ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Касцёл св. Ганны ў в. Лунна

Парафіі і святыні

Дэканат Масты
Касцёл у в. Лунна быў заснаваны каралевай Бонай Сфорцай у 1546 г. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1782 г. на ахвяраванні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і асвечаны ў 1785 г. пад тытулам св. Ганны.
    Святыня пабудавана ў цэнтры вёскі з бутавага каменю і атынкаванай цэглы ў стылі г.зв. станіславаўскага класіцызму. У 1895 г. яна была значна рэканструявана на сродкі князёўны Марыі Друцкай-Любецкай (1833-1897) з Шэметаў (пахавана ў касцёле, у прэсбітэрыі змешчана мемарыяльная пліта ў яе гонар), без змен пакінута толькі апсіда. Даты пабудовы і рэканструкцыі святыні адзначаны на галоўным фасадзе перад уваходам у касцёл. Шмат на карысць святыні зрабілі паны Чахоўскія і Рамеры (пазнейшыя ўладальнікі гэтых зямель), таксама пахаваныя ў крыпце касцёла, аб чым сведчаць мемарыяльныя пліты на сценах малітоўнай залы. У ХVIII ст. мясцовая парафія ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага дэканата, у ХІХ ст. – Гродзенскага, а ў 1920 г. Лунна стала цэнтрам аднайменнага дэканата Віленскай архідыяцэзіі, які складаўся з 8 парафій.
З ХІХ ст. да Лунненскай парафіі належалі капліцы ў Чарлёне і Яблонаве. У міжваенны час далучылася яшчэ і капліца св. Роха на мясцовых могілках. Яна пабудавана з жоўтай вонкавай цэглы з рысамі неакласіцызму над крыптай, дзе быў пахаваны доктар Антоні Барташэвіч (+13.03.1933, верагодна, ахвярадаўца будаўніцтва святыні). Гзымс і ўваходны партал атынкаваныя. Капліца прамавугольная ў плане, з невялікай сігнатуркай над уваходам, перакрытая двухсхільным чарапічным дахам. Інтэр’ер перакрыты сегментарным падшыўным дашчаным скляпеннем, у алтары быў змешчаны вялікі тытульны абраз (не захаваўся). Могілкавая брама – гэта два звычайныя атынкаваныя слупкі, дэкараваныя выявамі (труна, крыж) з маленькіх каменьчыкаў.
    Колькасць парафіян у міжваенны час перавышала 2000 вернікаў. Касцёл дзейнічаў увесь час. Залічаны да помнікаў архітэктуры. Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай сакрыстыямі. Святыня бязвежавая, галоўны фасад дэкараваны пілястрамі і завершаны фігурным франтонам.
    Інтэр’ер падзелены на 3 навы пяццю парамі размаляваных пад мармур круглых калон. Цэнтральная нава перакрыта драўляным падшыўным цыліндрычным скляпеннем, а бакавыя – плоскай падшыўной дашчанай столлю. У апсідзе скляпенне конхавае, на ім намаляваны сюжэт Сыходжання Святога Духа. Унутры тры драўляныя разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі: галоўны – Укрыжавання (пры бакавых сценах прэсбітэрыя ўсталяваны такія ж неагатычныя алтарныя кампазіцыі з фігурамі Маці Божай (злева) і св. Юзафа), левы бакавы – тытульны алтар св. Ганны (ён засланяе абраз Маці Божай Вастрабрамскай), наверсе знаходзіцца абраз св. Антонія, правы алтар – алтар Маці Божай Лунненскай (абраз і шата ў стылі рэнесансу) з абразом св. Францішка ў другім ярусе. Над нартэксам зроблены арганныя хоры з арганам у стылі станіславаўскага класіцызму. На сцяне хораў змешчаны мемарыяльныя пліты ў гонар Чахоўскіх.
    Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе дзвюх невысокіх атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла асобна пабудавана двух’ярусная цагляная і атынкаваная чацверыковая званіца. На касцёльным участку захавалася некалькі цікавых помнікаў-надмагілляў фундатараў касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.