ГРОДНА
Субота,
26 красавіка 2025 года |
Выклікаць спакусу на дуэль

Паважаныя Чытачы, сёння ў рубрыцы “На скрыжаванні” я прапаную Вам засяродзіць увагу на місіі моладзі ў сучасным свеце, барацьбе са спакусамі і адчуванні моманту. Будзем слухаць музыку анёлаў і разважаць над надзённымі пытаннямі. А яшчэ, чытаць цікавыя цытаты Яна Паўла ІІ. Магчыма, нейкія выказванні дапамогуць Вам ва ўнутраным і знешнім пошуку. Спадзяюся на гэта.
З Богам! †
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Дык вось, наследуйце Богу, як умілаваныя дзеці, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу” (Эф 5, 1-2а).
Крыжык на шыі ў большасці з нас – яшчэ не знак любові да Хрыста. Яна вызнаецца ва ўчынках, ахвяры, адносінах да бліжняга. Калі чалавек становіцца падобным да Хрыста, тады можна казаць аб любові, якая пануе ў яго сэрцы.
МЭТА МЕСЯЦА: адважыцца на “цяпер”
У жыцці столькі хочацца паспець! Але ніхто не ведае аб тым, колькі кожнаму адлічана часу. А яго не стае з кожнай хвілінай. За чытаннем рубрыкі Ваш час стане карацейшым яшчэ на некалькі хвілін. Але, галоўнае, Вы задумаецеся, які ж ён хуткаплынны. І, магчыма, гэта падштурхне Вас да нейкіх дзеянняў. Таму не варта адкладваць усё на “невядома калі”, варта адважыцца на “цяпер” – гарантыя пачатку. За жаданнем пойдзе і праца, а за ёю – вынік. Поспехаў!
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ў Бразіліі, заклікаў усіх маладых хрысціян стаць вучнямі і місіянерамі Евангелля
Неба разлічвае на маладых сэрцам і душою людзей. У ліпені молімся аб тым, каб кожны малады чалавек адважна нёс Добрую Навіну ў свет і сведчыў аб ёй сваім жыццём.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: спакуса
Што гэта за спакуса такая? Ніхто яе не бачыў, але кожны, вядома, з ёю сутыкаўся. Часам яна кіруе розумам, часам яго пазбаўляе. Чаму мы бываем слабейшымі за спакусу і як з ёю змагацца? Давайце паразважаем у ліпені над гэтымі пытаннямі.
Вось цікава, якой Вам уяўляецца спакуса? Можа, павуцінай? Наўрад. Яна надзявае маску прыгожага, смачнага, нечага неверагоднага! А калі баль заканчваецца, чалавек можа адчуць згрызоты сумлення, расчараванне і незадаволенасць. Але добра, калі сумленне не страчана і ёсць надзея на навяртанне, далейшае змаганне. Страшна павінна быць тады, калі спакуса пасялілася ўнутры і адмовіць ёй становіцца ўсё цяжэй.
СПРАВА МЕСЯЦА: выклікаць спакусу на дуэль
Тое, што спатрэбіцца ў жыцці не раз, не сумнявайцеся.
Калі спакуса пастукалася ў Вашыя дзверы, не пужайцеся. Галоўнае, заставацца спакойнымі. Важна разумець, што Вы хочаце ёй адмовіць. Калі не – намаганняў прыйдзецца прыкласці ўдвая болей.
Адзін з варыянтаў барацьбы – стварыць “эфект нечаканасці”. Напрыклад, зрабіць усё наадварот. Здзіўленне ад сваіх дзеянняў яшчэ доўга будзе займаць Вашыя думкі, таму спакуса “прайграла”. Альбо яшчэ варыянт: прапанаваць сабе альтэрнатыву, падобную да спакусы, але якая не пашкодзіць целу і душы. А яшчэ можна проста сябе парадаваць любым спосабам. Бо галоўная мэта спакусы – задаволіць (нібы) чалавека. Памятайце аб упэўненасці ў сабе і халодным розуме.

Юзаф Каласанс нарадзіўся 31 ліпеня 1557 г. у Іспаніі. Быў самым малодшым з пяці дзяцей. Вучыўся ў Лерыдзе, Алькале, Валенсіі. У 1538 г. атрымаў сан святара, у 1592 г. – званне доктара багаслоўя. У тым жа годзе адправіўся ў Рым. Падчас эпідэміі чумы дапамагаў хворым.
У 1597 г. адкрыў у Рыме пры царкве святой Дароты першую ў Еўропе бясплатную агульнаадукацыйную школу. Праз некалькі год пры школе было створана брацтва, якое ў 1602 г. зацвердзіў папа Клімент VIII. У 1617 г. брацтва атрымала статус манаскай кангрэгацыі, у 1621 г. – манаскага ордэна піяраў. З гісторыі існавання ордэна вядома, што на некаторы час ён быў распушчаны. І толькі ў 1669 г. ён аднавіў сваю дзейнасць.
9 гадоў ім кіраваў Юзаф Каласанс. Ён увёў праграму навучання, увёў канцэпцыю падзелу на класы, адмяніў цялесныя пакаранні ў школах. Звяртаў увагу на значнасць прафесійнага ўзроўню настаўніка, у руках якога не толькі разумовае, але і маральнае выхаванне вучняў. Ён таксама стварыў канстытуцыю ордэна піяраў і дзіцячы катэхізіс.
Памёр 25 жніўня 1648 г. У 1748 г. быў беатыфікаваны папам Бенедыктам XIV. У 1767 г. папа Клімент XIII кананізаваў яго, а ў 1948 г. папа Пій XII аб’явіў Юзафа Каласанса заступнікам хрысціянскіх школ і хрысціянскай адукацыі.
Да якіх святых маліцца ў ліпені?
Святы апостал Тамаш (3 ліпеня),
святая Брыгіда (23 ліпеня),
святы апостал Якуб (25 ліпеня),
святыя Яўхім і Ганна,
бацькі НМП (26 ліпеня),
святая Марта (29 ліпеня).
ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Сімфонія №6. Музыка анёлаў”, В. А. Моцарт
Сёння прапаную класічную музыку. Упэўнена, што Моцарта Вы чулі неаднаразова і “Музыку анёлаў” – таксама. Можа, Вы проста не здагадваліся, што створана яна стагоддзі назад. Прыемная, чароўная мелодыя. Няма слоў

Цытатнік Яна Паўла ІІ падзелены па тэмам на раздзелы. Сярод іх – “Праўда, свабода, мудрасць і навука”, “Зло, цярпенне, хвароба”, “Творчасць, прыгажосць, мастацтва”. Найболей цікавы, мабыць, і актуальны для нас з Вамі – гэта раздзел “Моладзь і яе адукацыя”. Былы Папа разважае аб уроках маладосці, моцы сэрцаў маладога пакалення, яго надзённым выбары. Ян Павел ІІ кажа аб тым, што хвалюе і хвалявала моладзь заўсёды: навошта вучыцца, як не згубіць сябе ў сучасным свеце, дзе шукаць адказы на хвалюючыя пытанні. Папа бачыць у моладзі “патэнцыял дабра і творчых магчымасцей”. “Моладзь шукае не толькі сэнс жыцця, – кажа Ян Павел II, – яна шукае канкрэтны праект, адпаведна якому пачне будаваць сваё жыццё. І гэта найбольш важная рыса маладосці”.
Заахвочваю Вас да знаёмства з такім зразумелым, блізкім і цікавым словам ад Яна Паўла ІІ.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 250 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.