ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Чым накарміць душу?

Слова рэдактара

Вера гаворыць аб народзе, гаворыць аб чалавеку. Гісторыя нашых дзядоў і прадзедаў паказвае, як, дзякуючы веры, чалавек не згубіў свайго людскога вымярэння жыцця.
   Мы, вядома, ведаем тысячу розных спосабаў таго, што трэба з’есці, калі мы галодныя, або як “карміць” наш мозг, калі мы адчуваем недахоп інтэлектуальных ведаў. Але ці задумваліся мы над тым, што нашай душы таксама патрэбна ежа. Давайце пасля свят Божага Нараджэння і напярэдадні Вялікага посту паспрабуем разам падумаць над тым, як “накарміць” душу. Якая духоўная кухня кожнага з нас?
   Ёсць вельмі шмат спосабаў для таго, каб таксама і наша душа была накормлена. Хтосьці выбірае для сябе духоўную кухню ў кармеліцкім, францішканскім ці бенедыктынскім духу. Ад пачатку існавання Касцёла Святы Дух абуджае пэўныя дары і харызматы. Мы карыстаемся Божымі дарамі штодзённа і адкрываем свае сэрцы на Бога падчас розных рэлігійных практык. Ад людзей можна пачуць, што яны маюць розныя любімыя малітвы ці што пазнаюць Бога праз добрыя ўчынкі і г.д.
   Карміць душу Богам. Мы сёння чытаем і чуем пра Бога вельмі шмат, але ўсё яшчэ замала. Каб накарміць душу, трэба хацець сустрэць Бога. Бог, які заўсёды прысутнічае на нашым шляху, дае нам пазнаць Сябе. Трэба ўкласці сваё сэрца ў рукі Бога, каб убачыць цуд – цуд веры.
Успрыманне веры на ўзроўні прыняцця абязбольваючай таблеткі абсалютна не натоліць голаду душы. Таксама, як і распаўсюджаная сёння мадэль рэлігійнага жыцця чалавека, заснаваная толькі на дзвюх восях: “Ты, Божа, дапамажы мне і вырашы ўсе мае справы”, або “ксёндз, Вы павінны мне дапамагчы”. Перш за ўсё, чалавек павінен сустрэць Бога і пазнаць Яго, таму што Бог і так ведае пра нас усё. Толькі праз пазнанне Бога мы пазнаём сябе, нашыя болі і радасці.
   Прыгадваючы багатую гісторыю нашай зямлі, мы можам толькі здагадвацца, які вялікі духоўны голад перажывалі тады людзі. Моладзь павінна ведаць гісторыю свайго народа, які ў нялёгкія часы камунізму шукаў Бога, прымаючы святыя сакраманты па начах ці супольна адгаворваючы Ружанец пры алтары без святара. Вера гаворыць аб народзе, гаворыць аб чалавеку. Гісторыя нашых дзядоў і прадзедаў паказвае, як, дзякуючы веры, чалавек не згубіў свайго людскога вымярэння жыцця. Духоўны голад тых людзей сёння дае магчымасць кожнаму з нас быць “накормленым” Божым словам. Давайце пастараемся не сапсаваць гэтага вялікага дару. Няхай наш розум будзе асвечаны святлом Бога, а сэрца адкрыта на Створцу. Будзьма ўважлівымі на сваім духоўным шляху.
   Не варта пераставаць карміць сваю душу вучэннем Хрыста. Адкрыццё сябе на Хрыста дае кожнаму з нас магчымасць убачыць, які гэты свет і якія мы. Для нас Евангелле становіцца люстэркам, адлюстраваннем якога павінен быць кожны з нас. Багаццем кожнага чалавека з’яўляецца яго духоўнае жыццё, таму давайце паклапоцімся пра тое, каб наша душа была “накормлена” Богам. Давайце будзем з Богам у сваім жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.