ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сетка граху. Уводзіны

Сетка граху

Вольга Пінкевіч,  аўтар рубрыкіРозум ніколі не лічыўся недахопам, але ў адзінстве з адсутнасцю любові ён нараджае самага першага злачынцу свету – самога д’ябла.
    Нас заўсёды вучылі, што д’ябал – стварэнне разумнае і хітрае. Ён сочыць за кожным нашым крокам, бачыць кожную нашу памылку, ведае кожнае наша слабое месца, кожны недахоп. Мы – яго любімая гульня, а нашыя душы – самы пажаданы выйгрыш. Быццам драпежны павук, д’ябал умела расстаўляе сетку, у якую мы лёгка трапляем. І здаёмся. Бо лічым, што з яе немагчыма вызваліцца.
    Д’ябальскае павуцінне – гэта грахі. Грахі і спакусы. Кожны вузялок гэтай чортавай сеткі – новы грэх, які трымае нас усё мацней. І дастаткова зачапіць хоць краем сэрца нават вузялок з гэтай павуціны, як д’ябал-павук пачынае старанна аплятаць і нашыя думкі, і нашыя сэрцы, і ўсё нашае жыццё.
Але мы ўбачылі збаўленне. Езус даў нам шанец вырвацца з павуціння граху. Не, не так. Хрыстос ВЫКУПІЎ гэты шанец для нас. І цаной стала Яго жыццё. Мы сваім грахом заслужылі смерць, а Ён, вольны і бязгрэшны, выкупіў чалавецтва ў найбессаромнейшага гандляра. Пасля гэтага кожны атрымаў шанс жыцця. Справа засталася за дробяззю: ці захочам мы прыняць гэты дар? І калі прымем, то як яго захаваць?
    Д’яблу, канешне, спаўна было заплачана за грэшнае чалавецтва, але ці ж аддасць ён так лёгка сваю любімую забаўку? Вось і гуляе ў павука-пачвару, а кошт гэтай гульні – чалавечыя душы. І адзіны паратунак, які можа нас вырваць з павуціння граху, – гэта споведзь.
    Чаму грахі падобныя на павуцінне? Уявіце, што кожны новы грэх – гэта вузялок, злучаны з другім, трэцім... А гэтыя – са шматлікімі суседнімі. УСЕ ГРАХІ ЗВЯЗАНЫ ПАМІЖ САБОЮ! Яны не асобныя! І дзейнічаць яны могуць толькі Ў СУВЯЗІ З ІНШЫМІ!
    Успомніце, якія словы мы кажам на споведзі: “Больш грахоў не памятаю, за ўсе сардэчна каюся і пастанаўляю выправіцца, а асабліва з граху...” Нездарма ж на споведзі, адной з галоўных умоў якой з’яўляецца агульнае пастанаўленне выправіцца, мы таксама выбіраем адзін грэх, на змаганне з якім абяцаем звяртаць найбольшую ўвагу.
    Як вы лічыце, ці можна сустрэць чалавека з толькі адным грахом? Адным-адзіным? Толькі лянівага ці толькі зайздроснага? Мне падаецца, што не. Бо кожны, нават самы нявінны на першы погляд грэх, цягне за сабою іншыя. Спачатку цапляецца за нас, потым падхоплівае “суседа”, і так мы нябачна ўплятаемся ў чортава павуцінне.
    Шлях да Нябеснага Валадарства – гэта бесперапынная праца над сабой на працягу ўсяго зямнога жыцця. Канешне, каб не Божае прабачэнне і любоў, то ніякая праца над сабой не дапамагла б нам стаць святымі. Але ўсё ж, мы можам.
    Вырываючы з д’ябаль­скага павуціння па аднаму граху і ўсім сэрцам імкнучыся да яго не вяртацца, мы так знішчаем сетку, у якую некалі трапіла ўсё чалавецтва і асабіста кожны з нас. Так, крок за крокам, мы можам пракласці шлях да Свабоды.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.