуў увагу, што Апостальскі нунцый мае магчымасць убачыць тыя традыцыі, якія ў Еўропе ўжо занядбаныя. На памяць аб візіце ў Гродна абп Клаўдыё Гуджэроцці атрымаў у падарунак карціну з выглядам катэдры.

    Таксама нунцый асвяціў прынесеныя вернікамі хлеб і ваду з нагоды ўспаміну дня св. Агаты.

    Арцыбіскуп Гуджэроцці сардэчна падзякаваў за прыём у Гродне: за малітву, цёплыя пажаданні і спевы. Яго Эксцэленцыя паабяцаў, што ў цяжкія хвіліны будзе згадваць цёплыя і шчырыя пажаданні гродзенскіх вернікаў.

Я моцна ганаруся, што ў імя Касцёла магу стаяць сёння перад усімі тымі, хто пакутаваў на гэтых землях, каб захаваць веру і жыццё гэтага Касцёла. І ўжо сам факт, што ў гэтым краі прысутнічае прадстаўнік Святога Айца, якога таксама прымаюць свецкія ўлады, шмат значыць. Гэты факт сведчыць, як хутка змяняюцца чалавечыя імкненні.
    Я ганаруся, што ад імя Святога Айца я таксама магу быць прадстаўніком такога народа. Гэта народ, які ўмее і любіць працаваць, народ, які ўмее любіць, які мае прыгожыя сем’і, гэта народ, які мае сваё сумленне і які будзе значным укладам у развіццё цывілізацыі гэтых зямель.
   Фрагмент гаміліі кс. аб-па Гуджэроцці ў катэдры

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.