ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Да ксяндза, як да ўрача

Слова рэдактара

  Большасць пасля прачытання загалоўка майго чарговага разважання падумала, напэўна, што я буду пісаць пра лячэнне: урачом – цела, а ксяндзом – душы. Я не буду спрачацца з тым, што гэта вельмі важная тэма, але, да здзіўлення большасці, у гэтым простым загалоўку ёсць некалькі іншых вельмі важных жыццёвых пытанняў. Дык давайце паспрабуем вылечыць душу і цела трохі “іншым” спосабам.
    Не ўсе, але большасць не любіць хадзіць да ўрачоў. Калі чалавек захварэе, ён спачатку спрабуе лячыцца самастойна, а калі гэта не атрымліваецца або стан здароўя становіцца ўсё больш сур’ёзны, чалавек, урэшце-рэшт, неахвотна накіроўваецца за дапамогай да ўрача. Гэта ў большай ступені датычыцца мужчын. Неяк дзіўна ўсё выглядае: урач ратуе нам жыццё, а мы не вельмі хочам да яго ісці. Падобным чынам адбываецца і з візітам да ксяндза, які ратуе нам жыццё і душу: або мы жывём у граху і не вельмі спяшаемся выправіцца, адкладваючы споведзь на потым, думаючы, што яшчэ прыйдзе той час, або мы проста баімся змен у жыцці і не хочам чуць, што ксёндз нам скажа на гэтую тэму. І зноў жа, найбольш гэтага баяцца мужчыны. Так у некалькіх сказах можна апісаць страх перад людзьмі, якія ратуюць нашае жыццё. Ці спрабавалі Вы задумацца над гэтай тэмай? У чым прычыны такой сітуацыі?
Як бы дзіўна гэта не гучала, людзі ў Беларусі ўсё-такі баяцца святароў. Адзін з ксяндзоў доўга мне растлумачваў, што такога тыпу боязь – гэта пакора, пакора перад Богам. У некаторых выпадках я нават згаджуся з гэтым, але сёння я хачу напісаць пра іншую боязь.
    Звяртацца да ксяндза часцей за ўсё баяцца таму, што трэба пакончыць з грахом. Але гэта беспадстаўны страх. Бо гэта страх перад самім сабой, страх перад Богам, а чалавек, які ўвесь час жыве ў страху, ніколі не будзе сабой. І гэта, хіба, найважнейшы тэзіс сённяшняга разважання. Давайце будзем сабой перад Богам, перад іншым чалавекам і, нарэшце, перад самім сабой.
    Існуюць таксама і іншыя тыпы страху перад ксяндзом, напрыклад: “ксяндзы ж святыя” альбо “гэта зусім іншыя людзі, якія займаюць асаблівае палажэнне ў грамадстве”. Мы забываемся пра тое, што кожны святар – гэта такі самы чалавек, адно што выбраны Панам для служэння людзям і Богу. Так, як гэта можа быць урач, настаўнік ці чалавек іншай прафесіі. “Святар – гэта спецыяліст па сустрэчы чалавека з Богам”, – сказаў Бенедыкт XVI, а таму варта даверыць такому спецыялісту сваё жыццё, саміх сябе.
    Прыгадаю таксама і пра тое, што прычынай для страху можа быць постаць ксяндза, які бурчыць, мае дрэнны настрой, а можа, проста нешчаслівы. Некалі ў сваёй святарскай практыцы я пачуў такое выказванне маладой асобы: “Ідзі да маладога святара на споведзь, бо старэйшы ксёндз крычыць”; або часам хтосьці кажа: “Я лепш пайду ў канцылярыю, калі там будзе сядзець нехта з маладых ксяндзоў, а не наш пробашч”. У гэтых выказваннях вернікі вельмі часта маюць рацыю. Папа Францішак, гаворачы пра сакрамант паяднання, прыгадаў: “Многія католікі не спавядаюцца не толькі таму, што само прызнанне сваіх грахоў перад спаведнікам непрыемнае, але таму, што ў канфесіянале яны сустрэлі ксяндза, які іх засароміў, абразіў, недаацаніў”. Я хачу даць Вам адну параду: маліцеся за такіх ксяндзоў, каб на іх твары як мага хутчэй з’явілася ўсмешка і дабрыня. Маліцеся, каб яны былі шчаслівымі людзьмі, шчаслівымі святарамі.
    Ёсць яшчэ адна праблема. Часам трэба, каб хтосьці ў нейкай справе ўзяў ініцыятыву ў свае рукі, сурова штосьці сказаў. Ходзячы з душпастарскім візітам, часта можна сустрэць маладых людзей, якія жывуць без шлюбу і абяцаюць, што ў гэтым годзе возьмуць шлюб, але і далей, не маючы ніякіх перашкод для гэтага, не прыступаюць да сакраманту. З года ў год нічога ў жыцці чалавека не змяняецца. Што ў такой сітуацыі робіць любячы Айцец? Папа Францішак, які заклікае святароў і манаскіх сёстраў заўсёды спадарожнічаць і дапамагаць вернікам, навучае: “Найважнейшае тое, каб ісці разам, супрацоўнічаць і дапамагаць адзін аднаму, прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння, але таксама прымаць перапросіны іншых і прабачаць”. І, можа, тады не будзе страху перад ксяндзом ці іншай духоўнай асобай.
    Найважнейшае: у нашай краіне чалавек павінен змяніць свой стыль мыс­лення аб ксяндзах. Гэта варта зрабіць ужо з самага дзяцінства. Хопіць палохаць малых дзяцей ксяндзом ці, напрыклад, урачом, які прыйдзе і “забярэ цябе”. Тады маладыя людзі перастануць хавацца за калонамі пара­фіяльных касцёлаў, а зра­зумеюць, што ксёндз можа быць для іх найважнейшым сябрам. Сярэдняе і старэйшае пакаленне няхай знойдзе ў асобе святара духоўнага правадніка на шляху часам вельмі цяжкіх і важных жыц­цёвых выбараў.
    Беларусь – гэта краіна маладых святароў, краіна верных людзей, якія моляцца за сваіх душпастараў. Пера­жываючы перыяд душпас­тарскіх візітаў, давайце не будзем баяцца парадзіцца з ксяндзом, калі гэта будзе нам патрэбна, паразмаўляць і запрасіць яго ў дом. Як ксяндза, так і ўрача таксама часам трэба спытацца, як ён сябе адчувае, як у яго справы – яны ж таксама людзі. Зноў прыслухаемся да навукі папы Францішка, які звяртаецца да нас такім чынам: “Дарагія вернікі, будзьце побач з Вашымі святарамі з любоўю і малітвай, каб яны заўсёды былі пастырамі паводле сэрца Божага”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.