ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Вялікі чацвер – св. Імша Хрызма і Імша Вячэры Пана

Хрысціянскія традыцыі

Св. Імша Вячэры Пана ў катэдральным касцёле св. Імша “Хрызма” ў катэдры
Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца найважнейшай для католікаў падзеяй ва ўсім літургічным годзе. Сутнасцю Трыдууму з’яўляецца цэлебрацыя мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Пачынаецца ўсё вячэрняй св. Імшой у Вялікі чацвер (св. Імша Вячэры Пана), а заканчваецца другімі нешпорамі па абедзе Велікоднай нядзелі. Свята Вялікадня суадносіцца з юдэйскай Пасхай. Само слова “пасха” выводзіцца з гебрайскага “песах” – абыйсці, перайсці. Гэтае свята ўзгадвае няволю ізраільскага народа ў Егіпце. Выхаду з Егіпта папярэднічала рытуальнае спажыванне пасхальнага баранка. Хрыстос жа, калі спажываў апошнюю пасхальную вячэру, выканаў старазапаветныя наказы і стаў сам Пасхальным Баранкам, які завяршыў збаўчую ахвяру.
У Вялікі чацвер цэлебру­ецца зранку толькі адна эўха­рыстычная Ахвяра, св. Імша Хрызма, якая праводзіцца ў катэдральным касцёле біскупам і прэзбітэрамі. Падчас гэтай св. Імшы біскуп бласлаўляе алеі хворых і катэхумэнаў, а таксама асвячае святое хрызма. Святары забіраюць новыя алеі ў свае парафіі, старыя ж спальваюцца. Імша Хрызма заканчвае перыяд Вялікага посту.

Каментарый:
   У гродзенскай катэдры Вялікі Чацвер распачынаецца ў 7.30 ранку Літургіяй гадзін, якую праводзяць святары пры галоўным алтары. Св. Імша Хрызма, якую ўзначаліць кс. бп Аляксандр Кашкевіч, распачнецца а 10-й гадзіне. Падчас яе ў прысутнасці ўсіх святароў дыяцэзіі будзе кансэкраваны алей хрызма і пабласлаўлены алей хворых і катэхумэнаў.

  Св. Імша Хрызма ў катэдры Увечары адпраўляецца ўра­чыстая св. Імша Вячэры Пана, якая распачынае святы Пасхальны Трыдуум. Яна адпраўляецца ў памяць Апошняй Вячэры, падчас якой Хрыстос ахвяраваў Богу Айцу пад выглядам хлеба і віна сваё Цела і Кроў, а пасля даў Апосталам да спажывання і наказаў, каб яны рабілі гэта на Яго памяць. Падчас гэтай падзеі Пан Езус устанавіў два сакраманты – святарства і Эўхарыстыю.
    Святары цэлебруюць Імшу ў белых ці залатых арнатах. Пасля ўваходнай працэсіі і ўступных абрадаў спяваецца гімн “Хвала на вышынях Богу”, падчас якога звоняць усе званы касцёла. Пасля гімна ўсе званы і арган замаўкаюць ажно да гімна “Хвала на вышынях”, які спяваецца падчас Пасхальнай вігіліі. Драўляныя ляскоткі да таго часу замяняюць ужываныя званкі і гонг.
    Пасля ўсе начынні з Найсвяцейшым Сакрамантам пераносяцца ў капліцу адарацыі, якую называюць цямніцай. Падчас перанясення спяваецца гімн “Слаў, язык мой, таямніцу”.
   Табернакулюм пусты, вечная лампадка гасіцца, а на алтары няма свечак, Імшала і абруса.

Каментарый:
   Кс. біскуп а 19-й гадзіне распачне Пасхальны Трыдуум св. Імшой Вячэры Пана. У цэлебрацыі літургіі Вялікага чацвярга прадугледжаны абрад мыцця ног 12 мужчынам на ўспамін 12 Апосталаў, якім Хрыстос абмыў ногі. На жаль, гэтая традыцыя ў нашым касцёле не практыкуецца з практычнага пункта гледжання. Але з’явілася новая традыцыя: кс. біскуп Аляксандр пасля набажэнства Вялікага чацвярга ідзе спавядаць, тым самым даючы магчымасць вернікам прыступіць да таямніцы пакаяння ў ксяндза біскупа. Адарацыя Насвяцейшага Сакраманту трывае да 22.00 гадзін.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.