ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Знайсці Божы праект для сябе

Слова рэдактара

Калі ты хочаш распазнаць сваё пакліканне, сваё месца ў жыцці, хочаш знайсці Божы праект жыцця для сябе, пастарайся спачатку распазнаць Езуса, знайсці Яго, сустрэцца з Ім.
   У сённяшняй літургіі “нядзелі пакліканняў” дамінуе фрагмент Евангелля аб Добрым Пастыры, якое Езус прамаўляе да кожнага з нас. Напэўна, усе мы добра ведаем гэтую прыпавесць і неаднаразова складалі гісторыю пра Добрага Пастыра. Езус прадставіў сваю місію, параўноўваючы Сябе з добрым пастырам. Аднак, ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць штосьці пра абавязкі, аб якіх кожны з нас павінен памятаць і выконваць. Так, як авечкі павінны ведаць свайго пастыра, так і кожны з нас павінен пазнаць Езуса. Гэта мы павінны распазнаваць голас Добрага Пастыра і ахвотна спяшацца за Ім. Гэта нялёгкая задача ў сённяшні час. Пазнанне Хрыста, які можа даць нам нашае месца ў жыцці, зробіць шчаслівым кожнага з нас. Бо мы ж вельмі часта чуем: “Я хачу быць на сваім месцы, хачу распазнаць сваё пакліканне”. Калі ты хочаш распазнаць сваё пакліканне, сваё месца ў жыцці, хочаш знайсці Божы праект жыцця для сябе, пастарайся спачатку распазнаць Езуса, знайсці Яго, сустрэцца з Ім. Не ўцякай ад Яго голасу, позірку. Той, хто не слухае словы Добрага Пастыра, падобны да чалавека, які ўвесь час ходзіць у цемры і мае надзею, што калісьці ўбачыць святло.
Аднак, гэтае хаджэнне займае ўсё яго жыццё, і на схілку гадоў ужо можа быць запозна на шчасце. Добры Пастыр прыгадвае кожнаму з нас, што нам неабходна навяртанне, якое асвячае нашыя жыццёвыя лабірынты. Навяртанне дапамагае нам распазнаць нашае пакліканне, асвячае кожны момант нашага жыцця. Мы не анёлы, мы толькі людзі.
    Сёння трэба ўжо перастаць не звяртаць увагі на свае памылкі, не варта таксама параўноўваць сябе да тых, хто горшы за нас. Трэба перастаць думаць, што мы не можам змяніцца. Кожнага з нас Хрыстос з радасцю бярэ на свае рукі (пар.: Мц 15, 24), а мы, слухаючы голас Пастыра, ідзём у неба. Сапраўды чуе голас Пастыра той, хто пераймае Езуса і ўсё мацней любіць. Чалавек, які ідзе за Хрыстом, ніколі не будзе расчараваны і ў роспачы. Нават з нашымі грахамі і слабасцямі Хрыстос нас вывядзе. Пайсці за Хрыстом – гэта значыць заўсёды з Ім быць. Добры Пастыр заклікае кожнага з нас да канкрэтнага шляху, на якім мы будзем развівацца, расці і здзяйсняць сваё хрысціянскае пакліканне. Бог першы палюбіў чалавека і ад кожнага з нас чакае адказу. Ён заўсёды з намі, з нашым народам.
    У сённяшнюю нядзелю Добрага Пастыра молімся пра пакліканні. У вельмі простых людскіх малітоўных закліках да Бога мы павінны перш за ўсё прасіць за нашыя сем’і, якія павінны быць моцныя і добрыя. Сем’і, якія цяпер перажываюць крызіс. Таму што сям’я з’яўляецца тым месцам, дзе малады чалавек распазнае сваё пакліканне. Прыклад бацькоў, якія моляцца, з’яўляецца найлепшым і найпрыгажэйшым урокам рэлігіі.
    Мы з’яўляемся Касцёлам. Мы – адна сям’я. Гэта праўда! Кожны з нас вельмі важны. Гэта таксама праўда. Аднак, кожнаму з нас трэба заняць адпаведнае сабе месца, падрыхтаванае Добрым Пастырам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.