ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Час змяняцца, час навяртання

На шляху да святасці

Мы перажываем перыяд Вялікага посту – час падрыхтоўкі да свята Уваскрашэння Пана. Гэта адзін з найбольш насычаных перыядаў літургічнага года ў каталіцкім Касцёле. Літургія Вялікага посту вельмі разнастайная, не падобная да літургіі іншых літургічных перыядаў. Можна прыняць удзел у прыгожых набажэнствах, мэтай якіх з’яўляецца прыцягванне ўвагі парафіян да апошніх дзён жыцця Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы. Сённяшняя моладзь вельмі ахвотна прымае ўдзел у велікапосных набажэнствах. Якія з іх найбольш падабаюцца сучаснай моладзі і чаму?
У нашай краіне найбольш распаўсюджанымі веліка­поснымі наба­жэнствамі з’яўляюцца Песні жальбы і Крыжовы шлях. Моладзь вельмі актыўна падрыхтоўвае разважанні Крыжовага шляху, таму што гэта спосаб самарэалізацыі, якая так патрэбна сённяшняй моладзі. Гэта спосаб па-свайму, па-новаму паглядзець на апошнія дні жыцця Езуса, на Яго апошні Шлях. Нехта гаворыць пра самога Езуса, нехта праводзіць паралелі паміж Езусам Хрыстом і сённяшнім чалавекам, нехта распавядае гісторыі, якія вучаць бачыць, што жыццё з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, падоранай Богам. Кожнаму маладому сэрцу хочацца сказаць вельмі шмат, але як гэта зрабіць, як данесці сваю веру іншым? Крыжовы шлях дапамагае ў гэтым.
Віялета з Ваўкавыска кажа: “Маё самае любімае набажэнства падчас перыяду Вялікага посту – гэта Крыжовы шлях, таму што менавіта гэтае набажэнства дапамагае мне сапраўды ўявіць поўную карціну ўсяго таго, што адбывалася з Езусам, адчуць той боль, які Ен адчуваў, церпячы за нас... Вялікі пост – гэта для мяне перыяд надыходу таго часу, калі Езус пераможа смерць. Гэта падрыхтоўка да цудоўнай навіны, якую анёлы абвясцілі Паннам. А асабіста для мяне гэта значыць тое, што мы перамаглі свае грахі, добра споўнілі свае пастановы на пост, змяніліся да лепшага. Езус памёр на крыжы за нашыя грахі, таму мы павінны аддзячыць Яму за Яго поўны любові і міласэрнасці ўчынак”.
    Ала з Гродна таксама вельмі любіць набажэнства Крыжовага шляху. Яна распавядае: “Сапраўды, адчуць боль, які адчуваў Езус, вельмі цяжка. Вельмі даўно гэта было, вельмі шмат чаго змянілася, сёння ў нашай краіне не прыбіваюць да крыжа, не бічуюць. Гэта цяжка ўявіць, але Вялікі пост – гэта час, прызначаны менавіта для гэтага. Адрачыся ад чаго-небудзь дзеля таго дня, калі Езус Уваскрос, – вялікі ўчынак. Змяніць сябе, навучыцца стрыманасці, даць волю слязам – гэта тое, што мне патрэбна ў часе посту”. Другім вельмі папулярным набажэнствам сёння з’яўляюцца Песні жальбы. Гэта трохтыднёвы цыкл песень, распавядаючых муку Хрыста ад здрады ў Аліўным садзе аж да апошняй хвіліны на крыжы. Сярод моладзі гэтае набажэнства не менш вядомае, таму што “хто спявае – той двойчы моліцца”.
   
Памкненне добразычлівасці, якое напаткала Езуса з боку Веранікі, было для Яго ясным променем у змроку людской злосці і прагі крыві. Кожная сустрэча з’яўляецца ў жыцці ласкай, дадзенай ад Бога, з мэтай, вядомай толькі Яму. Задача ж хрысціян – паказваць свету твар Хрыста, Яго дабрыню, адданасць і цярпенне за іншых.

    Ірына з Мінска штонядзелю ходзіць у касцёл на набажэнства Песень жальбы. “Найбольш прыгожае набажэнства ў часе Вялікага посту – гэта, на маю думку, набажэнства Песень жальбы. Яно паўстала больш за 300 гадоў таму ў Варшаве ў касцёле Святога Крыжа. Спеў – гэта заўсёды прыгожа. Гэты спеў апісвае мукі Пана, гэта сапраўды спеў, поўны болю і жаласці. Прыемна слухаць, калі ўвесь касцёл зацягвае песні, ты разумееш, што ты не адзін, што нас шмат, шмат гэтых сэрцаў, якія гатовы паміраць разам з Хрыстом. Для мяне Вялікі пост – гэта час любіць. Час прасіць прабачэння. Час навярнуцца і жыць па-новаму”.
    Такім чынам, мы бачым, што моладзь вельмі ахвотна прымае літургію Вялікага посту, з вялікай ахвотай удзельнічае ў набажэнствах, разважаючы мукі нашага Пана. Гісторыя двухтысячагадовая, вельмі старая, але кожны год нібы паўтараецца. Нібы душа просіць не забываць пра Таго, чыё сэрца было прабіта на крыжы.
    І моладзь не забывае, яна данясе гэтую традыцыю. Пранясе праз десяцігоддзі і перадасць сваім дзецям. Бо Бог любіць нас. І сапраўды, Яго любоў не мае меры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.