ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Убачыць і паверыць

Слова рэдактара

«Я хачу жыць нармальна, хачу, каб маё жыццё было святым, прагну змяніць яго да лепшага».
   Жыццё кожнага з нас знаходзіцца ў Божых руках. Але на самай справе мала хто з нас памятае пра гэта кожны дзень свайго жыццёвага вандравання. У тыя моманты, калі мы яўна адчуваем Божую дапамогу (нп. выратаванне камусьці жыцця ці ўбачаны ўласнымі вачыма цуд), мы яшчэ больш усведамляем, што Бог ёсць, што Ён любіць нас. Мы падобны да аднаго з дванаццаці вучняў, імя якога св. Тамаш, які паверыў, таму што ўбачыў. Нягледзячы на тое, што людзей, якія жывуць на беларускай зямлі, часта называюць даверлівымі, мне здаецца, што большасць верыць толькі ў тое, да чаго можна дакрануцца, што можна ўбачыць ці пачуць. У выніку большай механізацыі, развіцця электронікі, якая дамінуе ў нашым жыцці, мы згубілі ці губляем кантакт з духоўнай сферай, якая з’яўляецца нашай неад’емнай часткай.
    “Убачыць” Бога і паверыць – падобнае перажыў і я падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю. Наша група з Гродна была асаблівая: 12 святароў, якія яе суправаджалі, і вельмі мілая і прыемная атмасфера ў групе. Для многіх з нас гэта была першая сустрэча са Святой Зямлёй. Духоўнае падарожжа, якое трывала 7 дзён, было накіравана на аднаўленне веры і знаёмства з зямлёй Езуса Хрыста. Месцы, пра якія мы неаднаразова чулі, сёння знаходзіліся на адлегласці выцягнутай рукі. Падзеі Старога і Новага Запавету былі нам вельмі блізкія.
У пілігрымку мы вырушылі з духоўным настроем і малітоўным запалам. Мы хацелі ўбачыць як мага больш. Але ўжо ў першыя дні нашай пілігрымкі амаль усё змянілася. Цікаўнасць і прыгожыя відарысы зніклі, а на першае месца стала вера, таму што многія з нас “паверылі”. У гэтыя дні я вельмі часта чуў ад людзей: “Я хачу жыць нармальна, хачу, каб маё жыццё было святым, прагну змяніць яго да лепшага”. Наведваючы Бэтлеем, Ерузалем, Галілею, гару Перамянення і Бласлаўленняў, а таксама шмат іншых святых месцаў, мы паверылі. Базіліка ў Бэтлееме з’яўляецца адным з нешматлікіх месцаў, якое не было поўнасцю знішчана падчас шматлікіх войнаў і нападаў. Спыненне ў тых месцах падчас Крыжовага шляху, якім ішоў сам Пан Езус, было для нас неапісальным духоўным перажываннем. І ўрэшце гэты найважнейшы момант уваходу ў базіліку Панскага Гробу. Прасторная святыня на трох узроўнях. Каля самага ўваходу знаходзіцца камень намашчэння, дзе было намашчана цела Езуса перад тым, як Яго паклалі ў магілу. У цэнтральнай частцы базілікі знаходзіцца малая каплічка. Гэта менавіта тут павінна была быць магіла Езуса. Ніжэй, куды вядзе крутая шматступенная лесвіца, знаходзяцца шматлікія каплічкі, прысвечаныя біблійным постацям. Вельмі важным месцам таксама з’яўляецца верхняя галерэя, дзе – згодна з традыцыяй – павінна была знаходзіцца Галгота, на якой адбылося ўкрыжаванне. Захапляльная панарама Старога Горада з Аліўнай гары, сад у Гетсеманіі, Кана Галілейская, дзе Езус учыніў першы цуд, даліна Ярдан, Мёртвае мора і Назарэт, дзе Езус правёў дзяцінства, – усё гэта садзейнічала таму, што мы адчулі духоўную атмасферу ў кожным з гэтых месцаў. Мы разумелі, што вяртаемся на землі нараджэння нашай веры. Стаім каля вытокаў. Супольная малітва і штодзённая Эўхарыстыя стваралі ўсё мацнейшы фундамент нашага жыцця.
    Давайце яшчэ раз вернемся да сустрэчы Езуса з Тамашам. “«Ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчаслівыя тыя, якія не бачылі Мяне, а паверылі». Многа яшчэ іншых знакаў, якія не запісаны ў гэтай кнізе, учыніў Езус у прысутнасці вучняў сваіх. Гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго” (Ян 20, 29-31). Прымаючы ўдзел у маёвых набажэнствах, перажываючы радасныя хвіліны Першай святой Камуніі нашых дзяцей, узмацняючы сваю веру ў бежмаванні і ў сваім штодзённым рэлігійным жыцці, трэба паверыць, каб дазволіць Хрысту зрабіць нас шчаслівымі, бо гэта ж той самы Езус, які хадзіў ад Бэтлеема да Назарэта, а сёння ад Гродна да Мінска і далей.
    Я не збіраўся пісаць аб прыгожых турыстычных мясцінах, але кожнаму з Вас, дарагія Чытачы, я паспрабаваў у гэтых некалькіх думках перадаць рэлігійныя перажыванні, звязаныя з наведваннем месцаў, вядомых нам з Евангелля. Не захапляльнасць відарысаў, а наша вера робіць нас шчаслівымі. Ці гэта цудоўны старажытны касцёл, ці сучасная святыня з прыгожымі вітражамі, стары крыж ці залаты крыжык на нашай шыі – мы з’яўляемся сведкамі ўваскрасення Езуса, які вядзе нас у неба. Няхай вера кожнага з нас будзе моцная і жывая на кожны дзень нашага вандравання.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.