ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Новая евангелізацыя як уводзіны ў Год веры

З жыцця Касцёла

Арцыбіскуп  Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт  Мінска-Магілёўскі Апостальскі  Адміністратар  Пінскай дыяцэзіі Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2012 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!
    1. Адказваючы на выклікі часу, каталіцкі Касцёл усё больш і больш увагі прысвячае новай евангелізацыі. Першым гэты тэрмін ужыў бласлаўлёны Ян Павел II, які прароча бачыў неабходнасць новага абвяшчэння Евангелля ў краінах з багатай хрысціянскай традыцыяй, дзе ў наш час, на жаль, чалавек згубіў веру і жыве так, як быццам Бога зусім няма, або спіхвае Яго на перыферыю жыцця. Аб ёй, як усё больш неабходнай, усё часцей гаворыць папа Бенедыкт XVI і біскупы. Ёй прысвечаны чарговы, ужо XIII, звычайны Сінод Біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку гэтага года на тэму “Новая евангелізацыя для пераказу хрысціянскай веры”.

    Святы Айцец Бенедыкт XVI вырашыў, што 11 кастрычніка 2012 г., з нагоды 50-годдзя адкрыцця II Ватыканскага Сабору, распачнецца Год веры. У сітуацыі глыбокага яе крызісу ў сучасным свеце ён павінен стаць запрашэннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста, місійнага ўдзелу ў справе новай евангелізацыі, прабуджэння ў верніках натхнення да вызнання веры ва ўсёй яе паўнаце з адноўленым перакананнем, даверам і надзеяй, а таксама выказвання абавязку новага адкрыцця і вывучэння галоўных праўд веры, якія знаходзяцца ў Катэхізісе.
    Аднак, вера, як навучае святы апостал Павел, нараджаецца са слухання (пар. Рым 10, 17). Але, каб хтосьці мог паверыць, найперш трэба абвяшчаць. Таму новая евангелізацыя арганічна ўпісваецца ў праграму адраджэння і ўмацавання веры. Каталіцкі Касцёл у Беларусі жадае ісці ў нагу з часам і адказваць на яго выклікі. Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што новая евангелізацыя як уводзіны ў Год веры будзе пастырскай праграмай 2012 г.

   2. Галоўным абавязкам Касцёла заўсёды і ўсюды было, ёсць і будзе абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста. Менавіта Ён, як першы Евангелізатар, наказаў Апосталам: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28, 19–20). Верны гэтаму наказу Збаўцы, Касцёл няспынна працуе над абвяшчэннем Добрай Навіны. Таму місія евангелізацыі з’яўляецца канчатковым і нязменным выражэннем прыроды Касцёла, — як навучае Бенедыкт XVI (пар. US). Аднак ён таксама падкрэслівае, што з цягам часу змяняюцца формы і метады гэтай місіі. Усё залежыць ад месца, сітуацыі і абставін абвяшчэння Евангелля.
    Наш час пазначаны тэндэнцыяй адыходу ад веры ў грамадствах і культурах, куды Добрая Навіна была прынесена шмат стагоддзяў таму. Сацыяльна-палітычныя змены, нябачнае дагэтуль хуткае развіццё навукі і тэхнікі, змены ў эканоміцы, працэсы міграцыі і глабалізацыі і г.д. маюць свой як пазітыўны, так і негатыўны ўплыў для чалавецтва. Уплываюць яны таксама і на адносіны чалавека да рэлігіі. З аднаго боку, яны даюць новую надзею, а з іншага — вядуць да страты сакральнасці і веры ў Бога, наступствам чаго ў сучасным свеце з’яўляецца эрозія традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей.
    У такой сітуацыі Касцёл не можа заставацца пасіўным перад абліччам гэтых небяспечных выклікаў. Увагу на гэта звярнуў яшчэ II Ватыканскі Сабор, паводле навучання якога, “Касцёл заўжды павінен даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця і пра іх узаемасувязь” (GS 4).
    Як сам Сабор, так і паслясаборнае вучэнне шмат увагі прысвяцілі адносінам паміж Касцёлам і светам з мэтай пошуку адпаведных форм дзеяння, каб сучасны чалавек мог пачуць заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), якое, як навучае папа Бенедыкт XVI, з’яўляецца крыніцай духоўнага адраджэння (пар. VD 102).
    Папа Павел VI у апостальскай адгартацыі аб евангелізацыі ў сучасным свеце піша, што справа евангелізацыі заўсёды з’яўляецца актуальнай, бо ў наш час людзі адыходзяць ад Божага закону (пар. EN 52). Таму Касцёл павінен шукаць адпаведных сродкаў, каб з Божым Аб’яўленнем і верай у Хрыста дайсці да гэтых людзей (пар. EN 56).
   
Ёсць некаторыя супольныя элементы новай евангелізацыі, аб якіх трэба памятаць. Гэта, найперш, адноўленая місійная стараннасць і пакорлівае падпарадкаванне дзеянню Святога Духа, які суправаджае прапаведнікаў Евангелля і адчыняе сэрцы тых, хто слухае. Каб плённа абвяшчаць Евангелле, неабходна самому мець глыбокае дасведчанне Бога.

    Вучэнне аб новай евангелізацыі было адным з галоўных пунктаў навучання бласлаўлёнага Яна Паўла II. У апостальскай адгартацыі аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і свеце ён навучае, што рэлігійнае занядбанне і адыход ад Бога з’яўляюцца не менш непакоячымі і дэструктыўнымі з’явамі, чым атэізм. У клімаце секулярызму і развіцця сект маральнай і духоўнай спадчыне пагражае рассейванне. Толькі новая евангелізацыя можа забяспечыць росквіт чыстай і глыбокай веры (пар. СhL 34). Таму, дзейнічаючы моцай Святога Духа, Касцёл павінен звярнуцца да сучаснага свету з новым місійным запалам, каб садзейнічаць новай евангелізацыі. Аналіз рэлігійнай сітуацыі ў сучасным свеце паказвае, што яна вельмі моцна адрозніваецца ад кантынента да кантынента і нават ад краіны да краіны. У адным месцы рэлігійныя практыкі жывыя, у іншым — моцна падпарадкаваны працэсам секулярызацыі, а ў трэцім — зусім страчаны.
    Усё гэта патрабуе пошуку адпаведных форм і метадаў евангелізацыі. Не факт, што нейкае дабро ў адной з моцна хрысціянізаваных краін Еўропы будзе такім жа і ў Беларусі, дзе ёсць вельмі багаты вопыт захавання веры і яе перадачы маладому пакаленню падчас ганенняў на Касцёл і дзе ў наш час таксама праяўляюцца працэсы секулярызацыі. Таму, як заўважае папа Бенедыкт XVI, патрэбна ўважлівае распазнанне ўсіх сітуацый, каб паставіць адпаведны дыягназ і выпісаць неабходныя лекі. Аднак ёсць некаторыя супольныя элементы новай евангелізацыі, аб якіх трэба памятаць. Гэта, найперш, адноўленая місійная стараннасць і пакорлівае падпарадкаванне дзеянню Святога Духа, які суправаджае прапаведнікаў Евангелля і адчыняе сэрцы тых, хто слухае. Каб плённа абвяшчаць Евангелле, неабходна самому мець глыбокае дасведчанне Бога (пар. US).
    Святы Айцец Бенедыкт XVI у энцыкліцы “Бог ёсць Любоў” сцвярджае, што быць хрысціянінам азначае сустрэцца з Хрыстом, які надае жыццю новую перспектыву (пар. DCE 1). Падобна і са справай еван­гелізацыі. Гэта не чалавечы праект экспансіі, але жаданне падзяліцца з іншымі бясцэнным дарам веры, які мы атрымалі ад Бога (пар. US).

    3. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус сказаў Апосталам: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19). Гэта мандат Збаўцы, які “хоча, каб усе людзі збавіліся і пазналі праўду” (1 Цім 2, 4). Выконваючы яго, Апосталы пачалі евангелізаваць людзей розных моў, традыцый і нацыянальнасцей.
    Слова “евангелізаваць” паходзіць ад грэчаскага “euan-gelion” і выкарыстоўваецца для азначэння дзейнасці, скіраванай на навяртанне людзей да Бога.
    Евангелізацыя, будучы галоў­най місіяй Касцёла, найперш скіравана на апостальства сярод язычнікаў. Гэта г.зв. першая евангелізацыя. З Дзеяў Апосталаў бачна, што сэнс Добрай Навіны — гэта сам Хрыстос, наш Пан (пар. Дз 11, 19–20). Слова “пан” на грэчаскай мове гучыць “kyrios”. У эліністычнай культуры прызнаць кагосьці сваім панам азначала прызнаць яго ўладу над сабой, прызнаць яго сваім богам і ўладаром.
    Кажучы пра евангелізацыю, трэба памятаць, што гэта не маральнае навучанне, чым займаецца катэхізацыя, але абвяшчэнне Хрыста. Яна прызначаецца для няверуючых і для тых хрысціян, якія толькі намінальна такімі з’яўляюцца, а на самой справе страцілі веру ў Бога або жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Таму ў наш час абвяшчэнне Евангелля называецца новай евангелізацыяй. Спецыфічнасць новай евангелізацыі заключаецца ў тым, што ахрышчаным, але не практыкуючым, Евангелле павінна абвяшчацца з новым запалам, новымі метадамі і новай мовай.
    Тэрмін “новая евангелізацыя” ніякім чынам не нагадвае пра новае Евангелле, якое па сваёй сутнасці застаецца нязменным. Тут гаворка ідзе пра новыя формы яго абвяшчэння, дзякуючы якім тое ж самае Евангелле будзе абвяшчацца з новым энтузіязмам, новай і зразумелай сучаснаму чалавеку мовай ва ўмовах сучаснай секулярнай культуры, а таксама новай мета­далогіяй, здольнай у зменлівым свеце перадаць яго нязменны сэнс. Нездарма Святы Айцец Бенедыкт XVI у сваёй прамове да членаў Папскай рады па новай евангелізацыі 30 мая 2011 г. сказаў, што Евангелле — гэта заўсёды новае абвяшчэнне здзейсненага Хрыстом збаўлення з мэтай учыніць чалавецтва ўдзельнікам Божых таямніц і падарыць яму новую надзею.
   
Кажучы пра евангелізацыю, трэба памятаць, што гэта не маральнае навучанне, чым займаецца катэхізацыя, але абвяшчэнне Хрыста. Яна прызначаецца для няверуючых і для тых хрысціян, якія толькі намінальна такімі з’яўляюцца, а на самой справе страцілі веру ў Бога або жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Таму ў наш час абвяшчэнне Евангелля называецца новай евангелізацыяй.

    4. Распачынаючы Год новай евангелізацыі, якая адбываецца ў зменлівым свеце, калі пра Бога гавораць у індыферэнтным або нават варожым кантэксце, неабходна задаць пытанне, якім чынам мы можам гэта здзейсніць?
    4.1. Найперш, у цэнтры евангелізацыйнай дзейнасці неабходна паставіць Хрыста Збаўцу, які “ўчора, сёння, і навекі той самы” (пар. Гбр 13, 8). Гэтага нязменнага Хрыста і Яго навучанне павінен абвяшчаць Касцёл ва ўсе часы, таксама і ў наш час крызісу веры. Таму новая евангелізацыя патрабуе паказаць веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага, як адзінага Збаўцу чалавецтва. Яна распачынаецца ад перакананасці, што Божая ласка дзейнічае і што яна можа перамяніць сэрца чалавека, а таксама ад нашага хрысціянскага сведчання. Таму нам неабходна перажываць новае Спасланне Святога Духа, каб з новай моцай абвяшчаць Хрыста і быць Ягонымі сведкамі. Нам трэба, як пісаў святы Ігнацый з Антыёхіі, не толькі называцца хрысціянамі, але імі сапраўды быць (пар. “Ad Cristiani di Magnesia”, I, 1: NE, p. 60).
   
Новая евангелізацыя патрабуе паказаць веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага, як адзінага Збаўцу чалавецтва. Яна распачынаецца ад перакананасці, што Божая ласка дзейнічае і што яна можа перамяніць сэрца чалавека, а таксама ад нашага хрысціянскага сведчання.

    4.2. Хоць новая евангелізацыя і шматбаковая акцыя, яна павінна быць канкрэтызавана, бо Евангелле абвяшчаецца канкрэтным людзям.
    4.2.1. Такім месцам найперш з’яўляецца літургія як вяршыня жыцця Касцёла (пар. SC 10). Літургія — гэта не дзеянне святара ці вернікаў, але дзеянне самога Хрыста. Менавіта праз літургію Бог прамаўляе найлепш і найбольш эфектыўна. Нездарма лацінская прыказка кажа: “Lex orandi — lex credendi”, што азначае: якая малітва, такая вера.
    4.2.2. Наступным месцам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляецца дабрачыннасць. Папа Бенедыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Бог ёсць Любоў” вельмі добра паказаў значэнне хрысціянскай любові ў справе абвяшчэння Евангелля. Праз адносіны паміж верай і любоўю ацэньваюцца адносіны хрысціяніна з Хрыстом, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць іншым (пар. Мц 20, 28). Наша любоў да бліжняга з’яўляецца паказчыкам нашай вернасці Богу і Яго слову. Таму ў наш час, пазначаны індывідуалізмам і геданізмам, неабходна сведчыць нашу любоў да бліжніх як знак нашага сталага хрысціянства і інструмент новай евангелізацыі.
   4.2.3. Асаблівае месца ў працэсе новай евангелізацыі павінна займаць сям’я як галоўная клетка грамадства. Сям’я, якая перажывае крызіс, павінна ізноў стаць хатнім Касцёлам — месцам першага абвяшчэння Евангелля, хрысціянскай любові і выхавання маладога пакалення. Ніхто і нішто ў гэтым сэнсе не можа замяніць сям’і.
    4.2.4. Праграмай новай еван­гелізацыі павінна быць ахоплена моладзь і студэнты. Гэта, можа, найбольш падпарадкаваная выклікам секулярызму і лібералізму частка сучаснага грамадства. З аднаго боку, яна блукае і бунтуецца, часам нават губляе надзею, з іншага — шукае дарогі да шчасця. Таму мы павінны ахапіць яе сваёй пастырскай і проста чалавечай апекай, бо ад таго, якой будзе моладзь, залежыць, якім будзе свет і Касцёл.
    4.2.5. Вельмі эфектыўным спосабам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляюцца пілігрымкі. Вопыт апошніх часоў паказвае, што людзі, і асабліва моладзь, вельмі ахвотна прымаюць у іх актыўны ўдзел. Пілігрымка да святых месцаў становіцца пілігрымкай да Бога.
   4.2.6. Гаворачы пра новую евангелізацыю, не трэба забывацца, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Нашыя бацькі і дзяды падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру дзякуючы традыцыйным набажэнствам. Таму і нам трэба спалучаць новае з традыцыйным.
   4.2.7. Сучасны свет пазначаны феноменам міграцыі, якая вядзе да змешвання культур і рэлігій. З аднаго боку, гэта выклік нашага часу, а з іншага — магчымасць лепей пазнаць адзін аднаго, падзяліцца вопытам перадачы духоўных каштоўнасцей і разам іх абараняць. Міграцыя таксама патрабуе пастырскай апекі над тымі, хто выехаў у іншыя дзяржавы, і над іх сем’ямі, якія засталіся ў сваёй краіне.
    4.2.8. Нельга ўявіць сучаснае жыццё без сродкаў масавай камунікацыі. Гэта новы арэапаг для новай евангелізацыі, якая патрабуе новых метадаў камунікацыі і перадачы евангелічнага зместу новай, зразумелай сучаснаму чалавеку мовай. Патэнцыял сродкаў масавай інфармацыі яшчэ далёка не выкарыстаны як у свеце, так і ў Беларусі. Калі Касцёл жадае быць евангелізацыйным, ён павінен быць медыйным.

    5. Дарагія Браты і Сёстры!
    Перад намі непачаты край працы ў галіне новага эфектыўнага абвяшчэння Евангелля. Гэты працэс нялёгкі і складаны. Ён патрабуе дзейнасці і малітвы, а таксама новых евангелізатараў. Імі павінны быць не толькі духоўныя, але і свецкія асобы. Увесь Касцёл павінен несці адказнасць за гэты працэс, бо бяда нам, калі мы не будзем абвяшчаць Евангелля, — як кажа святы апостал Павел (пар. 1 Кар 9, 16).
    Трэба таксама адзначыць, што Год новай евангелізацыі добра ўпісваецца ў Год кнігі, які сёлета адзначаецца ў Беларусі. Сярод мора кніг Евангелле павінна займаць асаблівае месца ў жыцці кожнага хрысціяніна як кніга, дзякуючы якой мы пазнаём Бога і веру.
    Няхай жа новы 2012 год як Год новай евангелізацыі сапраўды стане шляхам да Года веры, каб усе людзі паверылі і, жывучы верай, дасягнулі збаўлення (пар. Мк 16, 16).
    У такой важнай і актуальнай справе, якой з’яўляецца новае абвяшчэнне Евангелля, давяраю ўсіх Вас Марыі — Маці новай евангелізацыі — і ад усяго сэрца бласлаўляю ў імя Айца і Сына, і Святога Духа. Амэн.
 
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.