ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Велікодная споведзь

На шляху да святасці

Толькі давайце не будзем мінімалістамі!
Сёння чалавек хіба як ніколі клапо­ціцца пра чысціню свайго цела. На паліцах у крамах можна знайсці шмат розных пахучых сродкаў гігіены. Па тэлебачанні вядомыя асобы са свету спорту, моды і кіно рэкламуюць тавары вядомых вытворцаў, напрыклад, парфуму. І гэта нармальна, што чалавек стараецца клапаціцца аб гігіене свайго цела. Давайце паспрабуем уявіць сабе асобу, якая не ў найлепшых адносінах з вадой і мыецца толькі раз на год, а можа і радзей. Такога чалавека, напэўна, не вельмі добра будуць успрымаць іншыя, а знаходжанне побач з ім не будзе вельмі прыемным.
    Мы, хрысціяне, верым, што чалавек мае не толькі цела, але і душу. І паколькі мы старанна дбаем пра чысціню свайго цела, то ці не павінны мы таксама дбаць і пра чысціню сваёй душы? Перыяд Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, з’яўляецца асаблівай нагодай і чарговым шансам, каб змяніць штосьці ў сваёй душы. Часам бывае, што трэба паклапаціцца аб якойсьці больш грунтоўнай змене ў часта шэрай штодзённасці.
Адзін з касцёльных нака­заў гаворыць нам аб тым, што мы прынамсі раз на год павінны прыс­тупаць да сакраманту пакаяння і ў Велікодны перыяд прымаць св. Камунію. Для тых, хто стараецца выканаць гэты наказ “дакладна”, гэтым адным разам з’яўляецца споведзь у перыяд Вялікага посту. Асабліва ў апошнія дні, калі да Велікодных святаў застаецца няшмат часу, касцёлы перапоўнены з-за вялікай колькасці вернікаў, якія намераны паспавядацца. А потым “святы супакой” на цэлы год да наступнай споведзі. Такі чалавек часта прыгадвае менавіта тую асобу, якая прымае душ ці ванну адзін раз на год. Толькі ў гэтым выпадку справа датычыцца не цела, а душы. І здавалася б, што ўсё ў парадку, бо абавязак жа выкананы. Не трэба быць мінімалістамі хаця б у справах веры.
    Вельмі частай прычынай такога падыходу да споведзі з’яўляецца неадпаведнае разуменне гэтага сакраманту. Між тым, сакрамант пакаяння не з’яўляецца нечым накшталт устаўлення карткі ў банкамат і атрымання грошай, ці накшталт аўтамата з кавай, у які мы кідаем грошы і выбіраем любімую каву. Споведзь – гэта штосьці, куды мы закідваем нашыя грахі і атрымліваем пакуту. А канфесіянал не з’яўляецца скрынкай, у якой сядзіць хтосьці, хто выпісвае штраф за нейкае маё парушэнне. Споведзь – гэта перш за ўсё сустрэча з Кімсьці, Хто ў нас вельмі зацікаўлены. І пакуль мы гэтага не зразумеем, мы будзем успрымаць споведзь як абавязак, які вынікае з нашай веры, які неабходна проста выканаць хаця б раз на год. Для некаторых прыступіць да споведзі – гэта амаль тое ж, што і стаць перад Божым трыбуналам, дзе адчуваецца страх і дзе мы чакаем суровага прысуду. Думаючы такімі катэгорыямі, мы забываемся аб той ісціне, якую столькі разоў у сваіх лістах прагнуў нам давесці св. Ян: што Бог ёсць Любоў. Пан Бог, які чакае нашага змянення, глядзіць на нас з любоўю і стараецца заўважыць штосьці добрае, што, нягледзячы на нашыя грахі, павінна было яшчэ застацца. Сакрамант пакаяння – гэта сустрэча з любячым Айцом, а калі мы гэтага не ведалі, то павінны сабе гэта ўсвядоміць.
    З іншага боку, можна параўнаць: паколькі нашае цела, каб магчы нармальна фунцыянаваць, заўсёды патрабуе ежы, то і душы таксама неабходна пастаяннае харчаванне. Адным з такіх пасілкаў з’яўляецца сакрамант пакаяння. Ад кожнага з нас залежыць, чым для нас будзе споведзь. І патрэбна намаганне, каб зрабіць так, каб гэты сакрамант стаў патрэбным, як вада для піцця ці хлеб для ежы. Бо калі не будзе ежы, то цела памрэ. А калі не будзе вады, каб памыцца, то бруд пачне ўваходзіць пад скуру і ўжо цяжка будзе ад яго ачысціцца. Брудны чалавек пачынае дрэнна пахнуць, а з часам можа захварэць і ўрэшце рэшт памерці. Штосьці падобнае можа адбыцца і з душой, калі яна не мае магчымасці ачышчэння ці абмыцця. Гэтым ачышчэннем і з’яўляецца сакрамант пакаяння.
    Наперадзе яшчэ некалькі дзён Вялікага посту, часу змянення і навяртання. І не патрэбна пастаянна падманваць сабе, што нам няма з чаго спавядацца, таму мы прыходзім у канфесіянал толькі раз на год, бо хтосьці з сям’і не дае нам спакою, што мы павінны паспавядацца. У такім выпадку нас трэба было б залічыць да ліку святых, жыццё якіх з’яўляецца прыкладам для іншых. Давайце не будзем мінімалістамі ў справах нашай веры і нашага збаўлення. І нават калі мы прыступім да споведзі толькі раз на год, то няхай гэта будзе на самай справе споведзь не толькі па прымусе, але згодна з патрэбай сэрца. Мы павінны клапаціцца не толькі аб аднаразовай чысціні нашай душы ў перыяд Вялікага посту, але і аб пастаяннай. Бо душа, таксама, як і цела, патрабуе ачышчэння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.