ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Усе веры, акрамя Бога, існуюць толькі да пэўнага часу

На шляху да святасці

Кс. Максім Бачарнікаў SCJПрацягваючы нашыя разва­жанні ў Год веры над Божым дарам, якім з’яўляецца сама вера, давайце зноў у думках накіруемся ў Рым, дзе папа Бенедыкт XVI у чарговых катэхезах па серадах дае нам пэўныя падказкі, як развіваць веру і дзяліцца ёй.
    Многія людзі сёння заўва­жаюць, што яны яшчэ не падрыхтаваныя ці яшчэ не даспелі да веры ў Бога. Але праўда тое, што вера ў Бога не з’яўляецца нашым набыткам праз інтэлектуальныя намаганні або багаты жыццёвы вопыт, яна не з’яўляецца нашай заслугай, яна – дар ад Бога, які ўручаецца нам ужо ў момант сакраманту святога хросту. Бог хоча, каб мы клапаціліся пра гэты дар і не згубілі яго. Паводле Папы, вера сёння падвяргаецца шматлікім цяж­касцям, у выніку чаго людзі часта пакі­даюць яе, адкідваюць ці становяцца да яе абыякавымі. Яшчэ не так даўно ў хрысціянскай Еўропе быць веруючым лічылася нармальным, а той, хто не верыць, павінен быў абгрунтаваць сваё нявер’е. Цяпер усё наадварот: вернік павінен быць здольны да таго, каб абараніць свае рэлігійныя каштоўнасці ў свеце, што зноў становіцца язычніцкім.
Многія хрысціяне, якія лічаць сябе веруючымі, здавальняюцца, на жаль, толькі дэкларацыяй сваёй веры, не жадаючы змірыцца з яе наступствамі ў асабістым жыцці. Яны не абвяргаюць існавання Бога, але і не жывуць паводле Яго запаведзей. Такую паставу Папа называе практычным атэізмам, які вядзе да рэлігійнай абыякавасці. ХХ стагоддзе было выдатным прыкладам таго, да якіх маральных і духоўных спусташэнняў у цэлых грамадствах і шматмільённых чалавечых ахвяр можа прывесці чалавек, калі ён паставіць сябе на месца Бога. Камунізм, фашызм – усё гэта твор няверуючага чалавека.
    Калісьці выдатнага паэта ксяндза Яна Твардоўскага спыталі, ці можна жыць без веры. Ён адказаў: “Чалавек без веры быў бы вельмі няшчасны. Таму ён заўсёды стараецца ў нешта верыць. Так у яго жыцці з’яўляюцца розныя тыпы веры: у грошы, у кар’еру, у самога сябе. Але ж кар’ера рассыпаецца, сам чалавек старэе. Калі ён бачыць, што на самой справе ён нішто, што жыццё заканчваецца хваробай і смерцю, перастае верыць у самога сябе. Усе веры, акрамя Бога, існуюць толькі да пэўнага часу. А вера ў Бога як адзіная сярод усіх гэтых вер можа застацца назаўсёды. Я думаю, што без веры нельга жыць”.
    Многія сёння маюць абмежаванае паняцце, што такое хрысціянства, кажа Папа, яны лічаць яго прытрымліваннем пэўных правіл і сістэмы каштоўнасцей. У той час хрыс­ціянства з’яўляецца маёй асабістай сустрэчай з Езусам Хрыстом, які мяне любіць і мае для мяне найлепшы рэцэпт шчаслівага жыцця.
    Вера не з’яўляецца адмаў­леннем розуму і не патрабуе спынення мыслення. Наадварот: яна дапамагае яму і накіроўвае. Мы бачым, што вера ў нашым жыцці рацыянальная, г.зн. яна абгрунтавана розумам. (Колькі людзей сёння памылкова лічаць інакш?) “Бог сваёй ласкай асвятляе розум, адкрывае яму новыя бязмерныя і бясконцыя гарызонты. Таму вера заўсёды з’яўляецца штуршком для пошукаў, да неспакою ў невычэрпным адкрыванні праўды і рэчаіснасці. Няправільным з’яўляецца папярэджанне некаторых сучасных мысліцеляў, паводле якіх чалавечы розум блакіруецца дагматамі веры”, – гаварыў Папа ў чарговай катэхезе аб веры.
    Залежнасць веры ад навукі відавочная, падкрэслівае Бенедыкт XVI. “Наколькі навука з’яўляецца для веры цэнным саюзнікам, каб зразумець Божы план адносна сусвету, настолькі вера дазваляе навуковаму прагрэсу заўсёды здзяйсняцца для дабра і для праўды аб чалавеку, застаючыся такім чынам верным Божаму плану”.
    “Кажа неразумны ў сэрцы сваім: Бога няма... Бог паглядае з нябёс на сыноў чалавечых, глядзіць, ці ёсць сярод іх разумны, які б шукаў Яго” (Псалом 52). Аказваецца, што Бог не спяшаецца пакараць нас за наша нявер’е, а цярпліва шукае, хто настолькі мудры, каб шукаць Яго ў сваім жыцці.
    Дарагія Чытачы. На гэтым чарговым этапе нашага жыцця жадаю Вам і сабе выкарыстаць гэты перыяд унутранага прыбірання правільна: пакінуць час, каб больш маліцца, правесці асабісты рахунак сумлення, пытаючы сябе асабліва аб веры і яе выніках у сваім жыцці: ці не адмоўлю тым, хто шукае прытулку, ці Езус, які прыходзіць да мяне, знойдзе для сябе годнае месца?
   
Вершы кс. Яна Твардоўскага. пераклад з польскай мовы дануты Бічэль і Крыстыны Лялько

   Веру ў беспрычынную радасць калі проста весела
    у анёла што з неба зваліўся пакачацца ў снезе
    у сэрца што хоча ўсяго і яшчэ чаго-небудзь ва ўсмешку
    што нехта прыдумаў сабе канец свету
    і яшчэ кажа што будзе потым і навошта ўсё гэта
    у маці якая знікла за варотамі ў садзе
    у праўдзівага Бога без доказаў і дазнанняў
    які не любіць пра сябе разважанняў
   Дзякуй Табе проста за тое што Ты ёсць
    Дзякуй Табе проста за тое што Ты ёсць

    за тое што не месцішся ў нашых занадта лагічных галовах
    за тое што нельга ахапіць Цябе сэрцам нервовым
    за тое што Ты такі блізкі й далёкі і ва ўсім інакшы
    за тое што Ты ўжо знойдзены і яшчэ не знойдзены
    што ўцякаем мы ад Цябе да Цябе
    за тое што не робім нічога для Цябе
    а толькі дзякуючы Табе
    за тое што ўсё чаго зразумець не можам
    ніколі не бывае падманам
    за тое што маўчыш. Толькі мы – начытаныя прафаны мелем языкамі

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.