ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Не бойцеся адказаць "Так"

З жыцця Касцёла

кс. рэктар Юзаф Станеўскі
Семінарыя, як часта гавораць, з’яўляецца сэрцам дыяцэзіі, якое дае маладую кроў для жыцця ўсяго арганізма Касцёла. Гэта адзіная навучальная ўстанова, якая выхоўвае будучых пастыраў – добрых пастыраў, каб яны клапаціліся аб аўчарні Пана.
    Пра пакліканне, выхаванне і жыццё Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне расказаў яе Добры Пастыр кс. рэктар Юзаф Станеўскі.
- Ксёндз рэктар, Вы працуеце ў фармацыі ўжо на працягу некалькіх гадоў, спачатку як прэфект, цяпер як рэктар семінарыі. Як Вы ацэньваеце ролю сям’і на шляху да святарства? У Беларусі ўсё больш разбітых сямей, дзе маці адныя выхоўваюць сваіх дзяцей. Таму дзеці не ведаюць пра ролю бацькі, што дрэнна ўплывае на вобраз Бога і ўспрыманне кіраўніка. Як з гэтым справіцца на шляху фармацыі?
    - Вельмі добра, ксёндз рэдактар, што Вы распачалі з сутнасці справы, з сям’і, дзе чалавек атрымлівае ад Пана Бога дар жыцця і пазнае навакольны свет. Бласлаўлёны Ян Павел II назваў сям’ю першай семінарыяй. Таму што тут чалавек пазнае праўды веры, якія выражаюцца ў штодзённай малітве, у супольным удзеле ў нядзельнай св. Імшы, таксама тут у далейшай перспектыве адбываецца абуджэнне і распазнаванне паклікання. І хаця ў сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца сям’я, трэба было б шмат чаго паправіць, Бог не перастае здзіўляць нас новымі пакліканнямі таксама і ў такіх сем’ях. Так мы ўслед за бл. Янам Паўлам II сцвярджаем, што гэта проста Дар і Таямніца. Таму пакліканне сына становіцца для сям’і заклікам да рэвізіі свайго ранейшага жыцця.
Аблучыны алюмнаў III курса (2009)Бывае так, што бацька, даведаўшыся пра пакліканне сына, змяняе ранейшы лад жыцця і вяртаецца ў лона сям’і і Касцёла. З мэтай лепшага зразумення і ўсведамлення сям’ёй таго, якім вялікім дарам яна была адорана Богам, у семінарыі праводзяцца рэкалекцыі для бацькоў нашых алюмнаў. Усе разам мы схіляемся над пакліканнем “нашых дзяцей”, молімся і дзелімся вопытам. Таму што выхавацелям семінарыі вельмі важна адчуць атмасферу, у якой выхоўваўся наш алюмн. Безумоўна, клерыку, які не чуў рашучага голасу бацькі, нялёгка адэкватна рэагаваць на распараджэнні маладых выхавацеляў. Таму кс. бп Аляксандр, прызначаючы выкладчыкаў у семінарыю, клапоціцца пра тое, каб кола ксяндзоў прафесараў было шматпакаленневае. Гэта аблягчае выхаваўчы працэс.

    - Кароткая парада для клерыкаў і іх сямей – як падтрымліваць адзін аднаго на цяжкім шляху адказу на пакліканне?
    - Сям’я пакліканага ў нашым асяроддзі карыстаецца пашанай і гонарам, гэта праўда і дзякуй Богу. Аднак, сям’я пакліканага павінна ўсвядоміць сабе неабходнасць супольнай адказнасці і супрацоўніцтва ў развіцці паклікання як у перыяд семінарыйнай фармацыі, так і пасля пасвячэнняў праз старанную малітву і прыклад веры.

    - Ці можна на працягу некалькіх апошніх гадоў заўважыць у маладых людзей розніцу ў тым, як яны паддаюцца працэсу фармацыі? У сучасным свеце маладыя людзі шукаюць зразумення. Яны маюць моцнае пачуццё сваіх правоў, але парушанае пачуццё абавязку. Як гэта можа быць узгоднена з патрабаваннямі фармацыі?
    - Кандыдаты да святарства, якія сёння стукаюцца ў дзверы нашай семінарыі, – гэта дзеці свайго часу, у якіх ёсць станоўчыя і адмоўныя рысы, як і ў іх равеснікаў. У моладзі ўсіх часоў можна заўважыць адзнакі эмацыянальнай няспеласці: няздольнасць да прыняцця адказных рашэнняў, непрапарцыянальныя рэакцыі на ўзніклыя праблемы, няўменне прымаць крытычныя заўвагі. Аднак, побач з гэтымі фактарамі станоўчыя ў кандыдатаў паставы адкрытасці, шчырасці, лёгкасць аповеду пра сябе і працы над сабой, а таксама здаровы крытыцызм. Увагі заслугоўвае шчырае жаданне радыкалізму на шляху рэалізацыі праўды, свабоды і адказнасці. Кандыдаты да святарства, якія сёння складаюць кола алюмнаў гродзенскай семінарыі, здольны пераносіць цяжкасці на шляху рэалізацыі ідэалаў, якія іх захапілі. Менавіта на гэтым пазітыве прышчэпліваюцца патрабаванні семінарыйнай фармацыі. Негатыўныя ж бакі “шліфуюцца” пры дапамозе Божай ласкі і стараннай працы кола выхавацеляў і прафесараў семінарыі.

    - Ці лічыце Вы, што выпускнікі семінарыі добра падрыхтаваны інтэлектуальна і эмацыянальна?
    - Гледзячы на нашых выхаванцаў – учора, а святароў з навуковымі тытуламі, прафесараў каталіцкіх навучальных устаноў Беларусі, душпастыраў і будаўнікоў, працаўнікоў курыяльных устаноў – сёння, я з задавальненнем рашуча адказваю: так, выпускнікі гродзенскай семінарыі добра падрыхтаваны да працы на жніве Пана.
    Аднак, асмелюся сказаць больш пра “выхаванцаў семінарыі”, таму што не ўсе пакідаюць яе ўвенчаныя пасвячэннямі прэзбітэрату. У большасці вядомых мне выпадкаў, гэта добрыя студэнты вышэйшых навучальных устаноў, клапатлівыя бацькі сямей, актыўныя парафіяне, узорныя грамадзяне – цяпер я гавару пра алюмнаў, якія па пэўных прычынах пакінулі семінарыю, але не страцілі атрыманага тут багажу жыццёвай мудрасці.

    - Як павінна выглядаць фармацыя маладых святароў пасля заканчэння семінарыі?
    - Сталенне ў святарстве выходзіць за час семінарыйнай фармацыі, з’яўляючыся часам душпастырскай паслугі прэзбітэраў. Таму патрэбна сталая фармацыя святароў, якая палягае не толькі на пастаянным паглыбленні розных фармацыйных аспектаў, але перш за ўсё, на гарманічным іх злучэнні ва ўнутраную еднасць, каб яна паслужыла падтрымцы і развіццю свядомасці і цудоўнай праўды аб тым, што святар – гэта слуга Хрыста і шафар Божых таямніц. З гэтай мэтай Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі падрыхтавала дакумент “Правілы фармацыі святароў у Беларусі”, зацверджаны Ватыканскай Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі, у якім прысвяціла згаданаму пытанню цэлы раздзел. На практыцы гэта рэалізуецца праз канферэнцыі і навуковыя сімпозіумы, дні засяроджання, майстар-класы. Адным словам, справа ў тым, каб святар заўсёды бачыў сябе ў праўдзе вачамі Хрыста, прытрымліваўся гэтай праўды і аднаўляў сваю веру, калі выконвае святарскую паслугу.

    - Якія парады Вы далі б клерыкам і ксяндзам, якія пачынаюць выконваць святарскую паслугу?
    - Кс. Ян Твардоўскі так гаварыў святарам: “Памятайце, што будуць хвіліны расчаравання ў вашым святарстве. Вы будзеце хацець гаварыць людзям пра Бога, а яны будуць глядзець, ці прыгожыя вы, ці ўмееце спяваць, ці чалавечныя, а пра Бога не будуць пытаць. Вы будзеце расчараваныя, бо вас падрыхтавалі да чагосьці іншага – а чагосьці іншага ад вас будуць хацець людзі”. Нешта падобнае можна сёння заўважыць у нашай супольнасці. Аднак, нельга ўпадаць у роспач і расчароўвацца. Трэба памятаць, што сэнс паслугі кожнага святара ўсіх часоў заўсёды той самы – гаварыць свету пра Пана Бога і даваць Яго праз сакраментальную паслугу. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, наведваючы нашу семінарыю, сказаў між іншым: “Трэба быць святаром Эўхарыстыі і чалавекам Эўхарыстыі. Будаваць жывую супольнасць Касцёла”. Гэта сутнасць святарскага служэння. Звяртаючыся да ўсіх, хацелася б папрасіць: дазвольце ксяндзу быць ксяндзом і вы ўбачыце, як ён дапаможа вам быць чалавекам.

    - Чаму навучанне ў семінарыі цягнецца 6 гадоў?
    - Духоўная семінарыя – гэта вышэйшая навучальная ўстанова, але спецыфічная, таму што ў семінарыі вучацца ў двух кірунках: у лекцыйных класах і ў капліцы на каленях. Гаворка аб тым, каб чалавек, які пачуў голас Бога, пазнаў Таго, хто вывеў яго з роднага дому, і так з Ім пасябраваў, каб магчы пазней і іншым расказваць пра Яго. Каб магчы навучаць у імя Хрыста, трэба вывучаць увесь Магістэрый Касцёла. А тут мы ўжо маем справу з інтэлектуальнымі намаганнямі, такімі, як асабістае выкладанне і навучанне. Іншымі словамі, духоўная семінарыя – гэта навучальная ўстанова, у якой задзейнічаны ўвесь чалавек – яго сэрца і інтэлект. Гэта навучальная ўстанова, якая не толькі дае веды, але і фармуе чалавека. Менавіта над гэтым, між іншым, і працуюць клерыкі ў семінарыі, а фармацыя чалавека бязмежная.

    - Мінае сёмы год, як Вы стаіце на чале Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Якой Вы бачыце alma mater з перспектывы сённяшняга дня, беручы пад увагу гады працы ў якасці прэфекта і прафесара гэтай установы?
    - Трошкі чуллівасці. На гэтае пытанне я пастараюся адказаць класічным прыкладам. Дык вось, клерыка, які падарожнічаў на аўтобусе запытаўся цікаўны спадарожнік: “Куды ты едзеш?” Той адказаў яму: “Я вяртаюся дадому”. А на чарговае пытанне: “А дзе ты быў?”, адказаў: “Дома”.
    З 1990 года семінарыя – гэта мой Дом, я адчуваў гэта будучы алюмнам, затым прэфектам, а цяпер рэктарам. І я маю на ўвазе не дом у матэрыяльным сэнсе, а атмасферу, якая тут пануе. Таму я вельмі хачу, каб кожны, як выхавацель, так і клерык, мог сцвярджацца і адчуваць сябе тут, як у родным доме.

    - Выконваць функцыю рэктара – гэта вялікі гонар і адначасова адказнасць за сукупнасць семінарыйнага жыцця. Што ўваходзіць у сферу абавязкаў рэктара?
    - Сказана: “Не ведаеце, чаго просіце, але будзе вам дадзена”. Я пагаджуся з Вамі, што быць рэктарам ганарова. Свайго каларыту гэтаму дадаюць касцёльныя ўрачыстасці і сустрэчы са свецкімі ўладамі, калі чуеш: “Ваша Магніфіцэнцыя”. Добра, што ёсць і другая частка пытання пра абавязкі, бо інакш чалавек спачываў бы на лаўрах. Абавязкі рэктара вызначаны касцёльным заканадаўствам у Кодэксе Кананічнага Права, у дакументах Апостальскай Сталіцы, Правілах фармацыі святароў у Беларусі, Статуце і палажэнні семінарыі і, хутчэй за ўсё, чагосьці я яшчэ не ўзгадаў. Таму, тым, хто зацікаўлены, рэкамендую пазнаёміцца з вышэйшымі дакументамі. А калі сур’ёзна, то я абавязаны быць чалавекам. Праз “Слова Жыцця” прашу вернікаў аб малітве, каб я мог справіцца з задачай, якую мне даручыў кс. бп Аляксандр.

    - Ксёндз рэктар, як складваюцца Вашы адносіны з клерыкамі?
    - Гэтае пытанне я, хутчэй, папрасіў бы задаць алюмнам і выпускнікам семінарыі. І прызнаюся, што ахвотна даведаўся б адказы (ананімна), каб пазней апраўдаць чаканні супольнасці.

    - Новы час – новыя выклікі для святароў XXI стагоддзя. Як Вы бачыце адказы на гэтыя выклікі ў XXI стагоддзі?
    - Сёння часта можна пачуць: новы час, новыя выклікі. У лісце, скіраваным нашай супольнасці 29 чэрвеня 1997 года, бл. Ян Павел II піша: “Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне я жадаю, каб яна заўсёды была аўтэнтычнай супольнасцю вучняў, сабраных вакол Хрыста – Добрага Пастыра, якія рыхтуюць будучых святароў, што ўсведамляюць сваю місію ў Касцёле і свеце”. Гэта было адзначана на пераломе стагоддзяў. Сёння, звяртаючыся да святароў, папа Бенедыкт XVI адзначае: “Людзі чакаюць святара як спецыяліста па духоўных справах”. Я лічу, што тут заключаны адказы і дадзены ўказанні Вялікіх Папаў пералому тысячагоддзяў на новыя выклікі, прыслухацца да якіх я заклікаю ўсіх, аказваючы супраціўленне гэтым выклікам XXI стагоддзя.

    - Якія арганізацыйныя змены Вы плануеце правесці?
    - Новае – гэта добра зразуметае старое. Што ж датычыць змен, нам, хутчэй, патрэбна рэфлексія, аналіз, роздум над практыкай Касцёла ў сферы выхавання. Таму я лічу, што не так патрэбныя змены, як прафесійны, людскі падыход да сваіх абавязкаў і праў усіх, хто складае супольнасць гродзенскай семінарыі.

    - Ці плануюцца змены ў працы над фармацыяй алюмнаў?
    - У пэўнай меры на гэтае пытанне я ўжо адказаў. Змены, змены, а калі працаваць? Але паспрабуем. Слова “выхаванне” перастала быць модным, а тымі, хто выхоўвае, перастаюць ужо быць толькі бацькі і кіраўнікі, але і тэлебачанне, камп’ютарныя гульні і інтэрнэт. Малады чалавек шукае звароту да Бога, патрабуе духоўнасці, але ўсё часцей абыякава ставіцца да патрабаванняў касцёльнай дысцыпліны. З цяжкімі справамі ён ідзе да сябра, і гэта ён становіцца “аракулам” асабістых спраў. Я лічу, што абавязкова трэба яшчэ больш падкрэсліваць асабістае, індывідуальнае вымярэнне выхавання. Семінарыя павінна быць месцам, дзе алюмн не толькі здабывае веды, але перш за ўсё рэалізуе сябе як асоба. Пра гэта ў 2010 годзе, наведваючы нашу семінарыю, сказаў прэфект Ватыканскай Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кард. Зянон Грахалеўскі. Такім чынам, патрэбна культура дыялогу, якая заключаецца ва ўважлівым слуханні. Мы павінны разумець, што мы гаворым і як мы гаворым. З аднаго боку – вядзенне дыялогу, з другога ж – улада над выхаванцамі. Важнай з’яўляецца дысцыпліна, каб умець стрымліваць і абуджаць свае рэакцыі.
    Выказваючы словы падзякі рэдакцыі “Слова Жыцця” за ўдзяленне ўвагі праблематыцы выхавання і нашай семінарыі, я хачу падзякаваць усім Людзям добрай волі за малітву і фінансавую падтрымку. Мы запэўніваем Вас, дарагія, у нашай малітоўнай памяці. Да Вас, маладыя Сябры, я скіроўваю ўжо вядомае: “Адважней, не бойцеся адказаць «так» на заклік Хрыста”.

    - Вялікі дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.