ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Неразумны флюгер

Дзіцячы куточак

– Ах, як жа цяжка жыць, – уздыхаў флюгер, круцячы галавой у розныя бакі. – Вецер то туды, то сюды. А я павінен за ім паспяваць. А дождж, калі б Вы ведалі, як мяне даймае дождж. Ён змушае мяне круціцца без прыпынку. У мяне круціцца галава і мне пачынае здавацца, што яшчэ трохі, і я звалюся.
    Маленькая божая кароўка ўважліва слухала скаргі флюгера, гледзячы на яго вочкамі-пацеркамі. Ёй да слёз было шкада яго. Яна толькі ўчора прыляцела ў гэтую мясцовасць і яшчэ не паспела ні з кім пазнаёміцца, акрамя флюгера, які працягваў жаліцца:
    – А калі яшчэ гром і маланка пачынаюцца!.. Вы сабе не ўяўляеце, які гэта жах. Мяне падкідае і збівае з напрамку. Не, я больш так не магу, я не перажыву гэтага. Усе круцяць мною, як жадаюць, як каму ўздумаецца. І нікога ніколі не цікавіць, чаго жадаю я сам.
Божай кароўцы вельмі хацелася дапамагчы няшчаснаму флюгеру, і яна прапішчала:
    – А Вы, спадар флюгер, спрабавалі самі ўсім сказаць, чаго Вы жадаеце?
    – Што Вы! Хіба можна? Я бедны флюгер, каго будзе цікавіць маё меркаванне?
    – Чаму Вы так думаеце? Мне было б цікава даведацца пра Вашыя жаданні. Калі Вы раскажаце пра іх, то хоць хтосьці даведаецца пра гэта. А потым Вы скажыце наступнаму, і наступнаму. Але Вы павінны зрабіць першы крок!
    – Не, не! Я нават думаць пра гэта не хачу. Усе ж будуць смяяцца! – адскочыў спалоханы флюгер.
    – А Вы паспрабуйце, гэта зусім нястрашна, – прапішчала божая кароўка.
    – Ну, добра, я паспрабую. Я цяпер... я... я... я жадаю...
    – Ну, адважней! – падбадзёрыла яго кароўка.
    – Я жадаю, каб... каб... – тут флюгер запнуўся і разгублена змоўк. – Вы ведаеце, мілая кароўка, я ніколі пра гэта не думаў.
    – Нічога страшнага, – сказала божая кароўка. – Падумайце, а заўтра я да Вас ізноў прылячу, і мы паразмаўляем. Дабранач, шаноўны спадар флюгер. На наступны дзень флюгер выглядаў зусім пабітым і хворым.
    – Ах, гэтай ноччу я зусім змучыўся. Навошта Вы мяне так растрывожылі? Я спрабаваў разважаць пра тое, чаго я насамрэч жадаю. Вы ведаеце, гэта так цяжка. Мне ўсю ноч прыйшлося круціцца за ветрам, які сёння не на жарт разышоўся. То ў адзін бок, то ў другі. І ён лічыць, што я павінен за ім паспяваць. А ў мяне ўжо ўзрост, у мяне ўжо іржавыя суставы... Хіба гэта жыццё!
    Божая кароўка дакорліва паглядзела на флюгер:
    – Вы мяне велікадушна прабачце, спадар флюгер, але гэта мы ўжо ўчора абмяркоўвалі. Мы дамовіліся, што Вы самі падумаеце пра тое, як Вы жадаеце круціцца. Вы падумалі?
    – Я спрабаваў, але Вы не ведаеце, як цяжка разважаць над такімі сур’ёзнымі пытаннямі, калі жывеш у такіх умовах. Вось учора хлапчукі надумалі кідаць у мяне камяні, прымушаючы круціцца то наперад, то назад. Мне было так крыўдна, што я нават плакаў. Хоць мне зусім нельга плакаць, бо ў мяне хворыя суставы, і калі іржа распаўсюдзіцца далей, як я буду круціцца. А калі я не буду круціцца, каму я буду патрэбен? – галасіў флюгер.
    Божая кароўка глядзела на яго і маўчала.
    – Ну, што ж Вы маўчыце? Няўжо Вам зусім мяне не шкада? Няўжо Вам зусім не хочацца мне дапамагчы?
    Кароўка ўздыхнула:
    – Як жа я Вам магу дапамагчы, спадар флюгер, калі Вы самі гэтага не жадаеце?
    – Як Вам не сорамна? Як Вы можаце такое гаварыць! У Вас проста няма сэрца.
    – Мне здаецца, што Вам падабаецца Вашае жыццё, спадар флюгер. Вам падабаецца жаліцца. Вам хочацца, каб Вам спачувалі. А ўсё таму, што Вы не ведаеце, чаго Вы самі жадаеце. А калі гэтага не ведаеце Вы самі, то як жа даведаюцца іншыя? Я не буду Вас шкадаваць. Вы неразумны і недарэчны. Я магу сама стаць такой жа, калі буду з Вамі сябраваць.
    Флюгеру было так крыўдна і горка слухаць гэтыя словы, што ён ізноў праплакаў усю ноч. А потым ён вырашыў стаць адважным і зрабіць так, каб усе захапляліся яго адвагай. І тады божая кароўка зразумее, што яна памылялася. І ёй будзе сорамна! І з гэтымі адважнымі думкамі флюгер заціх. А раніцай каля яго прысела страказа. І неўзабаве зноў пачаліся надаедлівыя стогны флюгера:
    – Ах, калі б Вы ведалі, спадарыня страказа, як мне цяжка жывецца. Мяне даймае вецер і дождж. А тут яшчэ гэтая божая кароўка. Яна мне гаварыла такія непрыемныя рэчы. Я ёй пажаліўся, падзяліўся сваімі бедамі, а яна? Яна была такая жорсткая са мной... Як мне цяжка жыць!
    Але страказа нічога не адказала, узмахнула сваімі шклянымі крыльцамі і паляцела далей. На другі дзень флюгер ізноў пачаў скардзіцца:
    – Вы толькі падумайце, паважаны вусень, я гэтай страказе ўсё як сябру расказаў, а яна была такая абыякавая і паляцела, не даслухаўшы мяне. О, бедны я, бедны!
    Праз некаторы час ужо ніхто не хацеў звяртаць увагу на флюгер, бо цяжка спачуваць тым, хто не хоча змяніць сваё становішча. І флюгеру не стала каму жаліцца. Так ён і рыпеў у адзіноце. Ён так усім надакучыў, што аднойчы прыйшоў майстар і зняў яго.
    – Як добра, – уздыхнулі ўсе ў акрузе. – Як гэты флюгер надакучыў сваім ныццём.
    Недарэчны флюгер! Ён так і не захацеў зразумець, што калі сам не ведаеш, чаго ты хочаш, то ўсе будуць табой круціць у розныя бакі. А калі ты яшчэ пры гэтым будзеш жаліцца, то да цябе ніхто не захоча падысці, і ты скончыш сваё жыццё ў самоце і адчаі, так нічога і не зразумеўшы. Вось як сумна! Але ж Вы не падобныя на гэты неразумны флюгер?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.